Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас учорашняй акцыі ў Тбілісі затрымалі беларуса. У Грузіі людзі зноў выйшлі пратэставаць


Акцыя пратэсту ў Тбілісі ўвечары 29 лістапада
Акцыя пратэсту ў Тбілісі ўвечары 29 лістапада

На акцыі пратэсту, якая праходзіла ў Тбілісі зь вечара 29 лістапада і працягвалася ўсю ноч, затрымалі 10 грамадзян замежных дзяржаў, паведамляе грузінская тэлекампанія «Имеди». Сярод затрыманых — беларус.

Сярод затрыманых іншаземцаў — грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі 1999 году нараджэньня, грамадзянін ЗША Нік Лаладзэ 1992 году нараджэньня і восем грамадзян Расеі, піша «Эхо Кавказа».

Раней МУС Грузіі паведаміла пра затрыманьне 107 чалавек на ўчорашняй акцыі пратэсту ў Тбілісі. Усім ім ставяць у віну непадпарадкаваньне патрабаваньням паліцыі і дробнае хуліганства — артыкулы 166 і 173 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэньняў. Паліцыя жорстка разагнала акцыю 29 лістапада, супраць пратэстоўцаў ужылі вадамёты і пярцовы спрэй, іх зьбівалі. Дакладная колькасьць пацярпелых невядомая.

Тым часам увечары 30 лістапада ў Грузіі аднавіліся акцыі супраць адыходжаньня краіны ад эўрапейскага шляху. На праспэкце Руставэлі ў Тбілісі зноў зьбіраюцца праціўнікі кіроўнай партыі «Грузінскаяй мара» і ўраду.

Таксама пратэстоўцы сабраліся на спантанную акцыю ля будынка Грамадзкага вяшчальніка Грузіі: яны патрабуюць адстаўкі гендырэктара і старшыні апякунскай рады, заяўляючы, што Грамадзкі вяшчальнік ня служыць інтарэсам народа і не асьвятляе належным чынам падзеі, якія адбываюцца ў краіне, у тым ліку падзеі пратэсты, перадае Грузінская служба Радыё Свабода.

Пратэстоўцы каля будынка Грамадзкага вяшчальніка Грузіі
Пратэстоўцы каля будынка Грамадзкага вяшчальніка Грузіі

На акцыі выступіў супрацоўнік тэлеканалу, які заклікаў гендырэктара Цінацін Бердзенішвілі асудзіць дзеяньні праваахоўнікаў і паведамляць карэктную інфармацыю ў эфіры. Гендырэктар і старшыня апякунскай рады заявілі, што эфір будзе прадстаўлены сёньня ў 20:00.

Пратэст працягваецца і каля Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. Студэнты прыйшлі да будынка ВНУ з фатаздыскамі, на якіх адлюстраваныя пацярпелыя ад сілавога разгону акцыяў. Студэнты маюць намер пазьней далучыцца да акцыі каля парлямэнту, піша «Эхо Кавказа».

Акцыя праходзіць і ў Батумі. Удзельнікі мітынгу рушылі ў бок цэнтральных вуліц.

У Кутаісі сотні людзей сабраліся на цэнтральнай плошчы ля краёвай адміністрацыі. Да гэтага яны таксама правялі шэсьці са сьцягамі Грузіі і Эўразьвязу. На чале шэсьця несьлі пудзіла з фатаздымкам ганаровага старшыні, мільярдэра-заснавальніка «Грузінскай мары» Бідзіны Іванішвілі і надпісам «канец».

Пратэстоўцы ў Кутаісі, 30 лістапада 2024 году
Пратэстоўцы ў Кутаісі, 30 лістапада 2024 году

Пратэстоўцы выйшлі на вуліцы і ў горадзе Зугдзідзі, там яны перакрылі цэнтральны праспэкт.

Пратэстоўцы ў Зугдзідзі
Пратэстоўцы ў Зугдзідзі

Нечаканай стала акцыя ў Хашуры — раённым цэнтры ў рэгіёне Шыда Картлі з насельніцтвам крыху больш за 20 тысяч, піша агенцтва «Новости-Грузия».

  • Увечары 29 лістапада ў шэрагу гарадоў Грузіі (у Батумі, Кутаісі, Зугдзідзі, Горы, Поці, Чхароцку) людзі выйшлі на пратэсты супраць прыпыненьня эўраінтэграцыі Грузіі.
  • 28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі і сябра кіроўнай «Грузінскай мары» Іраклій Кабахідзэ аб’явіў пра прыпыненьне перамоваў з Эўразьвязам і адмову ад яго грантаў да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў Эўразьвяз да 2030 году. Інтэграцыя краіны ў Эўразьвяз і NATO прапісаная ў грузінскай Канстытуцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG