Дзень у гісторыі
1910 — адбылося асьвячэньне касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёлу) на цяперашняй плошчы Незалежнасьці ў Менску. Пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году, Чырвоны касьцёл зачынілі для правядзеньня рамонту. Для вернікаў яго дагэтуль не адчынілі.
1944 — савецкія ўлады скасавалі Беластоцкую вобласьць БССР. Беласток і 17 з 23-х раёнаў вобласьці перадалі Польшчы, плюс яшчэ тры раёны Берасьцейскай вобласьці. У межах польскай дзяржавы апынулася значная колькасьць беларускага насельніцтва.
1945 — у Менску адкрыўся Літаратурны музэй Янкі Купалы.
1950 — у Нью-Ёрку выйшаў першы нумар газэты „Беларус“.
2020 — „Маршы справядлівасьці“ па ўсёй Беларусі. У Менску больш за 100 тысяч, шмат затрыманых.
У гэты дзень нарадзіліся
1752 — Геранім Страйноўскі, біскуп віленскі, асьветнік, правазнавец, эканаміст, аўтар падручніка „Навука права натуральнага, палітычнага, палітычнай эканоміі і права народаў“.
1764 — Юзэф Коцел, палкоўнік войскаў ВКЛ, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1794.
1903 — Натальля Арсеньнева, паэтка. Сярод яе вершаў — «Магутны Божа», які лічыцца духоўным гімнам беларусаў.
1937 — Аляксей Каўка, гісторык і літаратуразнаўца, дзяяч беларускага руху.
1943 — Ніна Мацяш, беларуская пісьменьніца і перакладчыца. Аўтарка зборнікаў паэзіі, сярод якіх «Агонь» (1970), «Прыручэньне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Паварот на лета» (выбранае, 1986), «Шчасьлівай долю назаві» (1990), і казак «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзя» (1982).
1959 — Яўген Паплаўскі, кампазытар.
У памяці
1993 — на ганку свайго дому ў Горадні стрэлам у сэрца забіты Дзьмітры Арцыменя, старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму. Забойства так і не было раскрытае.
2022 — Алег Алкаеў, былы начальнік менскага СІЗА „Валадарка“, аўтар кнігі „Расстрэльная каманда“.
https://smarturl.click/MAzp