Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 беларусы ня могуць выбрацца з Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Башара Асада


Ілюстрацыйнае фота. Сырыйцы на плошчы Марджэх у Дамаску каля статуі, дзе людзі, якія шукаюць зьніклых бязь вестак сваякоў, разьмяшчалі нататкі з просьбай даць інфармацыю пра іх месцазнаходжаньне, 18 сьнежня 2024 году
Ілюстрацыйнае фота. Сырыйцы на плошчы Марджэх у Дамаску каля статуі, дзе людзі, якія шукаюць зьніклых бязь вестак сваякоў, разьмяшчалі нататкі з просьбай даць інфармацыю пра іх месцазнаходжаньне, 18 сьнежня 2024 году

У адным з гатэляў Дамаску чакаюць эвакуацыі 23 грамадзяніны Беларусі, паведаміла выданьню «Люстэрка» крыніца, знаёмая з сытуацыяй. Інфармацыю выданьню пацьвердзілі ў беларускай дыпляматычнай місіі ў Сырыі.

Пра праблемы, якія ўзьніклі ў 23 грамадзян Беларусі ў Сырыі, «Люстэрку» расказаў грамадзянін Лібану Ахмад (імя зьмененае). Мужчына доўгі час працаваў у Беларусі. Ён кажа, што адзін зь беларусаў у Дамаску — ягоны знаёмы.

«Ён патэлефанаваў мне на мінулым тыдні, 11 сьнежня, ужо пасьля таго, як быў скінуты рэжым Башара Асада, і прасіў дапамагчы з выездам. Таму што, паводле яго, амбасада Беларусі зрабіць гэтага ня можа», — сьцьвярджае суразмоўца. — Мой знаёмы і ягоныя калегі працавалі ў Дамаску паводле працоўных дамоваў, усе яны мужчыны, большасьць зь іх — электрыкі і будаўнікі. Ён кажа, што ім страшна нават выходзіць з гатэля».

Дзе менавіта працавалі 23 грамадзяніны Беларусі, якія цяпер у Дамаску, Ахмад ня ведае. Паводле яго, усе яны ў складаных умовах, у іх канчаюцца грошы. Вылецець з Сырыі яны ня могуць, бо міжнародны аэрапорт Дамаску яшчэ 8 сьнежня закрылі для палётаў, а з 13 сьнежня рэйсы прыбываюць і адпраўляюцца паводле спэцдазволаў, і такія абмежаваньні будуць дзейнічаць прынамсі да 24 сьнежня. З Сырыі цяпер можна выехаць толькі па зямлі.

«Ад Дамаску да мяжы зь Лібанам — каля 40 кілямэтраў. Але, па-першае, дарогі месцамі разбураныя, а па-другое, на іх шмат салдатаў Сырыйскай вызваленчай арміі, [ад якой незразумела, чаго чакаць]», — кажа суразмоўца выданьня.

Паводле Ахмада, беларусы на мінулым тыдні зьвязваліся з дыпляматамі Беларусі.

Журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў у беларускую дыпляматычную місію ў Сырыі пад выглядам сваяка аднаго з тых, хто знаходзіцца ў Дамаску.

«Так, мы ведаем пра гэтую сытуацыю, — адказаў яму супрацоўнік амбасады. — Усе 23 грамадзяніны Беларусі цяпер знаходзяцца ў гатэлі, плянуецца, што хутка яны павінны выехаць. Пытаньне па іх вырашаецца, якраз зараз мы гэтым займаемся. Дакладнай даты пакуль няма, але мы ў курсе гэтага пытаньня, вырашаем яго. Іх эвакуююць у Менск, пытаньне толькі ў тым, калі».

  • 27 лістапада ўзброеныя сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі сырыйскага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс), а 8 сьнежня ўвайшлі ў Дамаск, падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад.
  • У МЗС Расеі заявілі, што Башар Асад правёў перамовы з апазыцыйнымі сіламі і ў выніку «вырашыў пакінуць прэзыдэнцкую пасаду, пакінуў краіну і даў указаньне перадаць уладу мірным шляхам». Увечары Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак.
  • Лідэры паўстанцаў абяцаюць сфармаваць новы ўрад шляхам выбараў.
  • МЗС Беларусі адразу выказвала падтрымку Башару Асаду, а таксама «ўраду і народу брацкай Сырыі ў сувязі з атакамі тэрарыстычных фармаваньняў у правінцыях Алепа і Хама». Пазьней у ведамстве гаварылі ўжо пра «прадстаўнікоў узброенай апазыцыі, якая прыйшла да ўлады».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG