Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн у разьвітальным выступе на пасадзе заклікаў зьмяніць Канстытуцыю ЗША: «Улада прэзыдэнта не бязьмежная»


Джо Байдэн
Джо Байдэн

20 студзеня на пасаду прэзыдэнта ЗША мае заступіць Дональд Трамп.

У Канстытуцыю ЗША неабходна ўнесьці папраўкі, каб ніводзін прэзыдэнт ня змог пазьбегнуць адказнасьці за злачынствы, зьдзейсьненыя падчас праўленьня. Пра гэта прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у сваёй разьвітальнай прамове, у якой падвёў вынікі свайго чатырохгадовага прэзыдэнцтва і паўвекавой палітычнай дзейнасьці.

«Нам трэба ўнесьці папраўкі да Канстытуцыі, каб было зразумела, што ніводзін прэзыдэнт не застрахаваны ад адказнасьці за злачынствы, якія ён або яна робіць, знаходзячыся на сваёй пасадзе. Улада прэзыдэнта не бязьмежная. Яна не абсалютная. І гэтага не павінна быць», — адзначыў Байдэн.

Таксама ён заявіў, што сёньня ў Амэрыцы фармуецца алігархія, якая «літаральна пагражае ўсёй нашай дэмакратыі».

«Улада ў ЗША канцэнтруецца ў руках вельмі нямногіх звышбагатых людзей, гэта небясьпечная тэндэнцыя», — папярэдзіў прэзыдэнт ЗША. Ён пералічыў некаторыя з дасягненьняў свайго прэзыдэнцтва, у тым ліку зьніжэньне цэнаў на рэцэптурныя лекі для пажылых людзей, прыняцьце законаў аб бясьпецы ў сфэры продажу зброі і мэдыцынскай дапамогі вэтэранам.

Байдэн таксама высока ацаніў дасягненьні ў замежнай палітыцы і ўказаў на тое, як ён «умацаваў NATO».

«За мяжой мы ўзмацнілі NATO. Украіна па-ранейшаму свабодная, і мы атрымалі посьпех у супрацьстаяньні з Кітаем», — заявіў Джо Байдэн.

Агенцтва AP адзначыла, што прэзыдэнт ЗША ўскосна прызнаў, што ня выканаў шэрагу абяцаньняў.

«На тое, каб адчуць уплыў нашых дасягненьняў, спатрэбіцца час. Але зерне пасеянае, і яно прарасьце ў наступныя дзесяцігодзьдзі», — сказаў Байдэн.

Улетку 2024 году Вярхоўны суд ЗША пастанавіў, што былы прэзыдэнт Дональд Трамп мае імунітэт ад судовага перасьледу за любыя афіцыйныя дзеяньні, якія ён распачаў падчас знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта, каб пазбегнуць паразы на перавыбарах у 2020 годзе, але ня мае імунітэту за дзеяньні неафіцыйнага характару. Пры гэтым Вярхоўны суд ЗША даў судам ніжэйшых інстанцый права вырашаць, у якіх выпадках Трамп можа быць прыцягнуты да адказнасьці.

Байдэн тады раскрытыкаваў пастанову суду, адзначыўшы, што зараз «фактычна няма ніякіх абмежаваньняў на тое, што можа зрабіць прэзыдэнт». «Адзіныя абмежаваньні будуць вызначаныя прэзыдэнтам самастойна», — сказаў ён.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году

  • За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
  • Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
  • Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
  • Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
  • Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
  • Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
  • Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
  • Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
  • У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
  • Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
  • Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
  • Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG