Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» плятформу для галасаваньня Belarus ID, сэрвіс «Письмо.бел» і навінавы сайт s13


КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» мабільную праграму для галасаваньня «Беларусь ID», а таксама сэрвіс для напісаньня лістоў вязьням «Письмо.бел» і горадзенскі навінавы сайт s13.ru.

Адпаведная інфармацыя зьявілася ў пераліку «экстрэмісцкіх фармаваньняў» на сайце МУС Беларусі, заўважыла «Медиазона».

Праграму Belarus ID, распрацаваную Паўлам Ліберам, сёлета выкарыстоўвалі для вэрыфікацыі пры галасаваньні на выбарах у Каардынацыйную раду.

КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» мабільную праграму «Беларусь ID», даступную для спампоўваньня ў Google Play, а таксама «іншыя рэсурсы ў сетцы Інтэрнэт, афіліяваныя з дадзенай плятформай». Што гэта за рэсурсы, КДБ не паведамляе. КДБ піша, што да праграмы маюць дачыненьне Павал Лібер, які ўжо трэці раз трапляе ў пералік датычных да «экстрэмісцкіх фармаваньняў», і Міхаіл Ананьін.

Таксама КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» сайт «Письмо.бел», празь які можна было даслаць лісты зьняволеным. 9 сьнежня стала вядома, што сайт перастаў адкрывацца. Датычнымі да працы сэрвісу КДБ называе Аляксандра Мазура, Сяргея Антусевіча, Паўла Каранюхіна, Аляксандра Лыкшына.

«Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызнаны і горадзенскі навінавы сайт s13.ru. КДБ піша, што да сайта маюць дачыненьне галоўны рэдактар Сяргей Чабоцька і Раман Алешка. У сьпіс таксама ўнесеныя сацыяльныя сеткі сайта.

Як стала вядома Hrodna.life, Сяргей Чабоцька ня выйшаў на волю пасьля трэціх «сутак» арышту, якія скончыліся 7 сьнежня.

Яшчэ адно «экстрэмісцкае фармаваньне» — «Гарадзкі агарод Марыс Мар». КДБ адзначае, што фармаваньне «ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць у супрацоўніцтве зь іншымі экстрэмісцкімі фармаваньнямі (БНМС „РАДА“, „АБФ“, „Суседзі“)». У сувязі з фармаваньнем згаданыя Яна Цару, Марыя Батальёнак і Анастасія Марозава. Рашэньне аб прызнаньні ініцыятывы «экстрэмісцкім фармаваньнем» было прынятае КДБ 5 лістапада.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG