Па выніках студзеня — лістапада 2024 году Беларусь была на другім месцы ў Эўразійскім эканамічным саюзе па трох зь сямі асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, па адным зь іх дзяліла другое-трэцяе месцы, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак статыстычнага агляду Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК).
Чацьвёрты месяц запар Беларусі няма ў лідэрах па ніводным з паказчыкаў. Гэта кантрастуе са становішчам Беларусі па выніках 7 месяцаў, калі яна была на першым месцы па двух паказчыках.
- Прамысловая вытворчасьць у ЭАЭС вырасла на 4,3% (тут і далей — да аналягічнага пэрыяду 2023 году): у Армэніі — на 7,6%, Беларусі — на 5,5%, Кіргізстане — на 4,8%, Расеі — на 4,3%, Казахстане — на 2,7%.
- Абарот розьнічнага гандлю ў ЭАЭС павялічыўся на 7,7%: у Кіргізстане — на 12,9%, Беларусі — на 11,8%, Казахстане — на 9,3%, Расеі — на 7,3%, Армэніі — на 3,9%.
- Вытворчасьць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў ЭАЭС за 11 месяцаў вырасла на 0,1%: у Казахстане — на 13,4%, Кіргізстане — на 6,2%, Беларусі — на 3,3%, Армэніі — на 2%; у Расеі адзначаны спад на 2,6%.
- Усе віды транспарту перавезьлі на 7,2% больш пасажыраў: у Казахстане — на 13,6%, Беларусі — на 9,2%, Расеі — на 6,5%, Кіргізстане — на 5,2%; у Армэніі — спад на 23,8%.
- Грузаабарот усімі відамі транспарту павялічыўся на 0,1%: у Кіргізстане — на 5,9%, Беларусі і Казахстане — на 1,9%, Расеі — на 0,1%; у Армэніі зьменшыўся на 2,3%.
- Аб’ём выкананых будаўнічых работ стаў большы на 3%: у Кіргізстане — на 29,8%, Казахстане — на 10,3%, Беларусі — на 8%, Армэніі — на 2,7%, Расеі — на 2%.
- У эксплюатацыю ўвялі на 2,1% больш жытла: у Армэніі — у 1,9 раза больш, Казахстане — на 8,3%, Кіргізстане — на 7,1%, Расеі — на 0,7%, Беларусі — на 0,4%.
Эўразійскі эканамічны саюз — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасьцю. Яе паўнапраўныя чальцы — Беларусь, Казахстан і Расея (з 1 студзеня 2015 году), а таксама Армэнія (з 2 студзеня 2015 году) і Кіргізстан (з 12 жніўня 2015 году).
Краіны-назіральнікі — Куба, Малдова, Узбэкістан. Пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю з ЭАЭС падпісалі Віетнам, Сэрбія і Сынгапур.
Форум