15 студзеня Белы дом апублікаваў заяву Джо Байдэна, у якой 46-ы прэзыдэнт ЗША падвёў вынікі сваёй працы на пасадзе кіраўніка дзяржавы.
У сваёй заяве Байдэн падкрэсьлівае, што для яго было гонарам служыць ЗША на працягу больш як паўстагодзьдзя, і пералічвае асноўныя, на яго думку, дасягненьні на пасадзе прэзыдэнта.
Заява Байдэна абнародаваная за некалькі дзён да ўступленьня на пасаду абранага прэзыдэнта Дональда Трампа, які атрымаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2024 году перамогу над кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі — Камалай Гарыс. Увечары 15 студзеня Байдэн зьвернецца да краіны з разьвітальным пасланьнем.
Таксама ў сваёй заяве Джо Байдэн прадставіў інфармацыйны бюлетэнь, у якім яго каманда ахарактарызавала найважнейшыя дасягненьні ягонай адміністрацыі, піша «Голас Амэрыкі».
Адзін з разьдзелаў дакумэнта прысьвечаны дасягненьням адміністрацыі Байдэна на міжнароднай арэне. У пэрыяд прэзыдэнцтва Байдэна ЗША актыўна падтрымлівалі Ўкраіну, якая сутыкнулася з поўнамаштабнай расейскай агрэсіяй, і згуртавалі больш за 50 краін для аказаньня падтрымкі Кіеву. У гэты пэрыяд у NATO ўступілі Фінляндыя і Швэцыя, гаворыцца ў бюлетэні. Таксама Байдэн згадаў пра завяршэньне самай працяглай вайны ў гісторыі ЗША — гаворка ідзе пра вывад войскаў з Афганістану (дзейную адміністрацыю нярэдка крытыкуюць за тое, як гэты вывад быў зроблены).
Сярод заслуг каманды Байдэна — вяртаньне на радзіму больш як 75 неправамерна затрыманых амэрыканцаў, якія знаходзіліся ў турмах за мяжой. У іх ліку — Брытні Грайнэр, Пол Уілан, Эван Гершкавіч, Дэвід Лін і іншыя.
Адмысловы разьдзел дакумэнту прысьвечаны кліматычным праблемам. Прэзыдэнт Байдэн нагадаў пра сваё абяцаньне «аднавіць лідэрства Амэрыкі ў галіне клімату ўнутры краіны і за мяжой». У якасьці канкрэтных мераў у гэтай сфэры аўтары дакладу нагадваюць пра вяртаньне Вашынгтона ў Парыскае пагадненьне па клімаце, скарачэньне выкідаў парніковых газаў, разьвіцьцё «зялёнай» энэргетыкі і «чыстых» відаў транспарту і іншыя меры.
Каманда Байдэна нагадвае пра ініцыятыву «Амэрыка выдатная», накіраваную на забесьпячэньне экалягічнай абароненасьці ня менш як 30% земляў і водаў ЗША да 2030 году.
Закранаючы сфэру бясьпекі, аўтары справаздачы адзначылі, што дзякуючы захадам, зробленым адміністрацыяй Байдэна, удалося дасягнуць амаль 50-гадовага мінімуму па колькасьці гвалтоўных злачынстваў, што ўчыняюцца ў ЗША. Узгадалі яны і скарачэньне на 60% выпадкаў незаконнага перасячэньня мяжы (палітыка дэмакратаў у міграцыйнай сфэры — адзін з найважнейшых пунктаў крытыкі з боку рэспубліканцаў, нагадвае «Голас Амэрыкі»).
Яшчэ адным пунктам згаданыя дзеяньні адміністрацыі Байдэна па барацьбе з пандэміяй COVID-19. У справаздачы, у прыватнасьці, адзначаецца прыняцьце Нацыянальнай стратэгіі рэагаваньня на COVID-19, якая ўключае ў сябе «найбуйнейшую ў гісторыі краіны праграму бясплатнай вакцынацыі».
Сярод заслуг каманды Байдэна ў эканамічнай сфэры ў дакумэнце адзначаюцца, у прыватнасьці:
- «Амэрыканскі плян выратаваньня». Гаворка пра ініцыятыву адміністрацыі Байдэна па аднаўленьні эканомікі, якая пацярпела ад пандэміі.
- Разьвіцьцё эканомікі і зьніжэньне выдаткаў, інвэстыцыі. У справаздачы гаворыцца пра зьяўленьне на рынку 16,6 мільёнаў працоўных месцаў, рост ВУП на 12,6%, «самы нізкі сярэдні ўзровень беспрацоўя за 50 гадоў», рост інвэстыцыяў і інш.
- Падтрымка працоўных. Байдэн назваў сябе «самым прыхільным да прафсаюзаў прэзыдэнтам у гісторыі»: у дакумэнце гаворыцца пра меры па захаваньні пэнсіяў, пашырэньні сацыяльных дапамогаў, падвышэньні мінімальных заробкаў для шэрагу работнікаў.
- Падатковая справядлівасьць і фіскальная адказнасьць. Каманда Байдэна падкрэсьлівае, што яна здолела зрабіць больш справядлівым падатковы кодэкс і спагнаць зь мільянэраў-даўжнікоў больш за мільярд даляраў нявыплачаных падаткаў.
- «Бум» малога бізнэсу. У дакумэнце паведамляецца пра 21 мільён новых бізнэс-заявак з 2021 году і выдзяленьне 56 млрд даляраў у выглядзе крэдытаў і інвэстыцый у малы бізнэс.
- «Зроблена ў Амэрыцы». Адзначаны шэраг захадаў дзеля падтрымкі амэрыканскай вытворчасьці.
Закранаючы пытаньне, якое набыло асаблівую актуальнасьць у студзені сёлета з прычыны пажараў у Каліфорніі, аўтары справаздачы падкрэсьліваюць, што толькі ў 2024 годзе прэзыдэнт Байдэн ухваліў рэкордны 101 запыт на фэдэральную дапамогу ад мясцовых уладаў у сувязі са стыхійнымі бедзтвамі.
Адміністрацыя Байдэна адзначае і шэраг дасягненьняў у сфэры аховы здароўя: зьмяншэньне сьмяротнасьці ад перадазаваньня наркотыкаў, эфэктыўныя меры па барацьбе з анкалягічнымі захворваньнямі і інш.
Форум