Ужо вядома, што саму Расею на ім прадставіць сьпявак Shaman.
Беларусь на конкурсе «Интервидение» прадставіць Насьця Краўчанка. Пакуль невядома, якую менавіта песьню яна выканае. Вядомасьць 21-гадовай сьпявачцы прынёс трэк пад назвай «Ромашки». Вядома таксама, што яна запісала кліп з музыкам Аляксандрам Саладухам, а мінулай восеньню дала першы сольны канцэрт у Менску, піша Tochka.by.
«Интервидение-2025» мае прайсьці ў верасьні ў Маскве, але пакуль незразумела, хто прыме ў ім удзел апрача расейца Яраслава Дронава (Shaman), Насьці Краўчанка і трыо NOMAD ад Кыргызстана, піша «Настоящее время».
Пасьля ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе Расею і Беларусь адхілілі ад удзелу ў вялікай колькасьці міжнародных спартыўных і культурных конкурсаў, у тым ліку ад «Эўравізіі», апошні конкурс якой днямі завяршыўся ў Швайцарыі.
У адказ на гэта расейскія ўлады пачалі арганізоўваць свае аналягі. Такая практыка была яшчэ ў савецкі час, і сучасныя расейскія аналягі па-сутнасьці паўтараюць тыя савецкія конкурсы.
У пачатку лютага 2025 года Уладзімір Пуцін даручыў правесьці «Интервидение» фармальна дзеля далейшага разьвіцьця міжнароднага культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва. Арганізатары сьцьвярджаюць, што ў конкурсе прымуць удзел краіны, якія ўваходзяць у БРІКС, а таксама краіны Лацінскай Амэрыкі і Цэнтральнай Азіі.
«Интервидение» савецкага часу прайшло восем разоў за пятнаццаць гадоў — з 1965-га па 1980 год. У песенным конкурсе тады бралі ўдзел ня толькі прадстаўнікі краін сацыялістычнага блёка, але і заходніх краін. Расейскія прадзюсары рэгулярна спрабавалі адрадзіць гэты конкурс, але шырокай вядомасьці гэтыя імпрэзы не атрымлівалі.
Раней у адказ на адхіленьне расейскіх і беларускіх спартсмэнаў ад удзелу ў Алімпіядзе ўлады Расеі плянавалі ў 2024 годзе правесьці «Всемирные игры дружбы» ў Маскве і Екацярынбурзе. Спаборніцтвы павінны былі ахапіць 33 летнія віды спорту і прыцягнуць удзельнікаў з каля 70 краін. Але ў канцы года Пуцін пастанавіў адкласьці правядзеньне Гульняў «да асаблівага распараджэньня».
Арганізатары падкрэсьлівалі, што гульні ня трэба лічыць заменай Алімпіядзе, бо гэта міжнародны спартыўны турнір, адкрыты для ўсіх краін. Тым не менш Міжнародны алімпійскі камітэт выказаў занепакоенасьць палітызацыяй мерапрыемства і рэкамэндаваў спартсмэнам устрымацца ад удзелу.
«Всемирные игры дружбы» прыдумалі савецкія ўлады ў 1984 году. Тады ў адказ на байкот Алімпіяды ў Лос-Анджэлесе СССР правёў альтэрнатыўныя спаборніцтвы з удзелам спартоўцаў краін сацыялістычнага блёка.