Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зурабішвілі назвала «пародыяй» інаўгурацыю Кавелашвілі. Яна пакідае прэзыдэнцкі палац


Саламэ Зурабішвілі
Саламэ Зурабішвілі

Пятая прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што добраахвотна пакіне прэзыдэнцкі палац.

«Я хачу зьвярнуцца да вас і прадставіць справаздачу. Шэсць гадоў таму я прыняла прысягу на Канстытуцыі, але яшчэ больш — у вернасьці краіне і вам. Таму я сёньня тут, і гэтая вернасьць не зьменіцца ні пры якіх абставінах — ці знаходжуся я ў палацы ці па-за ім. Я выйду адсюль з вамі і застануся з вамі. З сабой я забіраю легітымнасьць, сьцяг і ваш давер», — сказала яна грамадзянам, якія сабраліся ля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі.

Паводле яе слоў, інаўгурацыя новага прэзыдэнта Міхаіла Кавелашвілі — «пародыя», піша «Рэха Каўказа».

«І гэтая дзяржава не заслугоўвае такіх пародый... Яны зачыненыя, напалоханыя, прадажныя, нелегітымныя, непрызнаныя, падвергнутыя санкцыям. Мы ж адкрытыя, вольныя і спакойныя. За намі праўда, таму што ў нас любоў — любоў да краіны і любоў адзін да аднаго, і менавіта таму мы пераможам», — заявіла Саламэ Зурабішвілі.

Пятая прэзыдэнтка заклікала грамадзян і апазыцыйныя палітычныя сілы быць гатовымі да пазачарговых парлямэнцкіх выбараў:

«Я буду працаваць над стварэньнем умоваў для выбараў разам з усімі, хто ўключаны ў гэтую справу, каб вельмі хутка, праз некалькі дзён, мы маглі скласьці дакумэнт разам з запытам на выбары».

Раней апазыцыя заклікала Саламэ Зурабішвілі заставацца ў будынку парлямэнта пасьля 29 сьнежня. Апанэнты ўладаў таксама заявілі аб гатоўнасьці падтрымаць пятую прэзыдэнтку фізычна, калі гэта будзе неабходна.

Прэм’ер-міністар Іраклій Кабахідзэ, камэнтуючы гэтыя заявы, прыгразіў Зурабішвілі турэмным тэрмінам.

Міхаіл Кавелашвілі падчас інаўгурацыі
Міхаіл Кавелашвілі падчас інаўгурацыі

29 сьнежня ў будынку парлямэнту Грузіі прайшла цырымонія інаўгурацыі на пасаду прэзыдэнта былога футбаліста і дэпутата Міхаіла Кавелашвілі, абранага калегіям выбаршчыкаў 14 сьнежня. Ён прынёс прысягу ў якасьці шостага кіраўніка дзяржавы, перадае Грузінская служба Радыё Свабода.

Пятая прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі, апазыцыя і значная частка міжнародных партнэраў краіны не прызнаюць абраньне Кавелашвілі.

Сярод прысутных на інаўгурацыі Кавелашвілі былі заснавальнік і ганаровы старшыня кіруючай партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі, які трапіў пад фінансавыя санкцыі ЗША. Акрэдытаваныя ў Грузіі дыпляматы не былі запрошаныя на інаўгурацыю — прычынай назвалі «недахоп месцаў у залі». З раніцы нядзелі ў будынку дзейнічае жоўты ўзровень бясьпекі, уваход абмежаваны, а журналісты працуюць там па загадзя выдадзенай спэцыяльнай акрэдытацыі, піша «Рэха Каўказа».

Згодна з Канстытуцыяй, паўнамоцтвы дзейнага прэзыдэнта спыняюцца пасьля інаўгурацыі новага кіраўніка дзяржавы. Аднак Саламэ Зурабішвілі заявіла, што ня мае намеру складаць свае паўнамоцтвы. Яна лічыць парлямэнт нелегітымным, а абраньне Міхаіла Кавелашвілі назвала «насьмешкай з дэмакратыі».

  • У суботу тысячы жыхароў Грузіі па ўсёй краіне сталі ў «жывыя ланцугі», азнаменаваўшы пачатак другога месяца штодзённых праэўрапейскіх акцый. Масавыя вулічныя пратэсты ахапілі ўсю Грузію, калі ўрад кіруючай «Грузінскай мары» заявіў, што прыпыняе перамовы аб зьбліжэньні з ЭЗ да 2028 года. Дэманстранты патрабуюць таксама правядзення паўторных парлямэнцкіх выбараў, называючы вынікі галасаваньня ў кастрычніку сфальсыфікаванымі.
  • 22 сьнежня Зурабішвілі заявіла, што дае ўраду тыдзень на прызначэньне паўторных парлямэнцкіх выбараў. Тады яна паўтарыла, што не зьбіраецца пакідаць пасаду, бо лічыць мінулае галасаваньне нелегітымным.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG