«Гэта два вайскоўцы, якія хоць і былі параненыя, але выжылі, іх даставілі ў Кіеў», — расказаў прэзыдэнт Украіны і падкрэсьліў, што цяпер палонным надаюць неабходную мэдыцынскую дапамогу.
Зяленскі дадаў, што вайскоўцаў з КНДР удалося ўзяць у палон «дзякуючы вайскоўцам тактычнай групы № 84 Сіл спэцыяльных апэрацый УСУ і нашым воінам-дэсантнікам».
Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што «даручыў СБУ забясьпечыць журналістам доступ да гэтых палонных». «Сьвет павінен ведаць, што адбываецца», — дадаў ён.
Паводле інфармацыі Сіл спэцапэрацый Украіны, вайскоўцаў КНДР узялі ў палон 9 студзеня падчас баёў у Курскай вобласьці Расеі.
У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што палонных даставілі ў Кіеў для допытаў. Яны не размаўляюць ні на адной мове, акрамя карэйскай, таму зь імі размаўляюць празь перакладчыка «ва ўзаемадзеяньні з выведкай Паўднёвай Карэі».
Паводле СБУ, на момант захопу ў аднаго з вайскоўцаў КНДР быў ваенны білет РФ, аформлены на іншую асобу, зарэгістраваную ў Рэспубліцы Тува РФ. Падчас допыту вайсковец сказаў, што дакумэнт яму выдалі ў Расеі восеньню 2024 году. Потым, паводле яго, частка паўночнакарэйскіх баявых падразьдзяленьняў на працягу тыдня вяла каардынацыю з расейскімі групоўкамі. Ён заявіў, што нарадзіўся ў 2005 годзе, займаў пасаду стралка, з 2021 году праходзіў вайсковую службу ў Паўночнай Карэі. Падчас допыту палонны падкрэсьліў, што ішоў нібыта на вучэньні, а не на вайну супраць Украіны, паведамілі ў СБУ.
Яшчэ адзін ваеннапалонны паьвердзіў паказаньні свайго «напарніка», паведамляе СБУ. Паводле папярэдніх зьвестак, ён нарадзіўся ў 1999 годзе, з 2016 году служыць у арміі КНДР у якасьці афіцэра-снайпэра-выведчыка.
Расейскія ўлады пакуль афіцыйна гэтую інфармацыю не камэнтавалі.
- Падразьдзяленьні арміі КНДР па дамове з Расеяй удзельнічаюць на яе баку ў вайне супраць Украіны. Паўночнакарэйскія вайскоўцы, паводле зьвестак, якія паступалі да гэтага часу, знаходзяцца ў Курскай вобласьці Расеі, куды ўкраінскія войскі ўступілі ў пачатку жніўня 2024 году. Цяпер там працягваюцца баі.
- У ГРУ Мінабароны Ўкраіны раней паведамілі, што першыя падразьдзяленьні вайскоўцаў з КНДР прыбылі ў зону баявых дзеяньняў расейска-ўкраінскай вайны 23 кастрычніка 2024 году. Пасьля ў ГУР заявілі пра каля 12 тысяч вайскоўцаў КНДР у Расеі.
- У канцы сьнежня 2024 агенцтва Yonhap са спасылкай на аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі паведамляла, што беззваротныя страты КНДР у расейска-ўкраінскай вайне склалі 1100 чалавек. Паводле зьвестак паўднёвакарэйскай выведкі, Пхэньян, верагодна, рыхтуецца адправіць у Расею дадатковыя войскі і ваенную тэхніку. Аналіз зьвестак выведкі ўказвае на тое, што Паўночная Карэя рыхтуецца альбо да ратацыі, альбо да павелічэньня колькасьці сваіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў Расеі, гаворыцца ў заяве.
- У NATO рашуча асудзілі пашырэньне ваеннага супрацоўніцтва паміж Расеяй і КНДР. У альянсе падкрэсьлілі, што адпраўленьне паўночнакарэйскіх войскаў на вайну ва Ўкраіну зьяўляецца небясьпечнай эскаляцыяй і парушае рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН.
- Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль падчас візыту ў Кіеў 9 лістапада 2024 году таксама адзначыў, што прысутнасьць паўночнакарэйскіх войскаў на фронце зьяўляецца дадатковай пагрозай, і падкрэсьліў неабходнасьць дыпляматычнага ціску на Пхэньян.
Форум