Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо абвясьціў пра сваю адстаўку


Джастын Трудо
Джастын Трудо

Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо ў панядзелак абвясьціў, што пакідае пасаду лідэра Лібэральнай партыі Канады. Ён застанецца на пасадзе прэм’ер-міністра, пакуль ня вызначыцца кандыдатура, якая яго заменіць.

Праца канадзкага парлямэнту будзе прыпыненая да 24 сакавіка.

Трудо заявіў, што складзе паўнамоцтвы, як толькі партыя выбера новага старшыню. Новы лідэр дзяржавы павінен быць выбраны ў выніку «агульнанароднага спаборнага працэсу», падкрэсьліў Трудо. Ён удакладніў, што ў найбліжэйшыя месяцы краіну чакаюць новыя выбары. Сам ён балятавацца на іх ня мае намеру.

Калі б Трудо не падаў у адстаўку, чарговыя парлямэнцкія выбары ў Канадзе адбыліся б сёлета 20 кастрычніка. Цяпер, магчыма, яны пройдуць раней.

Як адзначаюць аналітыкі, адстаўка Трудо можа вярнуць на лідэрскія пазыцыі Кансэрватыўную партыю Канады. У такім выпадку наступным прэм’ер-міністрам можа стаць яе старшыня П’ер Пуальеўр. Аднак Трудо ў сваёй прамове назваў погляды Пуальеўра на палітычныя пэрспэктывы Канады «няслушнымі». «Нам патрэбен амбітны, аптымістычны погляд у будучыню. Пуальеўр такога не прапануе», — сказаў Трудо.

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, аднак, заявіў, што ўхваліў бы кандыдатуру Пуальеўра на пасаду канадзкага прэм’ера, бо іхныя пазыцыі блізкія.

Урадавы крызіс у Канадзе пачаўся ў канцы мінулага году. 16 сьнежня пайшла ў адстаўку міністарка фінансаў Канады Хрысьця Фрыланд. Яе канфлікт з Трудо абвастрыўся ў выніку палемікі вакол магчымага ўвядзеньня тарыфаў з боку Злучаных Штатаў. Акрамя таго, Трудо адчуваў ціск з боку «Новых дэмакратаў», невялікай апазыцыйнай партыі, якая адмовілася на пачатку 2024 году безумоўна падтрымліваць урад лібэралаў меншасьці. У сваёй прамове Трудо сказаў, што праца парлямэнту ў апошнія месяцы была «паралізаваная».

  • Джастын Трудо ўзначальваў Лібэральную партыю з 2013 году і быў выбраны прэм’ер-міністрам Канады ў 2015 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG