Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі зноў фіксуюць збоі ў працы YouTube. Пра блякаваньне сэрвісу сёньня спытаў Пуціна беларускі блогер


Карыстальнікі YouTube з Расеі скардзяцца на праблемы з доступам да відэасэрвісу на мабільных прыладах.

Кліенты мабільных апэратараў МТС, «Мегафон», «Білайн» і Т2 паведамляюць пра збоі ў працы відэахостынгу YouTube на тэрыторыі Расеі. Ролікі загружаюцца вельмі павольна ці не загружаюцца наогул, паведамляе РБК. паводле крыніцы выданьня, зь сярэдзіны сьнежня расейскія ўлады пачалі ўзмацняць блякаваньне YouTube і распаўсюдзілі яго на мабільную вэрсію сэрвісу.

Крыніца «Медузы» ў адным з апэратараў паведаміла пра рост скаргаў, але зь вечара 18 сьнежня. Паводле зьвестак The Bell, ужо 18 сьнежня трафік YouTube у Расеі апынуўся на 20% ніжэй за паказчыкі 17 сьнежня.

Пра падзеньне трафіку з Расеі сьведчаць і зьвесткі сэрвісу «Сбой.рф».

Пра тое, што са сьнежня ў Расеі сталі больш актыўна блякаваць відэахостынг, паведамляе і «Медиазона», якая зьвярнула ўвагу на зьвесткі Google. Згодна зь ім, выкарыстаньне YouTube расейцамі пачало рэзка скарачацца з пачатку месяца. Да 19 сьнежня трафік сэрвісу працягваў падаць.

  • Пра магчымае блякаваньне YouTube у Расеі загаварылі пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Крэмль абяцаў пачаць запавольваньне відэахостынгу за тое, што сэрвіс не блякуе забароненых у Расеі расейскамоўных незалежных СМІ і незалежных журналістаў, а таксама не выконвае палітыкі Крамля ў асьвятленьні вайны супраць Украіны.
  • У ліпені 2024 году праца YouTube у Расеі была запаволена. Спачатку расейскія ўлады заяўлялі, што гэта адбылося з прычыны зносу абсталяваньня, але пазьней прызналі, што працу Youtube запаволілі наўмысна, і назвалі гэта «вымушаным крокам», які накіраваны супраць адміністрацыі плятформы. У лістападзе YouTube у Расеі зноў запрацаваў без запавольваньня.
  • Падчас прамой лініі 19 сьнежня блогер родам зь Беларусі Ўлад Бумага спытаў Пуціна, навошта блякаваць YouTube, калі «нашы расейскія» відэаплятформы «і так спраўляюцца з задачай». Пуцін у адказ заявіў, што Google і YouTube павінны перастаць «злоўжываць сеткай для дасягненьня палітычных мэтаў сваіх урадаў» і выконваць расейскія законы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG