У Міністэрстве абароны Беларусі раніцай 14 студзеня паведамілі аб правядзеньні штабнага трэнаваньня Аб’яднанага камандаваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) (РГВ).
Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы, штабны трэнінг зьяўляецца часткай комплексу мерапрыемстваў у падрыхтоўцы да супольных стратэгічных вучэньняў «Захад-2025», якія адбудуцца сёлета на тэрыторыі Беларусі.
У часе цяперашніх трохдзённых вучэньняў адпрацуюць ухваленьне рашэньня на выкарыстаньне РГВ для аховы ваеннай бясьпекі так званай саюзнай дзяржавы.
«З 14 да 16 студзеня на стацыянарных пунктах кіраваньня прадстаўнікі ўзброеных сіл Беларусі і Расеі адпрацуюць адзін з варыянтаў выкарыстаньня груповак войскаў (сіл) у часе супольных дзеяньняў», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Беларусі.
Што вядома пра групоўку войскаў Беларусі і Расеі
Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі пачала фармавацца на беларускай тэрыторыі ў кастрычніку 2022 году, афіцыйна — у сувязі з «абвастрэньнем на заходніх межах саюзнай дзяржавы». Гэта адбывалася на фоне разьвязанай Расеяй вайны супраць Украіны.
У чэрвені 2023 году Беларусь ратыфікавала папраўкі ў пагадненьні з Расеяй аб рэгіянальнай групоўцы войскаў, але самога дакумэнту не апублікавалі.
Дэталі фінансаваньня групоўкі і парадку яе дзейнасьці пакуль не вядомыя. У канцы траўня 2023 году ў Менск прылятаў тагачасны міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу, але яго размова зь беларускім калегам Віктарам Хрэніным была пра разьмяшчэньне ядзернай зброі ў беларускіх сховішчах. Ці закраналі пры гэтым тэму РГВ, невядома.
Раней Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што кантынгент групоўкі будзе роўны прыкладна 9 тысячам чалавек. Аднак ніякіх удакладненьняў гэтай інфармацыі і доказаў не было. Навучаньнем і падрыхтоўкай падразьдзелаў рэгіянальнай групоўкі войскаў займаюцца больш за 500 беларускіх інструктараў, заяўляў начальнік галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Ўзброеных сілаў Аляксандар Бас. РГВ трэнавалі на Обуз-Лясноўскім палігоне.
У лістападзе 2023 году Савет Міністраў Беларусі ўхваліў пяцігадовую праграму мадэрнізацыі аб’ектаў тылавога забесьпячэньня, якія будзе выкарыстоўваць рэгіянальная групоўка войскаў Расеі і Беларусі.
У сьнежні 2024 году анансавалі стварэньне трох навучальных цэнтраў для супольнай падрыхтоўкі вайскоўцаў узброеных сіл абедзьвюх краін — адзін у Горадзенскай вобласьці (Беларусь) і два — на тэрыторыі Ніжагародзкай і Калінінградзкай абласьцей (Расея).
- У канцы 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін анансаваў шэраг вялікіх вучэньняў на беларускай тэрыторыі ў 2025 годзе. У прыватнасьці, на верасень заплянавалі тры супольныя вучэньні АДКБ: «Узаемадзеяньне-2025», «Пошук-2025» і «Эшалён-2025».
- Летась 23 кастрычніка на пасяджэньні супольнай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі, для ўдзелу ў якім у Беларусь прыяжджаў міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў, зацьвердзілі задуму вучэньняў «Захад-2025», якія назвалі галоўнай падзеяй у супольнай падрыхтоўцы органаў вайсковага кіраваньня і войскаў. Але дату іх правядзеньня пакуль не агучылі.
- Усяго на 2025 год міністэрствы абароны Беларусі і Расеі заплянавалі больш за 160 супольных мерапрыемстваў.
- У 2022 годзе пасьля супольных вучэньняў «Саюзная рашучасьць», якія адбываліся ў Беларусі, Расея пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
Форум