Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт завёў завочныя справы на Стрыжака і Лявончыка


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Сьледчы камітэт 5 сьнежня распачаў спэцыяльнае вядзеньне (завочнае сьледзтва) у дачыненьні да Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка і іншых актывістаў.

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што на Андрэя Стрыжака завялі завочную справу паводле 17 артыкулаў за дзеяньні ў складзе арганізаванай групы.

Сярод артыкулаў «прапаганда тэрарызму» і «фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці». Андрэй Стрыжак зьяўляецца кіраўніком дабрачыннага фонду BySol.

Аналягічную завочную справу завялі на кіраўніка гуманітарнага фонду ByHelp Аляксея Лявончыка.

Спэцвядзеньне таксама распачалі ў дачыненьні Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксандры Жук, Аляксандра Падгорнага.

Андрэй Стрыжак адрэгаваў на гэтую навіну:

«Ну нарэшце! Сядзім зь Лёшам Лявончыкам і лічым, у каго больш артыкулаў і большы тэрмін атрымаецца. Прыемны падарунак на дзень сьвятога Мікалая. Працуем далей 🙂.

Віншаваньні прымаю ў выглядзе даната на збор дзецям палітвязняў!»

Што такое спэцвядзеньне

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» адмыслова ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).

Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG