Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўтарай мне, што ўсё будзе добра». Тацяна Нядбай пра паэзію ў часе рэпрэсій


Вокладка кнігі вершаў Тацяны Нядбай «Там, за сьцяной»
Вокладка кнігі вершаў Тацяны Нядбай «Там, за сьцяной»

Тацяна Нядбай — старшыня Беларускага ПЭНу, праваабаронца, мэнэджарка культурніцкіх праектаў, літаратарка.

У канцы году пагаварылі пра яе новую кнігу «Там, за сьцяной» і паэзію ў часе рэпрэсій, вершы як працяг праваабарончай дзейнасьці і асабістую самацэнзуру, уцёкі з роднага гораду і пракладваньне нябачных лябірынтаў для вяртаньня на радзіму.

Пра турэмныя і памежныя сьцены

— Назва вашай кнігі «Там, за сьцяной» дакладна перадае яе зьмест. Словы на вокладку вынесеныя з вашага верша: «Паўтарай мне, што ўсё будзе добра // паўтарай // словам не ператворыш пекла // у звонкі рай // але край нас яшчэ не раструшчыў // яшчэ ня край // патурай маім слабасьцям і словы важныя // паўтарай // хоць я чую трубы анёлаў // там, за сьцяной…». Калі ён напісаўся?

— Акурат гэты верш пісаўся, калі я была ў Менску. У засьценках ужо тады было шмат сяброў, знаёмых, іншых нявінных людзей, несправядліва асуджаных і затрыманых. Але ёсьць і вонкавая сьцяна — беларуская мяжа, за якой ужо тады таксама было шмат нашых — аптымістычых, бадзёрых, якія ўвесь час паўтаралі лёзунгі і мантры перамогі. Сёньня, жывучы па гэты бок сьцяны, памятаю тое сваё ўражаньне і спрабую ацэньваць тое, што кажу: як гэта будзе адгукацца і чуцца там, за сьцяной.

Тацяна Нядбай
Тацяна Нядбай

— Ці спрабавалі вы перадаць сваю кнігу ці хаця б асобныя вершы туды, за сьцены? Ці ўдавалася?

— Перадаць гэта выданьне ў турму наўрад ці атрымалася б — кніг жа туды проста не прымаюць і не перадаюць. А вось асобныя вершы высылала сябрам і знаёмым, зь якімі перапісвалася. Цяпер сувязі практычна няма, а раней была танюткая нітачка, то дакладна ведаю толькі пра некаторыя лісты, якія даходзілі. Вось жа дайшоў верш, прысьвечаны Алегу Гулаку, і дагэтуль для мяне загадка матывацыі цэнзара — прапусьціць гэты ліст… Што гэта — праява чалавечнасьці (даць зьняволеным магчымасьць даведацца пра важнае, сьмерць сябра, паплечніка) ці думка, што гэта нешта такое, што будзе прыгнятаць?

Пра месца паэзіі ў часе рэпрэсій

«Мама, мае сябры спрэс крымінальнікі // іх імёны ў зводках міліцыі і ў навінах // пастановах на ператрусы, раскладах судоў, // у сьпісах схільных да экстрэмізму»… Вершы вашай новай кнігі нарадзіліся ў жорсткай беларускай рэчаіснасьці апошніх гадоў, у якой, здавалася б, зусім няма месца паэзіі. Што для вас паэзія ў час рэпрэсій, гвалту, невымернага людзкога болю?

— У часы крызісу, перакананая, творца ня можа стаяць убаку. Творчасьць — гэта ня проста эстэтычнае задавальненьне, а і сьведчаньне эпохі, а таксама маральны імпэратыў, заклік да дзеяньня, да барацьбы за справядлівасьць. Паэзія становіцца актам супраціву. Гэта спроба захаваць чалавечнасьць у нечалавечых умовах, знайсьці сэнс у хаосе, прыгажосьць у цемры.

Мяне як дзяўчынку з добрай сям’і, якая сталела ў дзевяностыя, засьцерагалі, у тым ліку ад кепскіх кампаній. Так сталася, што многія мае хаўрусьнікі (калегі, паплечнікі, блізкія людзі) сёньня сядзяць у турмах або патэнцыйна могуць там апынуцца. Я задумваюся: як магу расказаць пра гэта? Бабуля казала мне, што ў «каталажку» трапляюць хуліганы і алькаголікі, і калі са мной здарыліся «суткі» ў 2006 годзе, мне спачатку было вельмі сорамна, хоць я нічога кепскага не зрабіла і дакладна гэта ўсьведамляла. Сьвет перакулены, карнавал, які традыцыйна меўся адбывацца раз на год, цяпер адбываецца ўвесь час, экстрэмізмам называюць тое, што ім не зьяўляецца, і наадварот. Словы таксама ў гэтай сытуацыі страчваюць сябе, свае значэньні і значнасьць.

І гэта выклік, бо ўвесь час даводзіцца шукаць новыя спосабы выказваньня, каб ня толькі сфармуляваць тое, што адчуваеш, што баліць, але і быць належным чынам пачутай, наогул быць пачутай. У сьвеце, дзе градус выказваньня ўвесь час падвышаецца, дзе загалоўкі мэдыя змагаюцца за ўвагу чытача, часам падаецца, што паэзія заключаецца ў тым, каб проста называць рэчы сваімі імёнамі і вяртаць нам нашу нармальнасьць, калі нормай стаў выхад па-за яе.

Пра паэзію на барыкадах

— Некалькі вершаў у кнізе маюць прысьвячэньні знаным праваабаронцам, якія ўвязьнененыя ў турмах у Беларусі і дапамогі ў вызваленьні якіх вы як кіраўніца Беларускага ПЭНу ўвесь час патрабуеце з высокіх эўрапейскіх трыбунаў. Ці можна сказаць, што вершы кнігі таксама скіраваныя да гэтай мэты?

— Мне ня блізкія публіцыстычныя вершы, хаця іх у гісторыі нашай літаратуры было шмат. У нейкія — барыкадныя — моманты такія вершы пасьпяхова выконваюць сваю функцыю.

Нашы героі гінуць за свабоду і за свае перакананьні, імёны герояў самі па сабе становяцца вершамі, паэзіяй, замовай… Маё жыцьцё сёньня шчыльна зьнітаванае з працай. Мае сябры ў турме ў нечалавечых умовах. З гэтым зьвязаныя эмоцыі, зь якімі я засынаю і прачынаюся, гэта частка маёй душы. Пры гэтым толькі нядаўна там, што вы называеце высокімі трыбунамі, я стала дазваляць сабе ўжываньне паэтычнага слова, і бачу, што на гэтых дэмакратычных барыкадах яно дазваляе перабіць звыклы бюракратычны наратыў статыстыкі і лічбаў: своеасаблівай кантрабандай пранесьці наш боль да адрасата.

Каб дасягаць гэтага, трэба або няспынна падвышаць градус, патас і надрыў, што мне здаецца не зусім сумленным і справядлівым, або заходзіць зь нечаканага боку. Спадзяюся, мне гэта ўдаецца.

У барацьбе за свабоду важная падтрымка ўсяго сьвету. Салідарнасьць — гэта ня проста словы, а канкрэтныя дзеяньні, скіраваныя на абарону правоў чалавека, на дапамогу тым, хто пакутуе ад рэпрэсій. Разам мы мацнейшыя.

Пра асабістую справу

— У кнізе два разьдзелы. Першы называецца «Асабістая справа». Але ж у ім, здаецца, нічога асабістага…

— «Асабістая справа» — гэта клясычная сёньняшняя сытуацыя, калі ўсё сказанае намі можа быць выкарыстана супраць нас: проста расказваючы пра свае дасягненьні ці пра даробак нашых сяброў, мы «нагаворваем» у публічнай прасторы матэрыял на крымінальную справу. Зноў той самы перакулены сьвет, дзе злачынствам называюць змаганьне за справядлівасьць, а сапраўдны экстрэмізм хаваецца пад мундзірамі тых, хто ад імя дзяржавы мусіў бы нас ахоўваць.

