Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацелася б выдаць нешта аптымістычнае, з хэпі-эндам. Але як знайсьці такі твор?». Яраслаў Іванюк пра выданьне беларускіх кніг за мяжой


Яраслаў Іванюк, на Кніжным кірмашы ў Беластоку, красавік 2023
Яраслаў Іванюк, на Кніжным кірмашы ў Беластоку, красавік 2023

Беластоцкі Фонд Kamunikat.org — адзін з самых пасьпяховых выдаўцоў беларускіх кніг за мяжой.

Зь ягоным прэзыдэнтам Яраславам Іванюком пагаварылі пра непадцэнзурнага Быкава і актуальнасьць ягоных твораў, аўдыёкнігі на іPhone і бэстсэлеры мінулага году.

Пра непадцэнзурнага Быкава і запатрабаванасьць аўдыёкніг

— Не пасьпелі адзьвінець навагоднія келіхі, як вы паведамілі, што здалі ў друк першую сёлетнюю кнігу. І гэта непадцэнзурныя творы Васіля Быкава. Што гэта за творы? І чаму менавіта зь іх пачынаеце свой выдавецкі год?

— Калі гаварыць дакладна, навінак у нас больш і год мы пачалі выданьнем другога нумару літаратурна-мастацкага альманаху «Апостраф». Гэты альманах замяніў «Дзеяслоў», які раней выходзіў у Беларусі. Другі нумар аказаўся вельмі цікавым: там проза Віктара Казько, Леаніда Дранько-Майсюка, новыя вершы і баляда Ўладзімера Арлова, а таксама вершы Антаніны Хатэнкі, Валерыя Герасімава ды іншае. І гэты альманах мы забралі з друкарні літаральна 1 студзеня. А ўжо 8 студзеня дзякуючы дапамозе добрых людзей у нас зьявілася аплікацыя для праслухоўваньня камунікатаўскіх аўдыёкніг у іPhone! Аплікацыю, якая без абмежаваньняў працуе таксама ў Беларусі, можна ўзяць у AppStore.

Ужо першы дзень работы праграмы паказаў, што яна вельмі запатрабаваная. Шмат хто ўжо пасьпеў яе спампаваць на свае айфоны і з задавальненьнем слухае нашыя аўдыёбукі. Тут, лічу, варта назваць і пяцікніжжа Сьвятланы Алексіевіч, за якое яна атрымала нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, кнігі другога беларускага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай» ды «Халоднае крыло Радзімы», эсэістыку Ўладзімера Арлова з кнігі «Незалежнасьць — гэта...», агучаную аўтарам, а таксама кнігу ўспамінаў Валянціна Акудовіча, якая ў 2024 годзе атрымала прэмію Ежы Гедройця «Трэба ўявіць Сызыфа шчасьлівым». Ёсьць таксама дасканалая агучка ўспамінаў Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ».

Яраслаў Іванюк
Яраслаў Іванюк

Гэтыя 60 аўдыёкніг і амаль 400 гадзін беларускай літаратуры пакуль даступныя толькі для карыстальнікаў iProhe, але добрыя людзі, магчыма, дапамогуць падрыхтаваць таксама праграму для смартфонаў з сыстэмай Android. Гэта, зразумела, адбудзецца ня заўтра. Але я веру ў добрых людзей.

І ўрэшце кніга, пра якую вы пытаеце, аповесьці Васіля Быкава «Ліквідацыя» і «Мёртвым не баліць» пад адной вокладкай. Мы плянавалі выдаць яе яшчэ летась. Аднак справы крыху зацягнуліся і аддалі мы яе ў друк толькі ў студзені 2025-га.

Чаму менавіта гэтыя аповесьці Быкава варта цяпер успомніць? Лічу, перш за ўсё таму, што яны і цяпер вельмі актуальныя, бо, як і значная большасьць твораў Васіля Быкава, апавядаюць ня толькі пра вайну (на жаль, гэта цяпер таксама надзённая тэма), але перш за ўсё пра чалавека і выпрабаваньні ў экстрэмальных умовах. Сам Быкаў пісаў: «Аповесьць „Ліквідацыя“ нарадзілася ня так „з галавы“, як з пачуцьцяў, што былі натхнёныя хутчэй не вайной, а нашай сучаснасьцю». На той час быкаўская сучаснасьць — гэта былі 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Але ж біблейскі сюжэт пра Абэля і Каіна заўсёды актуальны.

Савецкая цэнзура ня толькі выкідвала з гэтых аповесьцяў словы, фразы, абзацы ці цэлыя старонкі, але памяняла нават загаловак аднае зь іх: «Ліквідацыя» ў савецкі час выходзіла як «Сотнікаў».

Праўда, і «Ліквідацыя», і «Мёртвым не баліць» без цэнзарскіх купюраў выходзілі ўжо ў Беларусі ў 2014 годзе. Многія выказвалі тады спадзяваньні, што цяпер быкаўскія творы будуць публікавацца толькі ў такой непадцэнзурнай рэдакцыі. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі высьветлілася, што гэтыя аповесьці ў Беларусі працягваюць друкаваць з цэнзарскімі праўкамі, а «Ліквідацыя» далей выходзіць як «Сотнікаў». Таму кніга, якая ў студзені выйдзе ў Беластоку, будзе ўсяго толькі другім непадцэнзурным выданьнем.

Атрымліваецца, што аўтарскія варыянты гэтых аповесьцяў беларускаму чытачу амаль невядомыя. Асабліва тым беларусам, якія пасьля 2020 году апынуліся ў вымушанай эміграцыі. І гэта другая прычына, чаму мы вырашылі выдаць менавіта гэтыя аповесьці.

Пра актуальнасьць быкаўскіх твораў

— Летась 100-годзьдзе Васіля Быкава вы адзначылі выданьнем дзьвюх ягоных аповесьцяў — «Бліндаж» і «Афганец». Як зрэагавалі на кнігу чытачы?

— Выданьне аповесьцяў — гэта толькі адзін аспэкт далучэньня Фонду Kamunikat.org да сьвяткаваньня 100-годзьдзя Васіля Быкава. Апрача таго, мы зладзілі некалькі сустрэчаў з гэтай нагоды. Найбольш значным было сьвяткаваньне быкаўскага юбілею ў Беластоку, арганізаванае разам з Цэнтрам беларускай культуры, што ўзьнік у сталіцы Падляскага ваяводзтва з пачаткам 2024 году. У гэтай урачыстасьці прынялі таксама ўдзел беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, перакладчыца «Доўгай дарогі дадому» на польскую мову Яанна Бэрнатовіч ды дудар Яўген Барышнікаў.

Яўген і Вольга Барышнікавы выступілі таксама падчас прэзэнтацыі кнігі з аповесьцямі «Бліндаж» і «Афганец» у Гданьску, дзе, як і ў Беластоку, выканалі купальскія песьні, запісаныя ў Бычках, роднай вёсцы пісьменьніка.

Яраслаў Іванюк
Яраслаў Іванюк

У кожным горадзе, які мы наведалі з прэзэнтацыяй кнігі, беларусы не падвялі — шматлюдна ўдзельнічалі ў гэтых сустрэчах. Чым, лічу, засьведчылі, што творы пісьменьніка па-ранейшаму іх цікавяць і хвалююць.

Апрача гэтага, ад сваіх сяброў-эмігрантаў зь Беларусі чую таксама, што іхныя дзеці, падлеткі і крыху старэйшыя, ахвотна чытаюць Быкава. З аднаго боку, гэта клясыка беларускай літаратуры, а з другога — гэта актуальна. Нават калі лічыць Быкава «ваенным пісьменьнікам», то цяпер жа за нашай мяжой ідзе вайна. Творы Быкава могуць дапамагчы нам зразумець, чым яна можа скончыцца ня толькі ў геапалітычным сэнсе, але таксама для нас як грамадзтва, у кантэксьце этыкі, маралі.

Пра бэстсэлеры і аптымістычныя кнігі

— Калі зноў жа зьвярнуцца да выдадзенага «Камунікатам» летась, то ў 12 найменьнях папяровых выданьняў і 20 аўдыё можна знайсьці кнігі на самы розны чытацкі густ. Якія зь іх ужо пасьпелі стаць бэстсэлерамі? І ў чым, па-вашаму, менавіта ў іх найбольшая прывабнасьць для чытачоў і слухачоў?

— Бэстсэлеры ў выпадку беларускіх кніг, якія выходзяць у замежжы, гэта вельмі ўмоўны тэрмін. Тут трэба задумацца, што цяпер патрэбна, чаго найбольш чакае беларускі сучасны чытач. У 2024 годзе мы наладзілі ці ўзялі ўдзел у больш як 50 аўтарскіх сустрэчах, прэзэнтацыях кніг ці буйных кніжных кірмашах у Польшчы ды ў дзесяці іншых эўрапейскіх краінах. Можна сказаць, што ў кожным месцы наведнікі прасілі нешта аптымістычнае, вясёлае, пыталі пра кнігі з добрым фіналам. А мы такіх кніг амаль ня маем... Ды й наагул беларускія выдавецтвы ў замежжы няшмат такіх твораў могуць прапанаваць. Хіба што нешта зь перакладаў сусьветнай мастацкай літаратуры. А так звычайныя тэмы — гэта рэпрэсіі, турма, перасьлед і мартыралёгія. А чытач патрабуе цяпер ужо нечага іншага. Таму лічу, што тэрмін «бэстсэлер» вельмі ўмоўны ў нашым выпадку.

Тым ня менш магу сказаць, што сярод аўдыёкніг, выдадзеных Фондам Kamunikat.org у 2024 годзе, найбольш праглядаў на ютуб-канале набралі кніга Валянціна Акудовіча «Трэба ўявіць Сызыфа шчасьлівым», эсэістыка Уладзімера Арлова «Незалежнасьць — гэта...» ды лягерныя ўспаміны Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ». У топе праслухоўваньня застаюцца выдадзеныя раней кнігі Сьвятланы Алексіевіч, «Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі» Ўладзімера Арлова ды раманы «Жэтон на мэтро» Андрэя Федарэнкі, «Ноч цмока» Валерыя Гапеева і «Локісаў» Артура Клінава.

Калі гаварыць пра папяровыя кнігі, выдадзеныя ў 2024 годзе, то найбольшых продажаў дабіліся «Жаўнеры БНР» Алега Латышонка, «Забіць упалмінзага» Зьмітра Бартосіка і «Бліндаж» Васіля Быкава.

Яраслаў Іванюк са сваімі кнігамі
Яраслаў Іванюк са сваімі кнігамі

А наагул найлепш прадаваліся кнігі Ўладзімера Арлова «Ордэн Белай Мышы», другая частка «Айчыны» ды кніга «(Не)расстраляныя».

Ізноў жа, адказаць на пытаньне, чаму якраз гэтыя кнігі выклікаюць найбольшае зацікаўленьне, вельмі складана. Найпрасьцей можна сказаць: таму што гэта добрыя і цікавыя кнігі.

Варта таксама адзначыць, што мінулы год мы пачалі і закончылі выданьнем кніг з сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». У пачатку 2024 году выйшла «Кніга могілак. Беларускія пахаваньні ў сьвеце» Натальлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча (выданьне ахоплівае беларускія пахаваньні ў 13 краінах сьвету, падрабязна апісвае адмысловыя беларускія могілкі або беларускія часткі шматнацыянальных могільнікаў у Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, ЗША. «Кніга могілак» — першае такога кшталту і аб’ёму беларускае выданьне). А на канец году кніга «Янка Запруднік» — фаліянт з біяграфічным нарысам, успамінамі дачкі Веры, сяброў і знаёмых і ўласнымі тэкстамі Янкі Запрудніка.

Фонд Kamunikat.org выдаў таксама першую ў беларускай літаратуры кнігу вершаў і малюнкаў пра турму «для дзяцей з дарослымі». Гэта «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы» аўтарства беларускага журналіста і былога палітвязьня Алега Грузьдзіловіча.

Гэтыя кнігі ў топ продажаў ня трапілі, але не таму, што яны нецікавыя, а проста яны адрасуюцца больш вузкай аўдыторыі.

Пра рэкорды, праблемы і перашкоды

— А самі вы ці задаволеныя зробленым летась? Ці ўсё з задуманага ўдалося?

— Скажу так: мінулы год быў найбольш актыўным годам у дзейнасьці Фонду Kamunikat.org! Мы выдалі 12 папяровых кніг, 20 аўдыёбукаў і зладзілі больш за 50 сустрэч у 11 эўрапейскіх краінах, адкрылі інтэрнэт-краму Kamunikat.shop, а рэсурсы інтэрнэт-бібліятэкі (бо не забывайма, што Kamunikat.org — гэта ўсё ж у асноўным інтэрнэт-бібліятэка) павялічыліся больш як на 6700 публікацыяў. Гэта рэкорд, калі ўзяць пад увагу ўвесь час нашай дзейнасьці ад 2000 году. На гэты момант на сайце маецца больш за 64 тысячы розных беларускіх публікацыяў.

Нашыя кнігі былі шырока прадстаўленыя на міжнародных кніжных кірмашах у Польшчы (Беласток, Катавіцы, Варшава). Мы наведалі фэстываль імя Міхася Стральцова ў Вільні ды фэстываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў Вільні, Бэрліне, Варшаве і Познані. Удзельнічалі ў «Гучнафэсьце» ў Варшаве, фэстывалі абуджаных «Тутака» ў Гарадку ды ў вялікім беларускім пікніку «Летуцень» у Кракаве.

Як тады ня быць задаволеным? Бярэм усё добрае ў новы год і зь нічым пакуль не разьвітваемся!

— Якая самая вялікая праблема ці перашкода ў вашай справе паўстала летась? Як вы зь ёю справіліся (ці не)? Што трэба беларускім кнігавыдаўцам сёньня, каб з посьпехам несьці найменьне «нашчадкаў Скарыны»?

— Беларускім кнігавыдаўцам у замежжы (мяркую, што пытаеце менавіта пра іх) найбольш патрэбен чытач. Бо якія б шэдэўры мы ні выдавалі, без чытача мы ніхто. А асноўная маса беларускіх чытачоў, што б ні казалі, застаецца ў самой Беларусі, куды нашы кнігі, выдадзеныя ў замежжы, ня могуць трапіць. Вядома ж, мы можам спрабаваць высылаць іх у Беларусь поштай, але і то, як паказвае практыка, з розным вынікам (бывае, кніга вяртаецца, бо нібыта адрасат невядомы або зьмяніў месца пражываньня ці зусім кніга гіне ў нетрах «Белпошты»). А наладзіць нейкую сыстэмную сетку распаўсюду нашых кніг у Беларусі мы ня можам.

У асноўным застаецца працаваць для дыяспары, якая вельмі патрабуе беларускіх кніг. І гэтыя чытачы для нас вельмі важныя і каштоўныя. Нам трэба як мага больш уважліва прыслухоўвацца да іхных патрэбаў і пажаданьняў. І выдаваць урэшце аптымістычную літаратуру. Але тут ужо вялікая адказнасьць ускладаецца яшчэ і на саміх аўтараў. Каб мы маглі такія кнігі выдаваць, трэба ж, каб іх нехта напісаў!

Аб прызнаньні і шчасьці

— Па вэрсіі Радыё Свабода, беларускія кнігавыдаўцы сталі «Людзьмі году — 2024». Што для вас асабіста значыць далучанасьць да такога званьня? Ці не расслабляе яно?

— Для мяне гэта вялікі гонар. Гэта прызнаньне маёй працы і працы нашага Фонду. Ну, вядома ж, таксама працы іншых выдаўцоў, зь якіх ня ўсіх нават можна назваць.

Але гэта таксама прызнаньне для ўсіх беларускіх літаратараў, якія знаходзяцца ці ў замежжы, ці ў Беларусі (яны ўсё ж пішуць, хочуць публікаваць і публікуюць).

Гэта таксама пацьвярджае, што ў 2021 годзе, калі з прапановай выданьня свайго раману «Гэй Бэн Гіном» зьвярнуўся да нас Уладзімер Някляеў, мы прынялі правільнае рашэньне. Тады выдаць кнігу Някляева адмовіліся ўсе існыя яшчэ на той момант у Беларусі незалежныя выдавецтвы. Маўляў, мы выдадзім такога аўтара — і нас ліквідуюць. Кнігі яны ня выдалі, але іх і так зьліквідавалі.

А я ўжо тады, у 2022 годзе, адказваючы на пытаньні журналістаў, гаварыў, што выданьне раману «Гэй Бэн Гіном» — гэта, на жаль, пасьпяховы праект. На жаль — бо гэты раман таксама, як і кнігі іншых аўтараў, якія мы друкуем, павінен выходзіць у Беларусі, а не ў замежжы!

Прызнаньне з боку Радыё Свабода ці мэдаль Ордэну Пагоні, які я атрымаў 25 сакавіка мінулага году на ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ад Рады БНР, толькі замацоўваюць мяне ў перакананьні, што справа, якой я пачаў займацца чвэрць стагодзьдзя таму, патрэбная і яе трэба працягваць. Прычым нягледзячы нават на тое, што яе вынікі часам нябачныя. Перафразуючы крыху загаловак кнігі Валянціна Акудовіча, я адзін з гэтых Сызыфаў, які ня толькі ўяўляе, але і адчувае сябе шчасьлівым.

Ізноў прывяду мой улюбёны габрэйскі анэкдот («Мошэ, вы шчастлівы?» — «А што дзелаць?..»): «Яраслаў, вы займаецеся беларускімі кнігамі?» — «А што рабіць?».

А тут трэба яшчэ дадаць прызнаньне з боку карыстальнікаў нашай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, праявай якога няхай будзе хаця б тое, што летась загрузілі яны з нашага сайту 1 мільён 200 тысяч файлаў.

Пра клясыкаў, наватараў і юбілей

— Пра першую сёлетнюю навінку «Камунікату» вы ўжо расказалі. А што яшчэ прыхаванае ў вашым выдавецкім куфары для зьяўленьня ў сьвет найбліжэйшым часам? На якіх аўтараў робіце стаўку — правераных часам і чытацкай запатрабаванасьцю ці шукаеце новыя маладыя таленты?

— Як той казаў, не сьмяшы сваімі плянамі Госпада Бога.

Але ў нас ужо ў постпрадукцыю трапіў аўдыёбук «Вершалінскі рай» Аляксея Карпюка. Спадзяюся, што будзе ён даступны на сайце, на ютуб-канале і ў праграме для iPhone ўжо ў канцы студзеня. Гэта аповед пра найбольшую ў міжваенны пэрыяд рэлігійную сэкту прарока Іліі, якая існавала на польска-беларускім памежжы. Абяцаю, будзе цікава!

Рыхтуемся таксама да агучваньня раману Ўладзімера Някляева «Гэй Бэн Гіном», зь якога і пачалася выдавецкая дзейнасьць Фонду Kamunikat.org. Тэкст будуць агучваць купалаўцы. Гэта праца мінімум на паўгода. Так што гэтага раману ў фармаце аўдыё можна чакаць не раней, як у канцы летніх вакацыяў.

Будзем запісваць таксама іншыя творы сучаснай беларускай літаратуры.

А калі гаварыць пра папяровыя кнігі, то разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку рыхтуем выданьне ўспамінаў Ларысы Геніюш. Выйдуць дзьве кнігі — на беларускай і польскай мовах. Гэты твор раней друкаваўся па-беларуску як «Споведзь», а па-польску як «Ptaki bez gniazd» («Птушкі бяз гнёздаў»).

Плянуем таксама выдаць «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча. Раман хаця і выходзіў у савецкі час, але яго тэкст быў моцна пакалечаны цэнзурай. У Беларусі непадцэнзурны тэкст ужо, праўда, выдаваўся, але пра гэтую кнігу вельмі часта пыталі наведнікі кніжных кірмашоў, у якіх мы ўдзельнічалі. Тэкст для нашага выданьня рыхтуе Валянціна Андрэева з выдавецтва «Гутэнбэрг» з Кракава.

Будуць таксама іншыя кнігі, але, хутчэй за ўсё, маладых і дзёрзкіх аўтараў у нас ня будзе. Раскручваньне такога аўтара патрабуе вялікіх накладаў, якіх у нас няма... Напэўна, хацелася б выдаць нешта аптымістычнае з хэпі-эндам. Але ці знойдзецца такі твор...

Хочам таксама працягваць нашыя супольныя падарожжы з Уладзімерам Арловым па асяродках беларускай дыяспары ў Эўропе. Гэта ня толькі магчымасьць прэзэнтаваць нашы новыя кнігі, але таксама магчымасьць расказаць пра «Камунікат» як інтэрнэт-бібліятэку. Падчас такіх паездак нараджаюцца і новыя ідэі. Напрыклад, калі б ня наша сустрэча зь беларусамі Фінляндыі ў Хэльсынкі ў сакавіку мінулага году, наўрад ці ўзьнік бы спэктакль паводле тэксту Ўладзімера Арлова «Ордэн Белай Мышы».

У 2025 годзе Kamunikat.org як беларуская інтэрнэт-бібліятэка будзе адзначаць невялікі юбілей — 25-годзьдзе існаваньня. Ці будзем сьвяткаваць? Калі так, то, напэўна, ня надта гучна. Найхутчэй, гэты юбілей ушануем працай. Я вельмі ганаруся нашымі супрацоўнікамі, якія застаюцца з «Камунікатам», нягледзячы на розныя перашкоды. А іх крыху было ў нашай дзейнасьці — можна згадаць заблякаваньне асноўнага дамэну Kamunikat.org на тэрыторыі Беларусі ў ліпені 2023 году. Большасьць на гэты момант працуе з намі як валянтэры, але яны не здаюцца. І гэта вельмі каштоўна. За гэта ім вялікі дзякуй!

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG