У Нарвэгіі выпусьцілі каляндар на 2025 год з фатаздымкамі і кароткімі біяграфіямі жанчын-палітвязьняў з усяго сьвету.
На студзеньскай старонцы — беларуская палітзьняволеная Марыя Калесьнікава. Побач з фота і сеткай датаў — невялікае апісаньне, заўважыла выданьне KYKY.
«Марыя — вядомая палітычная актывістка зь Беларусі. Яна адыгрывала цэнтральную ролю ў перадвыбарнай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай у 2020 годзе. Пасьля выбараў яе арыштавала паліцыя, пазьней Марыю асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі за „пагрозу нацыянальнай бясьпецы“. Незалежныя крыніцы апісваюць стан яе здароўя як крытычны пасьля катаваньняў і нечалавечых умоваў. У турме ёй адмаўляюць у неабходнай мэдычнай дапамозе», — напісана ў календары.
- 7 верасьня 2020 году Марыю Калесьнікаву ў цэнтры Менску выкралі сілавікі. Яны адвезьлі Марыю, а таксама яе калегаў у штабе Івана Краўцова і Антона Раднянкова, на мяжу з Украінай і спрабавалі іх сілком выправадзіць з краіны. Калесьнікава адмовілася пакідаць Беларусь: яна парвала пашпарт, выскачыла з машыны і вярнулася на беларускі бок, дзе яе зноў затрымалі.
- У верасьні 2021 году суд прыгаварыў Марыю Калесьнікаву да 11 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яе вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: змова з мэтай захопу ўлады; заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы; стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ім. Яе і адваката Максіма Знака судзілі за зачыненымі дзьвярыма. Праваабаронцы прызналі Марыю Калесьнікаву палітзьняволенай.
- У лістападзе 2022 году Калесьнікавай зрабілі экстраную апэрацыю ў Гомельскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі, куды яе даставілі ў цяжкім стане. У палітзьняволенай дыягнаставалі пэрытаніт (запаленьне брушыны), які стаў ускладненьнем прабадной язвы. Тады ж яна апошні раз бачылася з бацькам — ён наведаў яе ў мэдчастцы. Пасьля гэтага Калесьнікава знаходзілася ў рэжыме інкамунікада больш за паўтара года.
- 23 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію брытанскаму журналісту Стывэну Розэнбэргу сказаў, што гатовы разгледзець магчымасьць памілаваньня Калесьнікавай, калі паступіць такая просьба, і заявіў, што яе сям'я, магчыма, ня хоча сустрэцца зь ёю. Сястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч зьняпраўдзіла заявы Лукашэнкі і сказала, што пасьля гэтых заяваў сям'я зноў будзе дамагацца спатканьня зь ёю, хоць усе папярэднія спробы скончыліся няўдала.
- 12 лістапада палітзьняволеная Марыя Калесьнікава сустрэлася са сваім бацькам Аляксандрам Калесьнікавым у мэдычнай частцы калёніі пасьля 21 месяца ізаляцыі.
Форум