Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачанаму ў забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне. ФОТА


У Варшаве скончыўся разгляд справы аб згвалтаваньні і забойстве беларускі Лізаветы Герцэн.

У Акруговым судзе Варшавы 17 студзеня агучылі прысуд у справе 23-гадовага грамадзяніна Польшчы Дорыяна С., які напаў на беларуску Лізавету ў цэнтры польскай сталіцы летась у лютым. Мужчыну абвінавацілі ў згвалтаваньні, забойстве і разбоі.

Паседжаньні суду праходзілі за зачыненымі дзьвярыма. Вядома, што суд, сярод іншых, дапытваў экспэртаў: сэксоляга, псыхіятра і таксыколяга, а таксама сьведак, аб выступленьні якіх хадайнічала абарона абвінавачанага. Сярод іх быў бацька Дорыяна С. Яму абвінавачаны выслаў SMS з просьбай аб дапамозе адразу пасьля злачынства.

Дорыян С. у судзе
Дорыян С. у судзе

Як пісаў партал Fakt.pl, падчас перапынку ў першым судовым паседжаньні, калі паліцыянты выводзілі Дорыяна з залі суду, бацька быў у калідоры. Пэўна, пад узьдзеяньнем эмоцый ён стаў на калені перад сынам. Пасьля гэтага яго папрасілі адысьці далей ад залі суду. Разам з бацькам была бабуля Дорыяна С.

Падсудны часткова прызнаў сваю віну.

Судзьдзя: «Суд кіраваўся памяцьцю пра саму пацярпелую»

На закрытых для прэсы і гледачоў спрэчках бакоў пракуратура папрасіла для абвінавачанага пажыцьцёвае зьняволеньне і 200 тысяч злотых штрафу на карысьць кожнага пацярпелага — брата і хлопца забітай.

Падчас агучваньня выраку ў Акруговым судзе Варшавы. 17 студзеня 2025
Падчас агучваньня выраку ў Акруговым судзе Варшавы. 17 студзеня 2025

17 студзеня ў 14:15 паводле менскага часу Дорыяну С. абвясьцілі прысуд: пажыцьцёвае зьняволеньне. Судзьдзя Павел Добаш заявіў падчас агучваньня выраку:

«Суд кіраваўся памяцьцю пра саму пацярпелую. Абвінавачаны адабраў у Лізы жыцьцё. Ён зламаў яе мары, сны пра будучыню, проста зачыніў дзьверы. Ён адабраў жыцьцё і ў яе блізкіх, пакінуў толькі боль у іх сэрцах. Ніякае пакараньне не загойвае гэты боль, нават калі гэтае пакараньне будзе справядлівым. Бо гэтае пакараньне Лізу да жыцьця ня верне.

Калі абвінавачаны лічыць, што гэтае пакараньне для яго занадта строгае, ён павінен уявіць такую сытуацыю: у яго родным горадзе яго маці ці сястра ідуць па вуліцы, а за імі ідзе малады мужчына і ўчыняе тое, што абвінавачаны ўчыніў над Лізаю. І хай абвінавачаны адкажа сабе тады на пытаньне, якое пакараньне для гэтага мужчыны было б справядлівае».

Судзьдзя на працэсе Павел Добаш
Судзьдзя на працэсе Павел Добаш
Дорыян С. у калідоры ў Акруговым судзе Варшавы. 17 студзеня 2025
Дорыян С. у калідоры ў Акруговым судзе Варшавы. 17 студзеня 2025

Судзьдзя таксама сказаў, што гвалт у адносінах да жанчын укараніўся ў грамадзкую сьвядомасьць: «Існуе маўклівая згода на гэта, якая дазваляе талераваць крыўдзіцеляў і нараджае абыякавасьць».

«Гэтае пакараньне — праява асуджэньня чалавека, які сваімі паводзінамі і сваім учынкам разбурыў найважнейшыя для чалавека каштоўнасьці — свабоду і жыцьцё.

Маюць рацыю прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый, якія ўдзельнічалі ў гэтай справе, што суд, бакі, удзельнікі гэтага працэсу, СМІ і грамадзкая думка павінны найперш засяродзіцца на асобе пацярпелай, Лізаветы Герцэн.

Пра абвінавачанага, на думку суду, трэба як мага хутчэй забыць, выдаліць яго з памяці, каб зло, якое ён учыніў, ня стала забавай ці відовішчам — як пра гэта казалі прадстаўніцы грамадзкіх арганізацый — для нейкіх фільмаў, сэрыялаў, дакумэнтальных праграм.

Бо менавіта Ліза — дазволю сабе называць яе гэтым імем — перажыла боль, жах, сьмерць. Таму менавіта так я буду гаварыць пра пацярпелую, каб яна не засталася ў нашай памяці і ў гэтай справе толькі, згодна зь юрыдычнай мовай, як „аб’ект злачынства“».

Наста Падарожная, прадстаўніца фонду «Мартынка»
Наста Падарожная, прадстаўніца фонду «Мартынка»

Калі агучвалі вырак, была запоўненая ўся заля, было шмат прадстаўнікоў СМІ. На паседжаньні прысутнічае хлопец Лізаветы Даніла. Падчас агучваньня выраку Дорыян С. сядзеў апусьціўшы галаву.

Міхал Сьвентаслаўскі, Патрык Урыча, адвакаты Дорыяна С.
Міхал Сьвентаслаўскі, Патрык Урыча, адвакаты Дорыяна С.
  • Трагедыя адбылася 25 лютага 2024 году. 25-гадовую беларуску Лізавету згвалцілі на вуліцы Журавяй, у самым цэнтры Варшавы. Некалькі дзён за яе жыцьцё змагаліся лекары, але 1 сакавіка яна памерла ў рэанімацыі. Лізавету пахавалі 14 сакавіка на Паўночных могілках Варшавы.
  • Нападніка затрымалі ў дзень злачынства. У забойстве на глебе сэксуальнага гвалту і рабаваньня абвінавацілі 23-гадовага Дорыяна С. Камэра назіраньня зафіксавала, як мужчына ў балаклаве падбег да дзяўчыны ззаду, прыставіў нож да шыі і ўвапхнуў у вароты дома. Падчас затрыманьня паліцыя знайшла ў яго нож і іншыя доказы.
  • Неафіцыйна выданьне Wyborcza даведалася, што блізкія Лізаветы хацелі, каб суд над 23-гадовым палякам Дорыянам С. быў адкрыты, аднак адвакат абвінавачанага падаў хадайніцтва аб закрыцьці працэсу.
  • Абвінавачанаму пагражала ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG