Урад Украіны на пасяджэньні 24 сьнежня ўхваліў законапраект аб унясеньні зьменаў у некаторыя законы ў сувязі з абнаўленьнем афіцыйнага перакладу Эўрапейскай хартыі рэгіянальных або мінарытарных моваў.
Як паведаміў прадстаўнік ураду ў парлямэнце Тарас Мельнічук у сваім Telegram-канале, раней назва гэтага міжнароднага дакумэнту перакладалася на ўкраінскую як «Эўрапейская хартыя рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў».
«Прапануецца абнавіць пералік моваў, да якіх будзе выкарыстоўвацца адпаведны рэжым падтрымкі і асаблівай абароны, прадугледжаны Хартыяй. У прыватнасьці, прадугледжваецца, што ва Ўкраіне палажэньні Хартыі будуць выкарыстоўвацца да такіх моваў: баўгарская, гагауская, крымскататарская, навагрэцкая, нямецкая, польская, румынская, славацкая, вугорская, чэская і іўрыт», — паведаміў Тарас Мельнічук.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Укрінформ» удакладніла, што «расейская і беларуская мовы больш ня будуць лічыцца такімі, што патрабуюць асобнай абароны і падтрымкі».
Эўрапейскую хартыю рэгіянальных моваў ухвалілі ў Страсбургу 5 лістапада 1992 году. Дакумэнт вызначае, што статус рэгіянальнай мае мова, якую выкарыстоўваюць ад 2% да 10% носьбітаў у тым ці іншым рэгіёне. У пералік рэгіянальных моваў Эўропы ўваходзяць 42 мовы, у тым ліку беларуская і расейская.
Беларуская мова — адзіная сярод тытульных моваў дзяржаваў постсавецкай прасторы, якой пагражае зьнікненьне.
Паводле крытэраў UNESCO, крытычны парог самаўзнаўленьня для мовы — 30% практычных носьбітаў. Адпаведна, у 2009 годзе беларуская мова трапіла ў Атляс моваў сьвету ў небясьпецы UNESCO ў стане vulnerable (аслабленай, уразьлівай).
Сёлета ў чэрвені Кабінэт міністраў Украіны зацьвердзіў пералік моваў нацыянальных меншасьцяў (супольнасьцяў) і карэнных народаў Украіны, якім пагражае зьнікненьне, — у пералік трапіла і беларуская мова. Для захаваньня і разьвіцьця гэтых моваў абяцалі дзяржаўную падтрымку.
Форум