У верасьні 2025 году на тэрыторыі Беларусі пройдуць тры сумесныя вучэньні АДКБ: «Узаемадзеяньне-2025», «Пошук-2025» і «Эшалён-2025», заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з генсакратаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым 30 кастрычніка ў Менску.
Як паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі, Віктар Хрэнін «азнаёміў Генэральнага сакратара АДКБ зь бягучай ваенна-палітычнай абстаноўкай ва Ўсходнеэўрапейскім рэгіёне калектыўнай бясьпекі, таксама праінфармаваў аб пазыцыі беларускага боку па пытаньнях парадку дня будучага сумеснага пасяджэньня Савету міністраў замежных спраў, Савету міністраў абароны, Камітэту сакратароў саветаў бясьпекі дзяржаў — чальцоў АДКБ, якое пройдзе 28 лістапада 2024 году ў Астане».
Бакі абмеркавалі асноўныя сфэры супрацоўніцтва ў рамках АДКБ у 2024 годзе і напрамкі далейшага ўзаемадзеяньня, а таксама пацьвердзілі гатовасьць да далейшага супрацоўніцтва, «накіраванага на разьвіцьцё вайсковага складніка Арганізацыі», паведамляе Мінабароны.
- 28 кастрычніка камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч паведаміў пра пляны правесьці сумеснае з Расеяй стратэгічнае вучэньне ў Беларусі ў верасьні 2025 году.
- 23 кастрычніка на пасяджэньні супольнай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі, для ўдзелу ў якім у Беларусь прыяжджаў міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў, зацьвердзілі задуму вучэньняў «Захад-2025», якія назвалі галоўнай падзеяй у супольнай падрыхтоўцы органаў вайсковага кіраваньня і войскаў у наступным годзе.
- Усяго на 2025 год міністэрствы абароны Беларусі і Расеі заплянавалі больш за 160 супольных мерапрыемстваў.
- У 2022 годзе пасьля супольных вучэньняў «Саюзная рашучасьць», якія адбываліся ў Беларусі, Расея пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
Форум