Канцэпт «асабістай справы» выкарыстоўваўся таксама дысыдэнтамі, але па-новаму для мяне загучалі гэтыя словы таксама ад замежных партнэраў. Некаторыя зь іх зазначаюць, што праваабарончая дзейнасьць, фокус на Беларусі — для іх асабістая справа, значыць, ня толькі і ня столькі працоўны абавязак і функцыя. Безумоўна, гэта вельмі істотна. Такі падыход ня самы часты, але людзі, якія яго датрымліваюцца, заўсёды ўкладаюць душу ў тое, што робяць. Яны робяць сваю справу, ставячы ў цэнтар чалавека, і такім чынам ня так хутка здаюцца і зьнясільваюцца ад, здавалася б, безвыніковай барацьбы.

Пра кампрамат з мінулага

— Другому разьдзелу кнігі, у якім зьмешчаныя вершы 2003–2018 гадоў, вы далі назву «Кампрамат зь мінулага». А ў ім ніякага кампрамату, а суцэльная лірыка. То чаму і адкуль такая назва?

— Насамрэч, мае стылістыка пачала зьмяняцца з 2017 году, калі я апынулася ў кіраўніцтве Беларускага ПЭНу. З аднаго боку, публічная пасада, якая ставіць пад сьвятло сафітаў і пад прыцэл камэраў. З другога боку, спэцыфіка працы — праваабарончая дзейнасьць… Ня хочацца спрашчаць працу тым, хто шукае, за што цябе можна «ўзяць». А лірыка — тое, што робіць адкрытай і безабароннай, расказвае пра дарагое, пра балючыя месцы, пра тое, куды можна біць і, галоўнае, трапляць. Самацэнзура — можна назваць гэта і так: давялося стаць больш закрытай, менш гаварыць аб прыватным, не паказваць занадта асабістых слабасьцяў і радасьцяў.

«Кампрамат» — гэта пэўнага кшталту гульня з сабой: спроба адкрыць скрыначку з даўнімі таямніцамі, многія зь якіх сталі настолькі далёкімі, што ўжо нібыта і не мае, нібыта з чужога жыцьця. Некаторыя вершы, зрэшты, я з моманту напісаньня і да рукапісу кнігі не перачытвала, і калі б ня праца рэдактаркі, можа, яны б ніколі не былі апублікаваныя. Сёньня, зазіраючы ў іх, мне самой цікава, ці зможа нешта ў іх мяне зачапіць.

Пра ўцёкі і вяртаньне ў родны Полацак

— Другі разьдзел пачынаецца вершам, прысьвечаным вашаму роднаму гораду Полацку: «Я вярнуся ў цябе — мёртвай». Страшнае прароцтва. Калі вы апошні раз былі ў Полацку? І няўжо сапраўды прадчуваеце так наконт вяртаньня, як напісалі ў вершы?

— Гэты верш быў напісаны досыць даўно, у часы, калі — з розных прычынаў — хацелася з Полацку ўцякаць, такая дзёрзкая спроба разарваць пупавіну. Але потым кожная рака ў іншых гарадах вымяралася Дзьвіной, а ў снах Полацак таксама не адпускаў. І пачалося маё вяртаньне ня толькі да Полацку, але і да сябе. Адсюль, ужо з выгнаньня, сьніцца польска-полацкая мяжа, якую пераадольваю, часам нават усьведамляючы, што сьню. Еду на сустрэчу з бабуляй, якая памерла, якая заўжды мяне там чакала.

Сёньня, разумеючы, што неўнікнёнасьць сьмерці некуды ўсё адно нас прывядзе, вярнуцца ў Полацак — адна з найлепшых пэрспэктываў — не падаецца ўжо страшным прароцтвам. Але перад тым мы яшчэ, веру, неаднаразова вернемся ў яго, у свой горад. Пакуль жа пракладаем у яго нябачныя сьцежкі. Лябірынты вядуць нас туды.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG