Палітвязьнямі прызнаныя ўзятыя пад варту і асуджаныя да пазбаўленьня волі: унесеная ў «сьпіс экстрэмістаў» у сакавіку 2024 года Ала Пучынская (ч. 2 арт. 3613 Крымінальнага кодэкса; удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях) Мікіта Лосік, Аляксей Кайдаш, Алег Лойка, Аляксандр Гардзеенка, Ганна Багінская і ўнесеная ў «сьпіс экстрэмістаў» 8 траўня Вольга Аляксеева (усе па арт. 3614 КК; садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Пра затрыманьне 25-гадовага Мікіты Лосіка, малодшага брата палітвязьня Ігара Лосіка стала вядома 9 траўня. Гэта гэта здарылася яшчэ ў сярэдзіне красавіка, цяпер ён у зьняволеньні.
Мікіту Лосіка вінавацяць у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за нібыта перасылку некалькіх фота перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі ў 2022 годзе тэлеграм-каналу «Беларускі гаюн».
Супраць Мікіты завялі крымінальную справу. Лосіка трымаюць у Віцебскім СІЗА.
Сёлета ў лютым стала вядома, што сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі гаюн». Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і заявіў пра спыненьне працы каналу. Свабодзе вядома як мінімум пра некалькі выпадкаў арыштаў, падставай для якіх сталі прысланыя вясной 2022 году ў «Беларускі Гаюн» фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай. Арыштаваным выставілі абвінавачаньні ў «спрыяньні экстрэмізму» паводле 4-й часткі 361-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Яна прадугледжвае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі або пазбаўленьня волі да сямі гадоў.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум