Раней суд пастанавіў вызваліць Дзьмітрыя Лукомскага з «Цэнтру ўтрыманьня іншаземцаў», але з-пад варты яго адразу не адпусьцілі. Каб пераслаць пастанову суду ў Цэнтар, даецца да 7 дзён, а калі б паліцыя абскардзіла пастанову, на час разгляду скаргі беларус мусіў бы знаходзіцца ў закрытым лягеры.
«Дзьмітры напісаў мне, што ўчора яго вызвалілі, прывезьлі назад у лягер, у якім ён быў да затрыманьня, дзе ён, нарэшце, сустрэўся з жонкай Віялетай.
Жыхары лягера, якім Дзьмітрый, са словаў адміністрацыі, нібыта пагражаў і зь якімі нібыта агрэсіўна сябе паводзіў, абдымалі Дзьмітрыя і віншавалі яго з вызваленьнем, напярэдадні зьбіралі подпісы ў яго падтрымку», — распавяла прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская ўвечары 29 лістапада.
Паводле яе, Дзьмітры Лукомскі таксама адзначыў, што ў лягеры дзякуючы пратэстам і скаргам крыху палепшыліся ўмовы.
Цяпер актывіст плянуе падаць у суд на кампэнсацыю за тое, што адседзеў у турме, а пасьля зьбіраецца пераехаць зь лягера ў арэнднае жытло і разам з жонкай чакаць статусу ўцекачоў, прайсьці лекаваньне і зрабіць патрэбную яму апэрацыю.
- У 2020 годзе Дзьмітры Лукомскі неаднаразова пабываў у ІЧУ з палітычных прычынаў. Пасьля выехаў зь Беларусі, жыў ва Ўкраіне. У 2024-м вырашыў перабрацца ў Славаччыну. Там разам зь сяброўкай Віялетай Майшук яны падалі прашэньне на прытулак. Пару ўтрымлівалі ў адкрытым лягеры. Дзьмітрый быў незадаволены ўмовамі ў лягеры — харчаваньнем, рэжымам, абмежаваньнямі — і пісаў скаргі.
- Урэшце 18 кастрычніка Лукомскага ў лягеры затрымала паліцыя і зьмясьціла ў «Цэнтар утрыманьня іншаземцаў». Беларус палічыў такую меру неабгрунтаванай і напісаў з дапамогай юрысткі скаргу ў суд.
- 25 лістапада адміністрацыйны суд у Кошыцэ (Славаччына) пастанавіў вызваліць Дзьмітрыя Лукомскага з «Цэнтру ўтрыманьня іншаземцаў», прызнаўшы, што дзеяньні паліцыі празьмернымі, а ў паводзінах Дзьмітрыя ў адкрытым лягеры не было складу правапарушэньня ці злачынства. Пры гэтым з-пад варты актывіста адразу не адпусьцілі. Паводле працэдуры, каб пераслаць пісьмовую пастанову суду ў Цэнтар, даецца да 7 дзён. Калі б паліцыя абскардзіла пастанову суду, справа магла б зацягнуцца і ўвесь гэты час беларус мусіў бы знаходзіцца ў закрытым лягеры.
Форум