Індыя правяла першую ў гісторыі краіны пасьпяховую аўтаматычную стыкоўку на арбіце. Кампанія SpaceX запусьціла на Месяц ракету з двума прыватнымі модулямі, а карпарацыя Blue Origin правяла першы тэставы запуск цяжкай ракеты-носьбіта «Нью Глен».
Індыя ўпершыню ажыцьцявіла аўтаматычную стыкоўку ў космасе
Індыйская арганізацыя касьмічных дасьледаваньняў 16 студзеня паведаміла пра першую ў гісторыі краіны пасьпяховую аўтаматычную стыкоўку на арбіце. Экспэрымэнтальныя спадарожнікі SDX01 і SDX02 былі выведзеныя на арбіту ракетай-носьбітам PSLV 30 сьнежня з касмадрома на востраве Шрыхарыкота ў Бэнгальскім заліве.
У рамках экспэрымэнту спадарожнікі з адрозных арбіт павінны былі сустрэцца ў космасе, правесьці аўтаматычную стыкоўку, аб’яднаць энэргасыстэмы і кіраваньне, расстыкавацца і зноў дзейнічаць паасобку.
Такія тэхналёгіі неабходныя для складаных касьмічных місіяў, у тым ліку пілятаваных. Цяпер выкананая толькі першая частка экспэрымэнту. Абʼяднаньне энэргасыстэм і разьяднаньне правядуць пазьней, гаворыцца ў паведамленьні індыйскага касьмічнага агенцтва.
Да сёньняшняга дня пасьпяховую аўтаматычную стыкоўку ў космасе ўдавалася правесьці ЗША, Савецкаму Саюзу, Расеі і Кітаю. Індыя актыўна разьвівае касьмічную праграму. У 2024 годзе краіна заняла чацьвёртае месца па колькасьці пасьпяховых касьмічных пускаў пасьля ЗША, Кітаю і Расеі.
SpaceX запусьціла на Месяц ракету з двума прыватнымі модулямі
Кампанія SpaceX запусьціла ракету-носьбіт Falcon 9 з двума месячнымі модулямі, пабудаванымі прыватнымі кампаніямі ў ЗША і Японіі. Запуск Falcon 9 са стартавай пляцоўкі Касьмічнага цэнтру імя Кэнэдзі ў Флорыдзе адбыўся ў ноч на 15 студзеня, піша DW.
Як толькі Falcon 9 дасягне арбіты Месяца, пасадачныя модулі павінны падзяліцца і правесьці незалежныя адзін ад аднаго дасьледаваньні. На борце ракеты-носьбіта знаходзяцца два апараты. Адзін зь іх, Blue Ghost, належыць амэрыканскай кампаніі Firefly. Іншы модуль, пад назвай Resilience, належыць японскай кампаніі Ispace, якая ў 2023 годзе ўжо спрабавала пасадзіць свой апарат на паверхню Месяца, але пацярпела няўдачу. Каб дасягнуць Месяца, Blue Ghost спатрэбіцца каля 45 дзён, Resilience — да пяці месяцаў.
Дасьледаваньні, дадзеныя для якіх будзе зьбіраць Blue Ghost, накіраваныя на «паглыбленьне разуменьня навакольнага асяродзьдзя Месяца і падрыхтоўку да будучых палётаў чалавека на месячную паверхню», заявілі ў Нацыянальным упраўленьні па аэранаўтыцы і дасьледаваньні касьмічнай прасторы (NASA).
Як падкрэсьлівае мэдыякампанія BBC, у выпадку посьпеху місіі гэта стане найбуйнейшай камэрцыйнай дастаўкай на Месяц на сёньняшні дзень. Першай камэрцыйнай кампаніяй, якая адправіла на Месяц пасадачны модуль у лютым 2024 году, стала амэрыканская Intuitive Machines.
Кампанія Джэфа Бэзаса ўпершыню запусьціла цяжкую ракету «Нью Глен»
Аэракасьмічная карпарацыя Blue Origin мільярдэра і заснавальніка кампаніі Amazon Джэфа Бэзаса раніцай 16 студзеня ажыцьцявіла першы тэставы запуск цяжкай ракеты-носьбіта «Нью Глен». Трансьляцыя палёту вялася на сайце Blue Origin.
Запуск быў зроблены з касмадрома на мысе Канавэрал у Флорыдзе ў 02:02 ночы па мясцовым часе (10:02 па Менску). Праз 13 хвілін пасьля старту ракета ў адпаведнасьці з плянам палёту вывела на арбіту грузавы модуль. У той жа час пасадзіць першую прыступку ракеты на плывучую плятформу ў Атлянтычным акіяне не ўдалося.
Камэнтатары адзначаюць, што гэты праект патэнцыйна можа скласьці канкурэнцыю ракетам SpaceX Ілана Маска, якія займаюць дамінуючае становішча на рынку касьмічных палётаў. Джэф Бэзас заяўляў, што гаворка не ідзе пра канкурэнтную барацьбу. Маск у сацсетцы X, якая яму ж і належыць, павіншаваў Джэфа Бэзаса з пасьпяховым запускам.
І Blue Origin, і SpaceX імкнуцца адправіць у космас вялікую колькасьць спадарожнікаў, запусьціць прыватныя касьмічныя станцыі і пачаць рэгулярныя палёты на Месяц.
Форум