«Чаму Валодзя Зяленскі так сябе паводзіць? Мы ж нармальна зь ім былі, у добрых стасунках. І мая маленькая сям’я таксама. Чаго ён вякае, чаго яму не хапае? Яму даюць каманду. Трэба ўсяляк зрабіць усё, каб уцягнуць краіну ў вайну», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Лукашэнка таксама адрэагаваў на згадваньне Беларусі Ўладзімірам Зяленскім у яго навагоднім віншаваньні.
«Нядаўна Зяленскі крычаў «Жыве Беларусь!». Ну жыве. Натуральна, жыве. Ён праўда, сказаў, што хутка па ўсёй Беларусі ўсе будуць гэтыя лёзунгі вымаўляць. Ён нібыта намякнуў, што неўзабаве ў нас будзе, як ва Ўкраіне. Я так падумаў, калі пачуў яго. І думаю: крый Божа!» — дадаў Лукашэнка.
Паводле яго, Беларусь, як дзяржава, «можа ня вытрымаць» уцягваньня ў вайну.
«Таму я раблю ўсё цярпліва, настойліва, як Гасподзь нас і царква вучаць. Робім сваю справу. Час усё адбудуе. Час дасьць усім ацэнку. Але нам трэба выстаяць. Няхай гавораць, што ў нас тут дыктатура, яшчэ нешта. Слухайце, лепш такая дыктатура, як у Беларусі, чым такая дэмакратыя, як ва Ўкраіне. Нам трэба вытрымаць гэта. Ні ў якім выпадку нельга шарахацца», — заявіў Лукашэнка.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію амэрыканскаму падкастэру Лексу Фрыдману заявіў, што ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Аляксандар Лукашэнка выбачаўся за ракеты, выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі.
«Ён сказаў, што „гэта ня я, гэта Пуцін запусьціў ракеты з маёй тэрыторыі“. Гэта яго словы, у мяне ёсьць сьведкі. Ён папрасіў прабачэння, сказаў: „Павер, Валодзя, гэта ня я, я яму сказаў «ня трэба», гэта было безь мяне“», — пераказаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што адказаў Лукашэнку, назваўшы яго «такім жа забойцам, як Пуцін».
6 студзеня Натальля Эйсмант, прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, пацьвердзіла, што ў першыя дні расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну адбылася размова з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, але зьняпраўдзіла інфармацыю пра тое, што ён нібыта прасіў выбачэньня.
Форум