Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцемій Троіцкі і заснавальнік The Moscow Times запусьцілі лэйбл для музыкаў, якія пакінулі Расею і Беларусь праз рэпрэсіі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні, 25 сакавіка 2023 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні, 25 сакавіка 2023 году

Мэдыямэнэджар Дэрк Саўэр і музычны крытык Арцемій Троіцкі запусьцілі музычны лэйбл ТМТ Music, які плянуе сканцэнтравацца на выданьні музыкі артыстаў, якія пакінулі Расею і Беларусь з прычыны цэнзуры і палітычнага ціску. Пра гэта The Moscow Times расказаў прадстаўнік лэйблу.

Інфармацыю пацьвердзіў Дэрк Саўэр, грамадзянін Нідэрляндаў, вядомы як заснавальнік выдавецкага дома Independent Media, які выпускаў у Расеі газэты The Moscow Times і «Ведомости», а таксама часопісы Cosmopolitan, Esquire, Harvard Business Review, Men’s Health і National Geographic.

Першым рэлізам ТМТ Music стаў сынгл расейскага рэпэра Лігалайза пад назвай «Мировые», запісаны з удзельнікамі гуртоў «Каста», KREC, «Ногу свело», а таксама Васем Абломавым, Навумам Блікам і Дзьмітрыем Сьпірыным (экс-«Тараканы!»). Лігалайз у сацсетках адзначыў, што сынгл стаў адказам на прызнаньне яго днямі «іншаземным агентам» у Расеі. ТМТ Music плянуе выдаць новы альбом Лігалайза ў пачатку 2025 году.

  • У Беларусі ўжо даўно існуюць так званыя «чорныя сьпісы» музыкаў, якія пастаянна папаўняюцца, але цалкам не апублікаваныя, імі карыстаюцца ідэолягі і кантралёры. Цяпер у краіне наагул цяжка атрымаць гастрольнае пасьведчаньне, якое стала абавязковым, кажуць людзі, блізкія да музычнай сфэры, што стварае дадатковыя праблемы і менш магчымасьцяў для музыкаў выступаць у Беларусі.
  • Акрамя гэтага, у апошнія гады ў Беларусі музыкаў сталі актыўна перасьледаваць за «палітычныя» песьні, выказваньні супраць рэжыму Лукашэнкі і вайны ва Ўкраіне і інш. Шэраг музыкаў затрымлівалі і асудзілі на розныя тэрміны зьняволеньня (напрыклад, музыкаў гуртоў Tor Band, Irdorath і інш.) ці «хатняй хіміяй» (як Litesound, Nizkiz, Мэрыем Герасіменку). Многія вымушана выехалі зь Беларусі пад пагрозай перасьледу.
  • У Расеі першыя сьпісы «забароненых артыстаў» пачалі зьяўляцца яшчэ да поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. У іх звычайна ўключалі адкрытых супернікаў Пуціна і ўдзельнікаў апазыцыйных пратэстаў, пасьля чаго такім артыстам часта адмянялі і зрывалі канцэрты. Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну сьпісы пачалі пашыраць, у асноўным за кошт тых, хто выступіў супраць ваеннай агрэсіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG