Агулам Эўрапейская камісія ўжо заблякавала каля 19 мільярдаў эўра, якія прызначаліся для Вугоршчыны. Прэм’ер краіны Віктар Орбан спрабуе ціснуць на Эўрапейскую камісію, паведамляе DW.
Вугоршчына страціла права на атрыманьне ад Эўразьвязу дапамогі ў памеры 1,04 мільярда эўра, гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Эўракамісіі. Каб атрымаць гэтыя сродкі, Вугоршчыне трэба было да канца 2024 году правесьці рэформы ў прававой сфэры.
Вугоршчына павінна была атрымаць 1,04 млрд эўра ад ЭЗ у рамках праграмаў падтрымкі структурна слабых рэгіёнаў, але ў канцы 2022 году, пасьля таго як Эўракамісія прыйшла да высновы, што Вугоршчына грэбуе дэмакратычнымі стандартамі і асноўнымі каштоўнасьцямі Эўразьвязу, іх замарозілі. Гаворка ішла пра меры барацьбы з карупцыяй, хабарніцтвам і канфліктамі інтарэсаў, а таксама пра пытаньні фінансаваньня палітычных партый і незалежнасьці СМІ.
«Вугоршчына ўяўляе для Эўракамісіі сапраўдную сыстэмную праблему ў тым, што датычыцца вяршэнства закона», — заявіў у чэрвені 2024 году эўракамісар у пытаньнях юстыцыі Дзідзье Рэйндэрс.
Паводле яго, Будапэшт не дасягнуў практычна ніякага прагрэсу ў ліквідацыі парушэньняў вяршэнства права, выяўленых у папярэднім дакладзе Эўракамісіі. Больш за тое, з таго часу колькасьць парушэньняў вырасла да васьмі. Мэханізм вяршэнства права ЭЗ дазваляе скараціць выплаты краіне зь бюджэту Эўразьвязу ў выпадку парушэньня ёй пэўных стандартаў.
Агулам Эўрапейская камісія заблякавала прызначаныя Вугоршчыне ўжо каля 19 мільярдаў эўра, у тым ліку дадатковыя субсыдыі і дапамогу ў барацьбе з наступствамі пандэміі каранавіруса. У пачатку сьнежня вугорскі прэм’ер-міністар Віктар Орбан прыгразіў накласьці вэта на наступны сямігадовы бюджэт Эўразьвязу, калі Брусэль не разблякуе замарожаныя сродкі.
- Вугоршчына застаецца адзінай краінай Эўразьвязу, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Менскам. Як сябра ЭЗ Вугоршчына была вымушана далучыцца да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі вугорскіх уладаў ня раз заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзеньне.
- У канцы верасьня 2023 году Лукашэнка прыняў даверчыя лісты ад новай амбасадаркі Вугоршчыны ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык. Такім чынам, Вугоршчына — адзіная краіна ЭЗ, амбасадар якой уручыў граматы Лукашэнку пасьля падзеяў 2020 году.
- Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан таксама падтрымлівае сяброўскія дачыненьні з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, нягледзячы на поўнамаштабную вайну Расеі ва Ўкраіне.
- Улетку 2024 году Вугоршчына ўвяла для грамадзян Беларусі і Расеі (і яшчэ 6 краін) так званую Нацыянальную карту, новую паскораную візавую сыстэму для ўезду ў Вугоршчыну без праверак бясьпекі або іншых абмежаваньняў, якая дазваляе ўладкавацца на працу ў Вугоршчыне і перавезьці туды сям’ю, а праз тры гады атрымаць сталы дазвол на жыхарства.
Форум