Мартын Поляк, (Martin Pollack, трансьлітарацыя паводле афіцыйнага правапісу Марцін Полак) нарадзіўся ў 1944 годзе ў аўстрыйскай глыбінцы, у гарадку Бад-Халь. Уся ягоная сям’я — апантаныя прыхільнікі ідэі нацыянал-сацыялізму, пра што Мартын Поляк досыць падрабязна расказаў у перакладзенай на беларускую мову кнізе «Затушаваныя краявіды». Ягоны бацька Герхард Баст, якога ён ніколі ня бачыў, да самай сьмерці застаўся перакананым нацыстам і эсэсаўцам. У чэрвені 1944-га быў накіраваны на Ўсходні фронт, камандаваў карнымі апэрацыямі. Пасьля вайны хаваўся ад міжнароднага правасудзьдзя, у 1947 годзе, падчас спробы ўцёкаў у Паўднёвую Амэрыку, быў забіты.
Мартын адзін знайшоў у сабе сілы пайсьці супраць плыні — і стаў ізгоем у сваёй сям’і. Астатнія яго сямейнікі і ў нашы дні заставаліся прыхільнікамі «моцнай рукі». Праз гэта пісьменьніку давялося пакінуць Аўстрыю. У 1965 годзе ён выправіўся ў Варшаву вывучаць славістыку. Дысэртацыя была прысьвечаная творчасьці Элізы Ажэшкі, у ягоным перакладзе на нямецкую мову выйшлі творы Рышарда Капусьцінскага, Анджэя Стасюка, Марыюша Вілька ды іншых.
Мартын Поляк супрацоўнічаў зь вядомымі эўрапейскімі выданьнямі, быў замежным карэспандэнтам часопіса «Шпігель», апошнія 35 гадоў быў вольным літаратарам.
Перад менскай прэзэнтацыяй ягонае кнігі «Затушаваныя краявіды» ў 2018 годзе Мартын Поляк даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.
У 2011 годзе, атрымліваючы Ляйпцыгскую прэмію за ўнёсак у эўрапейскае паразуменьне, Мартын Поляк у сваёй прамове, сярод іншага, адзначыў недастатковую цікавасьць да літаратуры Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Пасьля гэтага тры гады запар — ад 2012 да 2014-га — ён курыраваў на Ляйпцыгскім кніжным кірмашы праграму «Транзыт», прысьвечаную аўтарам з Польшчы, Украіны, Беларусі. У межах гэтай праграмы ў Нямеччыне выступалі беларускія творцы — Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Віктар Марціновіч ды іншыя.
Сярод самых вядомых кніг Мартына Поляка — «Мёртвы ў бункеры. Аповесьць пра майго бацьку», «Бацьказабойца. Справа Філіпа Халсмана», «Па Галіцыі. Пра хасыдаў, гуцулаў, палякаў і русінаў», «Імпэратар Амэрыкі. Вялікія ўцёкі з Галіцыі», «Затушаваныя краявіды».
Мартын Поляк шмат перакладаў пісьменьнікаў з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
Форум