Натальля Эйсмант, прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, пацьвердзіла, што ў першыя дні расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну адбылася размова з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, але зьняпраўдзіла інфармацыю пра тое, што ён нібыта прасіў выбачэньня.
Як паведаміла расейскае агенцтва РБК, Эйсмант адзначыла, што размова Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага адбылася дзякуючы «эмацыйнай рэакцыі малодшага сына» Аляксандра Лукашэнкі Мікалая, у якога ў тэлефоне «быў асабісты кантакт Зяленскага».
Прэсавая сакратарка дадала, што ў часе размовы Лукашэнка «ў першую чаргу казаў аб тым, што канфлікт разгарэўся на тэрыторыі Ўкраіны, на тэрыторыі Зяленскага, і менавіта яму зь цягам часу давядзецца больш, чым каму-небудзь, адказваць за гібель людзей».
Паводле яе, менавіта таму Лукашэнка «заклікаў сесьці за стол перамоваў, што і было зроблена: тры раўнды перамоваў у Беларусі і потым Стамбул».
Натальля Эйсмант заявіла, што Аляксандар Лукашэнка не прыносіў ніякіх выбачэньняў Зяленскаму «з той простай прычыны, што выбачацца нам няма за што».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію амэрыканскаму падкастэру Лексу Фрыдману заявіў, што ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Аляксандар Лукашэнка выбачаўся за ракеты, выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі.
«Ён сказаў, што „гэта ня я, гэта Пуцін запусьціў ракеты з маёй тэрыторыі“. Гэта яго словы, у мяне ёсьць сьведкі. Ён папрасіў прабачэння, сказаў: „Павер, Валодзя, гэта ня я, я яму сказаў «ня трэба», гэта было безь мяне“», — пераказаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што адказаў Лукашэнку, назваўшы яго «такім жа забойцам, як Пуцін».
Форум