Як сьцьвярджаецца ў паведамленьні прэс-службы МУС, супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС устанавілі «ня менш за 10 чалавек», якія, знаходзячыся ў Польшчы і Ўкраіне, стварылі полк імя Кастуся Каліноўскага. СК завёў супраць іх шэраг крымінальных спраў, гаворыцца ў паведамленьні.
МУС сьцьвярджае, што яны нібыта ставілі сабе за мэту «ўчыненьне тэрактаў у Беларусі, захоп дзяржаўнай улады». Таксама гаворыцца, што супраць «названых і іншых асобаў» завялі крымінальныя справы за злачынствы, «зьвязаныя з падрыхтоўкай, навучаньнем і вэрбаваньнем для ўдзелу ў ваенным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы, распаўсюджваньнем заведама ілжывых зьвестак аб эканамічным, палітычным, ваенным і міжнародным становішчы нашай краіны».
З тэлеграм-канала Сьледчага камітэту «Специальное производство. Официально» стала вядома, што крымінальныя справы ў парадку спэцвядзеньня завялі на пяцёх удзельнікаў палка Каліноўскага, заўважылі праваабаронцы «Вясны». Гаворка пра Арцёма Бігеля, Вячаслава Граноўскага, Ігнація Кірэева, Анастасію Махамет і Яна Мельнікава.
Ім інкрымінуюць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму» і «арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі».
- Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка таго ж году ён увайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны, а 21 траўня ён быў трансфармаваны ў полк імя Кастуся Каліноўскага.
- У Беларусі па факце стварэньня палка Каліноўскага раней завялі крымінальную справу, яго прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Любая дапамога палку ці нават намер дапамагчы, а таксама жаданьне ўступіць у полк жорстка перасьледуюцца ўладамі.
- 25 верасьня 2024 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў полк Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй».
Форум