Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус атрымаў папярэджаньне ад пракуратуры за перадачу дрона сваякам у Расею


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Магілёўскай вобласьці вынесла папярэджаньні двум жыхарам Клімавіцкага і Клічаўскага раёнаў за парушэньне ўказу Лукашэнкі «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх бесьпілётных лятальных апаратаў».

Пракуратура правяла шэраг праверак фізычных і юрыдычных асобаў, а таксама ІП Магілёўскай вобласьці, за якімі лічацца бесьпілётнікі, паведамляе прэс-служба ведамства.

Па выніках праверак высьветлілася, што двое жыхароў Клімавіцкага і Клічаўскага раёнаў, за якімі лічыліся бесьпілётнікі, не перадалі іх ды іншыя авіямадэлі на захоўваньне ў РУП па аэранавігацыйным абслугоўваньні паветранага руху «Белаэранавігацыя», як прадугледжана законам. Замест гэтага адзін зь іх вывез два бесьпілётнікі ў Расею, дзе перадаў блізкім сваякам, а другі — прадаў нявызначанай асобе.

Пракурор вынес мужчынам афіцыйныя папярэджаньні аб недапушчальнасьці парушэньня ўказу аб бесьпілётніках. Пасьля гэтага беларусы зьвярнуліся зь пісьмовымі заявамі ў Дэпартамэнт па авіяцыі, каб зьняць з уліку дроны, якія значыліся за імі — іх просьбы задаволілі.

Таксама па выніках праверак пракуратура выявіла, што некаторыя юрыдычныя асобы і ІП не паставілі бесьпілётнікі на дзяржаўны ўлік, а асобныя апараты эксплюатаваліся без дазвольнай дакумэнтацыі. Ім таксама вынесьлі прадпісаньні з патрабаваньнем ліквідаваць парушэньні — у выніку выяўленыя дроны без рэгістрацыі паставілі на дзяржаўны ўлік.

Агулам па выніках праверак у Магілёўскай вобласьці пракуроры вынесьлі 8 прадстаўленьняў, 10 прадпісаньняў і абʼявілі два афіцыйныя папярэджаньні.

  • У верасьні 2023 году сваім указам Лукашэнка забараніў увоз, выраб і выкарыстаньне дронаў у Беларусі для грамадзян. Цяпер імі могуць карыстацца толькі юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі. Калі ІП ці юрыдычная асоба хоча завезьці дрон на тэрыторыю Беларусі, неабходна атрымаць дазвол у дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.
  • Фізычным асобам улады далі 6 месяцаў, каб «рэалізаваць» (прадаць) свае дроны ІП ці юрыдычным асобам альбо перадаць дзяржаве на захоўваньне. Цяпер у Беларусі разглядаюць пытаньне ўзмацненьня адказнасьці за незаконнае выкарыстаньне бесьпілётнікаў, ажно да крымінальнай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG