Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што сузаснавальнік асацыяцыі сваякоў палітвязьняў дзякаваў Лукашэнку, крытыкаваў Ціханоўскую і заходніх дыпляматаў


Ірына Слаўнікава і Аляксандар Лойка. Архіўнае фота
Ірына Слаўнікава і Аляксандар Лойка. Архіўнае фота

Аляксандар Лойка — прадпрымальнік, муж палітзьняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай, а таксама адзін з сузаснавальнікаў Асацыяцыі родных і былых палітзьняволеных.

У інтэрвію «Люстэрку» Аляксандар Лойка дзякуе Аляксандру Лукашэнку, крытыкуе заходніх дыпляматаў і Сьвятлану Ціханоўскую, а таксама заклікае дамаўляцца з рэжымам.

Аляксандра Лойку і Ірыну Слаўнікаву затрымалі 30 кастрычніка 2021 году ў менскім аэрапорце, калі сужэнцы вярталіся з адпачынку ў Эгіпце. Пасьля 45 сутак адміністрацыйнага арышту Аляксандра вызвалілі. А Ірыну асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы яе вінаватай ва ўдзеле ў масавых пратэстах паводле арт. 342 і арт. 361−1.

Суд над былой журналісткай «Белсату» праходзіў у закрытым рэжыме. Ірына адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі.

Цяпер Аляксандар Лойка — адзін з сузаснавальнікаў Асацыяцыі родных і былых палітзьняволеных FreeBelarusPrisoners, створанай на пачатку 2023 году.

Аляксандар Лойка расказаў «Люстэрку», што, акрамя яго, у арганізацыі тры сузаснавальніцы: Тацяна Хоміч, Сьвятлана Мацкевіч і Вольга Івашына.

Мэтай гэтай асацыяцыі Лойка называе дапамогу палітзьняволеным. Лойка расказаў, што іх структура мае кантакты як з заходнім, так і зь беларускім уладным бокам.

«Найперш мы заўсёды настойвалі на тым, што зь беларускім бокам трэба размаўляць. Варта падзяліць пытаньні перамоваў па палітвязьнях і санкцыях. Нас абвінавачваюць у тым, што мы настойваем на іх зьняцьці ў абмен на людзей. Але да гэтага моманту нічога падобнага не адбывалася, а палітвязьні па памілаваньні выходзілі.

Мы настойваем на гуманітарным перамоўным трэку. Ёсьць гуманітарны сьпіс (дакумэнт складзены праваабаронцамі, паводле зьвестак на лета гэтага году ў яго ўваходзілі больш за 250 чалавек). У першую чаргу наша мэта — вызваленьне гэтых людзей», — заявіў, сярод іншага, Лойка.

Пра санкцыі і вызваленьне палітвязьняў

Паводле ягоных слоў, цяпер зь беларускага боку размовы пра зьняцьцё санкцый не ідуць. На ягоную думку, афіцыйны Менск хоча сустракацца на высокім узроўні з прадстаўнікамі заходніх краін і размаўляць без усялякіх умоў.

«Хадзілі размовы пра тое, што рэжым і Лукашэнка ня хочуць ні з кім размаўляць. Маўляў, Захад ня мае чаго прапанаваць, увогуле ніхто ня мае чаго прапанаваць. Гэта няпраўда. Яны заўсёды былі гатовыя ісьці на кантакт».

Беларускі бок нібыта гатовы ісьці на кантакт апошнія два-тры гады, але яны хочуць гаварыць не праз плот, — кажа суразмоўца.

На яго думку, беларускія ўлады могуць адпусьціць усіх палітвязьняў.

«Усё будзе залежаць ад таго, што прапануюць узамен, скажам так, — падкрэсьліў ён. — Мы зноў вяртаемся да пытаньня, якія будуць умовы перамоваў. Адным зь іх можа быць тое, каб рэпрэсіі, арышты, палітычна матываваныя судовыя справы не працягваліся. Гэта першы момант.

Другі — колькасьць прызнаных палітвязьняў за апошнія паўгода зьменшылася. Улетку было 1409, цяпер — 1299. Людзі, якіх цяпер прызнаюць палітвязьнямі, магчыма, былі арыштаваныя паўгода-год таму, яшчэ да ўсіх гэтых хваляў памілаваньня. І цяпер праваабаронцы проста даведаюцца, што там над кімсьці адбываецца суд — і зьяўляецца новы палітвязень. А за кратамі ён даўнавата.

Так, рэпрэсіі працягваюцца, я згодзен. Але мы не валодаем поўнай інфармацыяй, у нас занадта мала зьвестак, каб правесьці нейкую паўнавартасную аналітыку».

Аб кантактах з Захадам

Аляксандар Лойка адзначыў, што просіць заходніх палітыкаў аб сустрэчах зь беларускім бокам.

«І нават можам паспрабаваць пасадзейнічаць арганізацыі гэтай сустрэчы. А эўрапейскія палітыкі... Калі вярнуцца крыху назад: любая эўрапейская дыпляматыя, прадстаўнікі МЗС альбо падразьдзяленьні, якія займаюцца ўвогуле пытаньнямі іншых краін, у тым ліку і Беларусі, атрымліваюць так званую экспэртызу, аналіз палітычнай сытуацыі ў краіне. Яны гэтага нават не хавалі.

У нас былі сустрэчы ў пасольствах, яны казалі: „Мы ня будзем атрымліваць экспэртызу ад розных прадстаўнікоў апазыцыі. У вас ёсьць нацыянальны лідэр? Мы атрымліваем экспэртызу ў вашага нацыянальнага лідэра“ (гаворка пра Сьвятлану Ціханоўскую.) Нацыянальны лідэр кажа: ніякіх размоваў, ніякіх перамоваў, толькі душыць рэжым санкцыямі, і ўсё. І далей яны мець зносіны не жадаюць».

Аб Ціханоўскай

Лойка адзначыў, што аднойчы ў 2022 годзе размаўляў са Сьвятланай Ціханоўскай, якая прытрымліваецца пазыцыі ціску на ўлады, і яму «гэтага было дастаткова і зразумела».

«Таксама на сувязь зь Ціханоўскай выходзіла з нашай асацыяцыі Тацяна Хоміч. І з арганізацыі „Палітвязынка“ Жэня Доўгая, якая яе ўзначальвае, спрабавала зь ёю размаўляць. Яна вельмі агрэсіўна да нас адносіцца. Ёй не падабаецца нейкая крытыка, іншае бачаньне. І ўвогуле ў Офісе насамрэч пачынаюць неяк зрушвацца ў бок такога ж дыктату і таталітарызму, які існуе ў Беларусі. Калі нешта не на іх думку, не на іх жаданьне ці бачаньне — значыць, да пабачэньня. Будуць ставіць палкі ў колы і не даваць прасоўваць нейкія свае ідэі. Таму і Вольга Гарбунова пайшла, і Валер Кавалеўскі, і Валер Сахашчык. Яны ж практычна адначасова ўсе пайшлі. А прыходзяць тыя, хто непасрэдна згодзен і падтаквае. І гэта насамрэч вялікая праблема, мы можам зноў вярнуцца да таго, з чым спрабуем змагацца».

На пытаньне, ці ня стане легітымізацыяй цяперашніх уладаў і, па сутнасьці, усяго, што адбываецца ў Беларусі, сустрэча заходніх палітыкаў з прадстаўнікамі рэжыму, Лойка адказаў так:

«Гэта ня будзе легітымізацыяй. Усё будзе залежаць ад матыву паездкі. Калі гэта будзе размова наконт тых жа палітвязьняў — я лічу, гэта, наадварот, вельмі быў бы нядрэнны крок для таго, каб, прынамсі, данесьці адзін аднаму сваю пазыцыю. Поўны бан вядзе да таго, што Беларусь проста стане часткай Расеі. І тады нешта памяняць будзе практычна немагчыма.

Так ці інакш нават з тэрарыстамі размаўляюць. Расея вядзе вайну ва Ўкраіне. Аднак з Пуціным чамусьці размаўляюць, лічачы яго агрэсарам, забойцам і гэтак далей? Тым больш, гэтая сустрэча магла б адбыцца для таго, каб данесьці пазыцыю і абмяняцца думкамі. Бо не размаўляючы праблему ня вырашыць».

Лойка згодны са сьцьвярджэньнем, што беларускі бок таксама найперш свае інтарэсы ўлічвае.

«Але ня трэба тады заяўляць, што мы будзем разам зь беларускім грамадзтвам, з дэмакратычнымі сіламі і зробім усё магчымае для таго, каб людзі выходзілі з турмаў. Але што яны робяць, калі нават не жадаюць ні з кім сустракацца? Добра, не сустракацца. Патэлефануйце, скажыце: давайце мы рэйсы „Белавія“ адкрыем. За гэта адпусьціце 500 чалавек, напрыклад. Вось і ўсё. Проста патрэбная добрая палітычная воля, але ніхто яе праяўляць ня хоча?»

Эўропа не гатовая ўзмацняць абмежаваньні, бо гэта нанясе шкоду іх эканоміцы і іх інтарэсам, лічыць Лойка.

«Самай вялікай праблемай для рэжыму было б поўнае блякаваньне гандлёвых шляхоў, поўная блякада. Адключэньне „сьвіфтаў“ банкаў, поўная замарозка руху грашовых сродкаў. Чаму гэтага ня робіцца? Таму што ад гэтага найперш панясе страты эўрапейская эканоміка. Эўропа будзе пакутаваць найперш, таму яны ня робяць таго, што наносіць шкоду. Пакуль ёсьць Расея пад бокам, Беларусь ад санкцый ніколі не разваліцца і рэжым там ніколі не ўпадзе. Гэта проста наіўна меркаваць. Уся гэтая санкцыйная палітыка ні на што не ўплывае ў пляне менавіта таго, каб пахіснуць рэжым. Але яна ўплывае на тое, што Беларусь поўнасьцю становіцца залежнай ад Расеі. І ўсё гэта вельмі дрэнна. Потым яе адтуль выдраць нават кіпцюрамі ня ўдасца».

Лойка падкрэсьлівае, што кожны павінен мець права выбару — падпісваць ці не падпісваць прашэньне.

Падзяка Лукашэнку

Таксама Аляксандар Лойка асобна папрасіў уключыць у тэкст інтэрвію наступныя словы:

«Я кажу гэта толькі ад сябе, не ад асацыяцыі. Гэта мая асабістая думка. Я выказваю падзяку Аляксандру Лукашэнку за тое, што ён працягвае падпісваць указы аб памілаваньні людзей. Хаця, у прынцыпе, ён нічога зараз пакуль узамен не атрымлівае. Але гэта вельмі важны крок. І спадзяюся, што да Новага году ён прыме рашэньне, якое дазволіць як мага большай колькасьці людзей, якія сядзяць цяпер па „палітычных“ артыкулах, сустрэцца са сваімі сем’ямі і правесьці сьвята сярод сваіх родных.

Камісія па памілаваньні таксама робіць сваю працу. Ніхто на іх асабліва не ўплывае. Зразумелая рэч, іх абвінавачваюць у тым, што „самі арыштавалі — самі памілавалі“. Але калі б яны гэтым не займаліся, дык людзі б не выходзілі. Я цудоўна ведаю, што ў іх там таксама ёсьць свае нейкія спрэчкі і баталіі. Той жа Юры Васкрасенскі выступае за тое, каб памілавалі як мага больш людзей. Ёсьць тыя, хто скептычна да гэтага ставіцца.

Але дай Бог, каб гэты працэс працягваўся далей. Адзінае, хацелася б, каб людзей выпускалі больш».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG