Федэральны дэпартамэнт эканомікі, адукацыі і дасьледаваньняў (EAER) у межах сваёй кампэтэнцыі ў санкцыйнай палітыцы пашырыў абмежаваньні, ухваленыя 16 сьнежня Эўразьвязам супраць Беларусі і Расеі.
«Санкцыйны сьпіс Швайцарыі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расеі супраць Украіны і сытуацыяй у Беларусі цалкам адпавядае санкцыйнаму сьпісу ЭЗ», — адзначаецца на афіцыйным сайце Фэдэральнай рады краіны.
Згодна з паведамленьнем, абмежаваньні датычацца 26 фізычных асоб і 2 арганізацый зь Беларусі, актывы якіх будуць замарожаныя. Апроч таго, ім забаронена надаваць фінансавыя і эканамічныя рэсурсы, а таксама тэхнічныя паслугі.
«Асобы, якія трапілі пад санкцыі, у асноўным, прадстаўнікі судовай сыстэмы, у тым ліку судзьдзі, адказныя за падаўленьне грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, а таксама кіраўніцтва пенітэнцыярных устаноў, дзе жорстка абыходзяцца з палітычнымі зьняволенымі, — дадаткова падпадаюць пад абмежаваньне на выезд», — адзначаецца ў паведамленьні.
Эўразьвяз 16 сьнежня ўхваліў 15-ы пакет санкцый у адносінах да рэжымаў Расеі і Беларусі. Матывацыя новых санкцый супраць афіцыйнага Менску — «у сувязі з сытуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны».
Як паведамлялася, у санкцыйны сьпіс трапілі судзьдзі Вера Філонік, Ірына Прадун, Віталь Сініла, Вадзім Мазоль, Ніна Шастак, Ірына Майко, Васіль Бягун, Яўген Брэган, Аляксандар Мохараў, Алеся Осіпава, Віктар Новік.
Таксама ў санкцыйны сьпіс трапілі начальнік папраўчай калёніі № 13 Вадзім Мурашка, супрацоўнікі СІЗА № 1 Сяргей Бярэйшык і Мікалай Мушкараў, начальнік папраўчай калёніі № 9 Сяргей Петраковіч і начальнік мэдычнай часткі турмы № 1 Віктар Лутцаў.
Папярэдні пакет санкцый адносна Беларусі Эўразьвяз увёў у чэрвені сёлета. Абмежаваньні адносна Беларусі, уведзеныя ў чэрвені, былі накіраваныя на гандаль, паслугі, транспарт і перадухіленьне абыходу ўжо існуючых санкцый.
Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.
Форум