Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне на руках памерлі „Волат“ і „Брэст“». Аповед беларускага парамэдыка «Бровара», які ўжо паўтара года на вайне


Беларускі парамэдык «Бровар»
Беларускі парамэдык «Бровар»

«Бровар» — кіраўнік мэдычнай службы батальёну «Волат». Ён ваюе ва Ўкраіне ад сакавіка 2022 году. Ад самага пачатку «Бровар» займаўся менавіта мэдыцынай.

«Бровар» быў мэдыкам баявых груп, удзельнічаў у тым самым баі пад Лісічанскам, дзе загінуў камандзір батальёну «Волат» Іван «Брэст» Марчук і трое іншых ваяроў. «Бровар» быў адным зь нямногіх, хто выжыў у тым баі. Цяпер ён працуе на мэдычнай эвакуацыі. Ваяр пагадзіўся расказаць Свабодзе пра сябе і вайну.

УВАГА, публікацыя ўтрымлівае ўражальныя падрабязнасьці раненьняў, атрыманых добраахвотнікамі на фронце.

Беларускі парамэдык «Бровар» (зьлева)
Беларускі парамэдык «Бровар» (зьлева)

Аказваў мэдычную дапамогу пратэстоўцам у 2020-м

«У мяне дзьве вышэйшыя адукацыі — біялягічная і тэхналягічная. Працаваў па другой адукацыі апошнім часам. Быў кіраўніком невялікай вытворчасьці. Празь нейкі час з маім сябрам мы стварылі такую самую вытворчасьць у Варшаве. І я фактычна жыў між двух гарадоў», — пачынае аповед мужчына.

«Бровар» гаворыць па-беларуску, але зь вялікай колькасьцю ўкраінізмаў. Кажа, што жаданьне дапамагаць людзям узьнікла не з пачаткам вайны, яшчэ ў 2020 годзе «Бровар» выходзіў на пратэсты, найперш каб аказваць пратэстоўцам мэдычную дапамогу.

«Калі людзі ўцякалі ад сілавікоў, то маглі падломваць ногі. Зразумела ж, беглі як маглі. Было шмат гіпэртанічных крызаў у сталых людзей. Былі ўшыбы ад біцьця, парэзы ад шкла. Калі выбухалі сьвятлашумавыя гранаты, то дробныя каменьчыкі, шкло пашкоджвалі людзей. Я памятаю, калі ў маладога чалавека ўсю сьпіну пасекла такіх вось фрагмэнтамі».

Аднойчы «Бровар» нават сутыкнуўся з выпадкам эпілепсіі, калі дэманстранты ішлі ў Дразды да дому тагачаснай старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

«Пакуль я дапамагаў чалавеку, то так атрымалася, што сам апынуўся ў акружэньні міліцыі. Падымаю галаву, а вакол усё чорнае. Але не затрымлівалі. Мяне затрымалі толькі падчас інаўгурацыі Лукашэнкі, але адпусьцілі. Я нават ня ведаю чаму. Проста аўтазак аказаўся зачынены, грукалі, а там нікога не было. Павялі да другога, там адчынілі і сказалі, што такіх не бяруць (сьмяецца)».

«Бровар» кажа, што ў яго заўсёды быў з сабой быў заплечнік, куды ён клаў шмат перавязкі, дэзынфікацыйныя сродкі, прэпараты купіраваць гіпэртанічны крыз і інфаркт міякарду, таномэтар, стэтаскоп.

Мэдыцынскі камплект, які «Бровар» бярэ на заданьні
Мэдыцынскі камплект, які «Бровар» бярэ на заданьні

«Гэта мае самыя цяжкія страты»

У Беларусі «Бровар» заставаўся да самага пачатку вайны. Вядома, баяўся, аглядваўся. Чакаў, што сілавікі прыйдуць па яго, але жыў і працаваў далей.

«Як толькі вайна пачалася, то празь дзень-два я быў гатовы ехаць ва Ўкраіну. 9 сакавіка я ўжо быў у Кіеве. Уражаньні былі стракатыя. Вайна, вакол узброеныя людзі, блёк-пасты, працуе СПА, палае Буча і Ірпень, але мы спакойна навучаемся. У нас звычайны трэніровачны рытм. І гэта было вельмі дзіўна, бо за 15 кілямэтраў ад нас ідуць баі, а мы зьбіраем і разьбіраем аўтаматы, навучаемся тактыцы, мэдыцыне. Гэта быў нейкі сюр, але так жылі», — расказвае парамэдык.

Ён кажа, што матывацыя была такая самая, як у 2020 годзе — ратаваць жыцьці людзям.

Першая баявая апэрацыя для «Бровара» адразу была вельмі складанай і фізычна, і маральна. Падчас яе загінуў Павал «Волат» Суслаў — камандзір роты тады яшчэ батальёну Каліноўскага. Гэта здарылася на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцей.

«Я быў сярод тых мэдыкаў, хто аказваў „Волату“ дапамогу, змагаўся за яго жыцьцё. Ён пайшоў на баявое заданьне з групай і падарваўся на расьцяжцы, паступіла інфармацыя аб тым, што ён „цяжкі трыста“ („трыста“ на вайсковым слэнгу — паранены. — РС). Мы вельмі хутка да яго дайшлі, хвілін за дваццаць. Але ў яго былі вельмі цяжкія раненьні, такія, што несумяшчальныя з жыцьцём. Не было шанцаў уратаваць, мы два разы запускалі яго сэрца, два разы рэанімавалі. Прывезьлі ў лякарню зь яшчэ заведзеным сэрцам, але крыві ўжо не заставалася. У яго быў цяжкі ўнутраны крывацёк, была раздробленая печань».

«Бровар» успамінае, як ехалі з параненым «Волатам» у пікапе. За стырном сядзеў Іван «Брэст» Марчук.

«Я і яшчэ адзін парамэдык трымалі „Волата“, а Насьця „Север“ (Махамет. — РС) трымала нас, каб мы ня вываліліся з машыны. Я трымаў Паўлу дыханьне. Мы гналі па бездаражы, пад абстрэламі. Расейцы нас бачылі і спрабавалі накрыць, выбухі былі за 100–150 мэтраў, бо мы гналі вельмі хутка. „Волат“ памёр у мяне на руках, як і пазьней „Брэст“. Гэта мае самыя цяжкія страты за час вайны».

«Бровар» лічыць, што «Волат» быў наймацнейшым баявым камандзірам за ўвесь час існаваньня беларускага падразьдзяленьня.

Машына мэдыцынскай эвакуацыі
Машына мэдыцынскай эвакуацыі

«Куля прайшла за 30–40 сантымэтраў»

Адной з самых важных баявых апэрацый для беларускага падразьдзяленьня ва Ўкраіне быў штурм у Херсонскай вобласьці ў траўні 2022 году, калі беларусы сумесна з украінцамі занялі сяло Лазавое. Ужо вядомы факт, што многія беларускія ваяры, лічачы, што апэрацыя занадта рызыкоўная, адмовіліся ўдзельнічаць у ёй. «Бровар» быў сярод тых, хто адразу пагадзіўся ісьці ў атаку.

«Я не асуджаў тых, хто „мінусануў“. Але людзі, што не ідуць на апэрацыю, ставяць пад пагрозу тых, хто ідзе. Моцна нас аслабляюць. Сама сытуацыя была дужа паганая. Нам зьверху хтосьці дапамог, што мы выйшлі бяз страт», — расказвае парамэдык.

Сярод больш як паўсотні беларусаў, што ўдзельнічалі ў тым контранаступе, толькі некалькі чалавек атрымалі ня дужа цяжкія раненьні.

«Я быў парамэдыкам перадавога атраду, быў сярод тых, хто ішоў увогуле першым. Мы зрабілі ўсё добра, я быў задаволены працай. Дапамаглі шмат каму з украінцаў, выцягвалі іх пад снайпэрскімі абстрэламі. Мне гэта грэла душу. Там мы згубілі нашага ўкраінскага камандзіра, якога доўга шукалі ўначы. Было вельмі цяжка, знайшлі проста цудам. Дзякуй усім, хто яго шукаў. Быў моцны артылерыйскі абстрэл, я дзіўлюся, што мы яго праскочылі і нікога не накрыла. У Лазавым па мне працаваў снайпэр, крыху прамазаў, куля прайшла за 30–40 сантымэтраў».

«Фактычна ў „Атама“ не было сьпіны»

Але самай складанай для «Бровара» была апэрацыя 26 чэрвеня 2022 году, у якой пад Лісічанскам загінулі Іван «Брэст» Марчук, Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў. А Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў трапілі ў палон.

«Мы знаходзіліся вельмі глыбока ў тыле, на базе. Нас паклікаў Ваня „Брэст“, маўляў, патрэбна выяжджаць, дзьве гадзіны на зборы. Я пытаюся, ці патрэбны яму. Ён адказвае, што так. Пайшоў зьбірацца. Такі быў пачатак апэрацыі. Мы супрацоўнічалі з групай грузінаў, яна нас страхавала».

Так атрымалася, што беларуская група зайшла глыбока на пазыцыі расейцаў. Іх заўважылі, і завязалася страляніна.

"«Брэст» прыняў бой. Ён страляў з супрацьтанкавай зброі па танку, які выехаў на нас, і падчас стрэлу быў фактычна забіты, вельмі-вельмі цяжка паранены. Я дапоўз да «Атама». У яго была вялізная рана на сьпіне, дакладней, фактычна ў яго не было сьпіны. Такія раненьні ня лечацца на полі бою. Я канстатаваў, што ён фактычна «дзьвесьце» (на вайсковым слэнгу — забіты. — РС). Мы перамовіліся літаральна некалькімі словамі. «Атам» казаў, што ён, «на жаль, усё».

Беларус расказвае, што быў ад раненага «Брэста» на адлегласьці 5–10 мэтраў, але дапаўзьці не было ніякай магчымасьці.

«Я бачыў яго раненьні, там была цяжкая чэрапна-мазгавая траўма, сьцякала крывяная каша з-пад шалома. Рукі і ногі былі пераламаныя, бо ляжалі пад няправільным вуглом. Сам Іван быў без прытомнасьці. Такая траўма, што яго можна было эвакуаваць толькі на шчыце, зафіксаванага. Гэта не эвакуацыя падчас бою. Па тым, што я бачыў, адразу запісваў яго ў «двухсотыя».

З усёй групы палку Каліноўскага тады ўратаваліся толькі трое — «Бровар», ваяр, які просіць не называць свой пазыўны, і «Чэх» (гэта сапраўдны чэх, які ад самага пачатку ваюе побач зь беларусамі — РС).

«Я пачуў каманду аб эвакуацыі ад украінскага камандзіра. Гукнуў людзям, што былі побач са мной. У выніку папоўз у пасадку, адкуль мы прыйшлі. Я поўз па мяжы поля, каб мяне ня бачыў танк. Як толькі я падняўся б, то мяне б адразу расстралялі. Потым я дапоўз да „зялёнкі“, дзе то поўз, то ішоў. Мне стала вельмі кепска, я стаў калоць сябе прэпаратамі, каб мог рухацца далей. Калі аднавілася сувязь, то я далажыў сваім, што рухаюся, каб мяне выпадкова не застрэлілі як ворага. Я дапоўз да нашых і далей ужо ня помню нічога».

«Бровар» атрымаў кантузію ад таго стрэлу танку, якім забіла «Атама». Беларус кажа, што тыдзень ня мог нармальна размаўляць і каля трох тыдняў — рухацца.

«Пра „Брэста“ ўсе казалі „баявы гном“ (сьмяецца). Я часта да яго прыходзіў, бо ў Івана былі праблемы са сьпінай. Я яе разьмінаў па вечарах, то паўгадзіны, то гадзіну. Ён быў прамы, рэзкі, казаў усё ў твар, ніколі ня кідаў пабрацімаў у бядзе, пра ўсіх клапаціўся, ён быў нашым старэйшым братам, ён меў досьвед, на яго можна было пакласьціся, ён быў за нас гарой, мы адчувалі яго ахову. Мы разумелі, што нас не адправяць безь яго ведама ў нейкую мясарубку, а калі будзе мясарубка, то ён будзе стаяць побач з намі».

Парамэдык расказвае, што ў яго не было ніякіх кепскіх адчуваньняў перад той апэрацыяй. А пасьля бою доўга была апатыя, не знаходзіў стымулу рухацца далей. Але праз паўтара месяца зноў адправіўся на баявыя заданьні.

«У Бахмуце за дзень магло паступіць 200–300 чалавек»

На пачатку восені беларусы дзейнічалі на запароскім кірунку фронту. «Бровар» называе той пэрыяд больш-менш спакойным. На пачатку лістапада батальён «Волат» перанакіравалі ў Бахмут.

«Мне добра запомнілася апэрацыя з удзелам украінцаў, яны пайшлі на штурм, і нам сказалі, што вы будзеце нашымі мэдыкамі. На штурм ішла цэлая рота, а нас было толькі двое мэдыкаў-беларусаў. І мы тады за ранак прынялі дваццаць шэсьць параненых. Гэта быў самы насычаны дзень падчас вайны. Было вельмі цяжка, але справіліся, усіх эвакуавалі. Ніводзін чалавек, хто да нас паступіў, не памёр».

Беларускі ваяр пагаджаецца, што Бахмут быў сапраўдным пеклам.

«Там перамолвалася такая колькасьць людзей, што вам не апісаць. На стабілізацыйныя пункты за дзень магло паступаць па 200–300 чалавек. Можна разьдзяліць гэтую лічбу на тры і атрымаць колькасьць загінулых. І гэта ў дзень! Звычайна, натуральна, было менш, але былі і такія дні».

Для «Бровара» заўсёды цяжка стаіць пытаньне, ці аказваць дапамогу параненым расейцам, якія трапляюць у палон.

«Сумневы ёсьць заўсёды. Заўжды думаецца, што ня варта, але ў нас ёсьць абавязкі, канвэнцыі. І калі бачыш палоннага расейца, то думаеш, што ў будучыні гэта абменены наш салдат. Гэта стымулюе, каб яны заставаліся жывымі».

Парамэдык таксама ўспомніў самы складаны выпадак, зь якім яму даводзілася сутыкацца, калі чалавек застаўся жывы.

«Гэта была політраўма: быў масіраваны гемапнэўматоракс, цяжкая чэрапна-мазгавая. Калі чалавек да нас паступіў, то ў яго ўжо была стадыя дэкампэнсацыі, мы яго страчвалі. Але змаглі яго стабілізаваць, насыцілі кроў кіслародам, паднялі ціск, выраўнялі сэрцавы рытм. Мы нават не чакалі, што выцягнем. Але ён малайчына, што захацеў жыць».

Беларускія парамэдыкі за працай
Беларускія парамэдыкі за працай

«Хаджу то з аўтаматам, то зь пісталетам»

«Бровар» бярэ на заданьні зброю. Кажа, што тройчы ўжо былі выпадкі, калі яму даводзілася ўдзельнічаць у стралковым баі.

«У мяне з сабой доўгі час быў аўтамат Калашнікава, нават яшчэ ў Лісічанску хадзіў зь ім. Пазьней мне далі аўтамат „чэзэт“ (зброя чэскай вытворчасьці CZ 805 BREN. — РС). Яшчэ пазьней замянілі на бэльгійскі аўтамат FN SCAR. Цяпер хаджу на заданьні ці з SCAR-ам, ці аўстрыйскім пісталетам Glock. Мэдыку цяжка працаваць з аўтаматам, таму нашу пісталет. Калі разумею, што заданьне будзе ў зоне, дзе магчымая перастрэлка, то бяру аўтамат».

Беларус ваюе ўжо паўтара года. Кажа, што самае важнае — знаходзіць для сябе матывацыю і новыя выклікі.

«Пастаянна навучаюся, стараюся працаваць хутчэй, больш. Цяпер зрабіць мэдычную службу ўнутры батальёна „Волат“ — гэта якраз стымул».

«Бровар» расказвае, што верыць найперш у вызваленьне Ўкраіны ад акупантаў. Ён не загадвае наперад, што будзе зь Беларусьсю ў выніку гэтай вайны. Але перакананы, што бяз вольнай Украіны ня можа быць і вольнай Беларусі.

«Самае непрыемнае на вайне, калі гінуць твае пабрацімы. Значыць, адбываецца тое, што ты мог прадухіліць. А самае прыемнае — калі іх удаецца ўратаваць», — канчае свой аповед «Бровар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG