Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга пра малавядомую трагедыю ў Магілёве ў 1942 годзе


Вокладка кнігі «Магілёўскае цунамі» Аляксея Бацюкова
Вокладка кнігі «Магілёўскае цунамі» Аляксея Бацюкова

Магілёўскі гісторык Аляксей Бацюкоў прэзэнтаваў сваю новую кнігу «Магілёўскае цунамі», прысьвечаную адной з самых страшных тэхнагенных катастроф у гісторыі Беларусі.

Трагедыя адбылася 10 красавіка 1942 году, калі прарыў дамбы на рацэ Дубравенцы выклікаў паводку ў Магілёве. Яна ўвайшла ў гісторыю як «Магілёўскае цунамі».

Аўтар кнігі Аляксей Бацюкоў у інтэрвію «Радыё Рацыя» адзначыў:

«У калектыўнай памяці магілёўцаў гэтая гісторыя была зафіксаваная, яна заставалася, шмат людзі перажывалі. І многа людзей-сьведак, і тых, якія чулі пра такія сьведчаньні. Зьдзіўляла, што ў гісторыі Магілёва гэтая трагедыя ніяк не адзначана была. У Магілёўскім абласным архіве я стаў глядзець матэрыялы гэтага пэрыяду і заўважыў, што там у вольным доступе знаходзіцца вялікі масіў дакумэнтаў. Я іх апрацаваў».

У сваёй кнізе Бацюкоў аналізуе маштабы трагедыі, грунтуючыся на гістарычных крыніцах і дакумэнтах. Ён сьцьвярджае, што ахвярамі катастрофы сталі каля 250 чалавек. Акрамя таго, у выданьні прадстаўленыя 86 унікальных фатаграфій, у тым ліку першыя кадры пасьля прарыву дамбы і каляровыя здымкі разбуранага гораду.

Кніга прадаецца ў кнігарні «Кнігаўка» выдавецтва «Янушкевіч», з дастаўкай па ўсім сьвеце.

10 красавіка 1942 году, праз абрушэньне дамбы, у Магілёве здарыўся патоп на рэчцы Дубравенцы, які ўвайшоў у гісторыю як «Магілёўскае цунамі». Ахвярамі стыхіі сталі, паводле розных ацэнак, ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек, сто пятнаццаць жылых дамоў зьнесла хвалямі і разьбіла мэтровымі крыгамі, яшчэ некалькі дзясяткаў былі пашкоджаныя, а ў шматлікіх іншых людзі захлыналіся і танулі ў сваіх пакоях, не пасьпеўшы выбрацца на двор. Усяго дваццаць хвілін доўжылася паводка, і гэта былі дваццаць хвілін перадсьмяротных крыкаў, жудаснага грукату, стогнаў, енку, плачу…

Гэтае выданьне — спроба абагульніць пад адной вокладкай усё, што вядома пра гэтую катастрофу. У кнізе ёсьць фатаздымкі з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага.

Аляксей Бацюкоў — колішні дырэктар Музэю гісторыі Магілёва, які пасьля палітычнага перасьледу вымушаны быў эміграваць зь Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG