Дырэктарка Школы ўсходніх моваў пры Цэнтры Ўсходняй Эўропы Інга Катаньска паведаміла праз электронную пошту, што ў ноч на 20 сьнежня ў Казіміраўскім парку, што ў цэнтры Варшавы, быў замах на жыцьцё кіраўніка Цэнтру і дырэктара стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Яна Маліцкага.
Паводле ліста Катаньскай, двое мужчын спыталі ў Маліцкага, як яго зваць. Калі Маліцкі назваўся, атрымаў удар па галаве і страціў прытомнасьць. Ён апрытомнеў у машыне хуткай дапамогі. Прафэсара даставілі ў шпіталь у Варшаве.
Вядома, што напад адбыўся ўвечары па Каляднай сустрэчы, пасьля якой Ян Маліцкі вяртаўся ва ўнівэрсытэцкую сядзібу. У Казіміраўскім парку да яго падышлі двое ў вопратцы, падобнай да формы гарадзкой варты, таму на пытаньне пра імя ён адказаў. Затым яго выцялі па галаве, ад чаго ён страціў прытомнасьць. Хуткую дапамогу выклікаў выпадковы мінак.
У бюро стыпэндыяльнай праграмы ўраду Польшчы імя Кастуся Каліноўскага паведамілі Радыё Свабода, што такі трагічны выпадак з прафэсарам Маліцкім сапраўды адбыўся гэтай ноччу, цяпер Ян Маліцкі ў шпіталі праходзіць мэдычныя абсьледаваньні, пасьля якіх можна будзе сказаць, якую шкоду ягонаму здароўю гэты напад нанёс.
Ад сына Яна Маліцкага стала вядома, што ў прафэсара дыягнаставалі страсеньне мозгу, ён прытомны і лекары спадзяюцца, што ён хутка паправіцца.
Праграма імя Каліноўскага — польская дзяржаўная стыпэндыяльная праграма дапамогі беларускай моладзі, створаная ў 2006 годзе пасьля разгону Плошчы-2006 і пачатку хвалі рэпрэсій.
Праграма прызначалася для студэнтаў, адлічаных зь беларускіх ВНУ з палітычных прычынаў. Зь цягам часу на праграму таксама пачалі прымаць беларусаў, якія ня могуць працягваць сваю адукацыю ў Беларусі праз свае палітычныя погляды, якія ўдзельнічалі ў абароне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт з гэтай нагоды выказаў свой пратэст:
«Мы рашуча асуджаем напад на дырэктара Стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага прафэсара Яна Маліцкага, з высокай доляй імавернасьці зроблены рукамі або прадстаўнікоў спэцслужбаў, або іх памагатых.
Нашыя думкі з прафэрасам Янам Маліцкім, якому мы зычым найхутчэйшай папраўкі.
Праграма Каліноўскага ахоплівае досыць вялікую катэгорыю беларускіх маладых інтэлектуалаў, і мы вельмі ўдзячныя Міністэрству замежных спраў Польшчы за яе сталую падтрымку і ўзаемадзеяньне».
Форум