Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партрэт Лукашэнкі за 500 эўра. Калекцыянэр расказвае пра каштоўныя беларускія маркі


Андрэй Мялешка, зьбірае беларускія маркі на працягу 40 гадоў
Андрэй Мялешка, зьбірае беларускія маркі на працягу 40 гадоў

Філятэліст з 40-гадовым стажам паказаў Свабодзе сваю калекцыю і расказаў пра самыя цікавыя беларускія маркі.

Гарадзенец Андрэй Мялешка зьбірае маркі больш за 40 гадоў. Кажа, што пачаў яшчэ ў першай клясе школы, калі пайшоў у філятэлістычны гурток.

«Марка — гэта ня толькі кавалак паперы і знак паштовай аплаты. Гэта таксама сымбаль краіны, як герб і сьцяг. Сымбаль незалежнасьці», — кажа суразмоўца.

Колькі ў яго за 40 гадоў назьбіралася марак, Мялешка ня ведае. Кажа, што ў Беларусі пакінуў каля 50 альбомаў, яшчэ некалькі — у Грузіі, дзе ён пражыў тры гады. Да Польшчы, дзе Андрэй Мялешка жыве цяпер, даехала толькі невялікая частка калекцыі. У кожны альбом зьмяшчаецца па 300-500 марак, часам 1000. Усяго, мяркуе суразмоўца, ён мае некалькі дзясяткаў тысяч марак.

Выява Пагоні на марках пэрыяду Сярэдняй Літвы
Выява Пагоні на марках пэрыяду Сярэдняй Літвы

«З сабой я важу Беларусь», — кажа Андрэй пра альбомы, якія вырашыў паказаць Свабодзе. Гэта маркі, зьвязаныя з гісторыяй Беларусі, традыцыямі, беларускай эміграцыяй.

Агулам ён зьбірае маркі часоў Першай усясьветнай вайны, нямецкіх княстваў, Аўстра-Вугоршчыны, Югаславіі, а таксама маркі, зьвязаныя з роварамі. Адна з самых дарагіх марак у калекцыі Мялешкі не зьвязаная зь Беларусьсю. Яна з Баварыі, надрукаваная ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Каштуе каля тысячы эўра, кажа калекцыянэр.

Андрэй Мялешка ня ведае, у колькі можна ацаніць усю ягоную калекцыю. Тлумачыць, што знайсьці пакупнікоў цяпер стала няпроста. Гэта досыць вузкая сфэра, да таго ж зацятыя філятэлісты адыходзяць. Зарабіць на марках, паводле суразмоўцы, цяпер можна 100-200 даляраў за месяц.

У 1990-я гады, расказвае Андрэй, ён з паплечнікамі вазіў маркі паміж Масквой, Санкт-Пецярбургам і Беларусьсю. За адну паездку яны маглі зарабіць ад 1 да 5 тысяч эўра. Асобныя маркі РСФСР каштавалі тады па 50-100 эўра за штуку.

Перад эміграцыяй зь Беларусі Андрэй Мялешка быў намесьнікам старшыні Беларускага таварыства філятэлістаў. Да таго ж ён атрымаў статус экспэрта ў ацэнцы калекцый, быў сябрам міжнароднага журы філятэлістычных выставаў. Ён расказвае, што двойчы здаваў іспыты перад міжнародным журы: у Менску, а потым у Польшчы. Міжнародныя арганізацыі філятэлістаў выдаюць каталёгі, якія дапамагаюць ацэньваць маркі паводле памераў, штампаў, зубцоўкі, колеру паперы.

Маркі Асобнага атраду БНР
Маркі Асобнага атраду БНР

Шагал, Драздовіч, «Эва» і крыж Эўфрасіньні Полацкай

Маркі ў сваю калекцыю можна шукаць у некалькіх месцах, раіць калекцыянэр. Першае — на «Белпошце». Там захоўваюцца ўсе выпускі з 1992 году. Самы танны камплект каштуе 50 рублёў, самы дарагі — 2500.

Каштоўнымі выпускамі часоў незалежнай Беларусі Андрэй называе ўсе выпускі зь бел-чырвона-белым сьцягам, крыжам Эўфрасіньні Полацкай, з зімніх Алімпійскіх гульняў у Лілегамэры (Нарвэгія) у 1994 годзе, зьвязаныя зь Першым зьездам беларусаў Бацькаўшчыны ў 1993 годзе. Каштоўнасьць мае таксама марка з карцінай Марка Шагала «Над горадам», якую выдалі да 125-годзьдзя мастака. Раней, са словаў Мялешкі, гэты выпуск каштаваў каля 200 эўра. Цяпер яго ўжо няма ў продажы.

Адзін з сучасных цікавых выпускаў — з карцінай «Эва» Хаіма Суціна. На сайце «Белпошты» яна каштуе 2 рублі 40 капеек. Сёлета ў «Белпошты» таксама зьявіліся маркі з маляванымі дыванамі мастакоў Язэпа Драздовіча і Алены Кіш.

Тысяча філятэлістаў

Другое месца, дзе можна набываць маркі, гэта клюбы калекцыянэраў, раіць суразмоўца. Яны рэгулярна зьбіраюцца ў розных гарадах. Андрэй Мялешка кажа, што звычайна на такія сходы прыходзяць каля 100 чалавек. Калі ён яшчэ быў у Беларусі, таварыства філятэлістаў налічвала каля 500 чалавек. Усяго актыўных аматараў марак было каля 1000.

Трэцяе месца, дзе людзі купляюць маркі, — інтэрнэт-аўкцыёны: ay.by, Ebay, Amazon, Allegro.

Маркі зь беларускай тэматыкай, выпуск якіх ініцыяваў адзін зь беларусаў у Польшчы
Маркі зь беларускай тэматыкай, выпуск якіх ініцыяваў адзін зь беларусаў у Польшчы

Андрэй Мялешка кажа, у Польшчы таксама можна зьбіраць маркі, зьвязаныя зь Беларусьсю: прысьвечаныя Аўгустоўскаму каналу, Люблінскай і Берасьцейскай уніям, Варшаўскаму паўстаньню, арміі Андэрса, дзе ўдзельнічалі беларусы. На польскай пошце можна нават са сваёй ініцыятывы выпусьціць аркуш з маркамі ўласнага дызайну. Гэта каштуе каля 25 даляраў.

Мільённыя наклады марак БНР

Гарадзенец таксама зьбірае маркі часоў Беларускай Народнай Рэспублікі. Мялешка кажа, што яны зараз каштуюць каля 5 даляраў за штуку. Прычына ў памеры накладаў. Першы выпуск выдалі ў 1920 годзе ў Рызе (Латвія), дзе тады стаяў Атрад БНР. У ім было больш 1,2 мільёна асобнікаў, кажа Андрэй. У 1921 годзе выдалі яшчэ каля мільёна марак.

«Кастусь Езавітаў уклаў кучу грошай — і зьявіліся гэтыя паштовыя маркі», — расказвае суразмоўца.

Ёсьць фальсыфікацыі марак БНР, зробленыя ва Ўкраіне або ў той жа час, або ўжо ў 1990-я гады, дадае ён.

Маркі Асобнага атраду БНР
Маркі Асобнага атраду БНР

Больш каштоўныя маркі — часоў Слуцкага паўстаньня, якія выдалі ў 1920 годзе, тлумачыць суразмоўца. На іх напісана «Ч.Р.С.» — Часовая Рада Случчыны. Адна такая марка, паводле калекцыянэра, каштуе 200-500 эўра. У Мялешкі дзьве такія маркі. Ён мяркуе, што амаль дакладна яны арыгінальныя. На іх відаць паштовыя штампы. Адначасна зьяўляецца шмат падробак марак таго пэрыяду. Іх прадаюць недзе за 10 эўра.

«Каштоўнасьць марак таго пэрыяду ў тым, што яны прайшлі пошту. Іх адправілі з паштовай картай ці лістом, і яны заштампаваныя. Марка павінна выконваць сваю паштовую функцыю. Яна павінная быць пагашаная. Тады яна мае каштоўнасьць», — мяркуе калекцыянэр.

Ёсьць легенда, што маркі БНР ніколі не выконвалі сваёй паштовай функцыі. На іх стаіць пячатка, але не паштовая, а атраду БНР, зазначае Андрэй. Ён марыць патрымаць у руках адпраўленьні з маркамі БНР. Бачыў два такія на выставах.

«Калі мы кажам пра грошы, то гэта адзінка з чатырма-пяцьцю нулямі. Гэта значыць, яно можа каштаваць 10 тысяч эўра і болей. Бо гэта ўнікальная рэч, якой ні ў кога няма», — тлумачыць ён.

Маркі часоў Слуцкага паўстаньня з надпісам «Ч.Р.С.» — Часовая Рада Случчыны
Маркі часоў Слуцкага паўстаньня з надпісам «Ч.Р.С.» — Часовая Рада Случчыны

Такое адпраўленьне можа расказаць, што ў той гістарычны пэрыяд пэўны чалавек адправіў ліст, што гэтыя маркі хадзілі тады, што былі паштовыя зносіны паміж дзьвюма краінамі, тлумачыць адмысловец.

«Прыкладам, у пэрыяд грамадзянскай вайны цяжка сказаць, якія былі зносіны. Маркі даклейваліся. У мяне ёсьць адпраўленьне зь Віленскага краю, дзе наклееныя летувіская марка, польская, Сярэдняй Літвы і царскай Расеі на адной капэрце. Гэта значыць, што ў тым месцы ў той пэрыяд можна было наклеіць маркі любой з гэтых краінаў», — кажа калекцыянэр.

Маркі так званай Сярэдняй Літвы выпускалі ў 1921-1924 гадах у Віленскім краі. Усяго выпусьцілі 121 марку за гэты час. На іх выява Пагоні, Тадэвуша Касьцюшкі, Вострай брамы ў Вільні. Іхнюю каштоўнасьць можна параўнаць з маркамі Асобнага атраду БНР, мяркуе філятэліст.

Марка часоў так званай Сярэдняй Літвы
Марка часоў так званай Сярэдняй Літвы

Марка за паўмільёна даляраў

Найбольш каштоўнымі маркамі, зьвязанымі зь Беларусьсю, Андрэй Мялешка лічыць маркі, выдадзеныя ў эміграцыі. Прыкладам, выпуск з мапай БНР, Васілём Захаркам, выдадзены ў 1950 годзе «ці то ў ЗША, ці то ў Канадзе». Гэтыя маркі каштуюць па 15-20 эўра. Поўная сэрыя з 12 марак будзе каштаваць 500 эўра, бо ў ёй ёсьць дзьве рэдкія.

Каштоўным ён таксама называе выпуск марак у Горадні ў 1919 годзе.

«Гэта дзіўны выпуск. На іх многа ўсялякіх пячатак. Гэта той пэрыяд, калі ў Горадню пасьля расейскай улады прыйшла нямецкая, пасьля нямецкай літоўская, потым зноў нямецкая. І ўсё гэта адлюстравана на гэтых маленькіх кавалачках паперы. Тут адна пячатка, другая пячатка, нямецкая. Маркі Расейскай імпэрыі. Яны каштуюць у раёне 500 эўра кожная», — кажа суразмоўца.

Марка, на якой ёсьць надпісы па-расейску, па-польску і па-нямецку
Марка, на якой ёсьць надпісы па-расейску, па-польску і па-нямецку

Мялешка мяркуе, што каштоўнасьці марцы дадае яе прысутнасьць на адпраўленьні, канвэрце ці паштовай картцы. Тады яе кошт вырастае ў пяць, а часам у 30 разоў.

Ён расказвае, што існуюць маркі, якія каштуюць некалькі дзясяткаў тысяч даляраў. Існуе нават марка, за якую гатовыя плаціць паўмільёна даляраў. Гэта амэрыканскі значак з памылкай друку канца XIX стагодзьдзя. На ёй самалёт дагары нагамі.

«У мяне ёсьць любімая легенда, зьвязаная зь Ялцінскай канфэрэнцыяй 1943 году, калі Рузвэльту Сталін падарыў калекцыю марак. Калекцыя Рузвэльта ацэньваецца цяпер у мільярды даляраў. Тыя маркі, які Сталін падарыў Рузвэльту, цяпер каштуюць вялізных грошай. Частку марак выдалі спэцыяльна да сустрэчы», — расказвае адмысловец.

Канвэрт з партрэтам нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, выпушчаны ва Ўкраіне
Канвэрт з партрэтам нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, выпушчаны ва Ўкраіне

Андрэй бачыў у музэі Грузіі лісты, якія адпраўляў Янка Купала знаёмай грузінцы. Цяпер іх нельга купіць. Суразмоўца ня ведае, колькі яны маглі б каштаваць.

«Сто даляраў даў бы», — кажа ён пра грошы, які гатовы быў бы сам аддаць за такое адпраўленьне.

Ён бачыў у Скарынаўцы ў Лёндане лісты, якія адпраўлялі пісьменьнікі з Савецкай Беларусі сябрам у эміграцыі. Прыкладам, лісты Васіля Быкава, Ніла Гілевіча. Ліст, які пасылаў айцец БНР Васіль Захарка ў Вялікую Брытанію. Андрэй кажа, што складана ацэньваць такія лісты, бо няма рынку такіх аб’ектаў.

Маркі, прысьвечаныя Слуцкаму паўстаньню, выпушчаныя ў эміграцыі
Маркі, прысьвечаныя Слуцкаму паўстаньню, выпушчаныя ў эміграцыі

Справа за беларускія маркі ў Інтэрполе

Марка з выявай Лукашэнкі, якую выпусьцілі ў 90-х, паводле Мялешкі, некаштоўная. Аднак ёсьць выключэньні. Суразмоўца расказвае, што была памылка друку такіх марак. Іх выдалі ў іншым колеры, чым трэба, і без зубцоў. Паводле закону, такія маркі трэба зьнішчыць.

«Я так разумею, нехта выцягнуў яе з друкарні. Яна была не зялёнага, а блакітнага колеру. Інтэрпол завёў крымінальную справу за тое, што скралі марку, якая не зьяўляецца знакам паштовай аплаты. Думаю, таму, што Беларусь заявіла. Гэтыя маркі былі на міжнародных аўкцыёнах. Яны каштавалі каля 500 эўра», — успамінае суразмоўца.

Чым скончылася гэтая справа, Андрэй ня ведае. Філятэліст кажа, што ня ведае, каб кагосьці ў Беларусі каралі проста за продаж марак. З другога боку, ён мяркуе, што можна прыцягнуць да адказнасьці калекцыянэраў, якія вывозяць старыя маркі за мяжу без дазволу, бо іх можна ацаніць як культурную каштоўнасьць.

Маркі з мапай БНР і Васілём Захаркам, выпушчаныя ў эміграцыі
Маркі з мапай БНР і Васілём Захаркам, выпушчаныя ў эміграцыі

На самога Мялешку заводзілі крымінальную справу за «прапаганду фашызму» каля дзесяці гадоў таму. Ён зьбірае нямецкія маркі часоў Трэцяга Рэйху. Тады заказаў поштай аркуш, прысьвечаны піўному путчу. Яго праверылі і выявілі парушэньне заканадаўства. Андрэй кажа, што справу ўрэшце закрылі. Ён патлумачыў, што калі будзе выстаўляць гэтыя маркі, то закрые выяву свастыкі. Успамінае, што тады тры філятэлістычныя таварыствы — зь Беларусі, Польшчы і Ўкраіны — напісалі лісты, што Мялешка іхны сябра, спрабуючы абараніць яго ад турмы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG