Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды за мяжу едуць вучыцца беларускія студэнты. Апублікавалі рэйтынг


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Асноўнымі напрамкамі студэнцкай эміграцыі беларусаў застаюцца Расія і Польшча. Да такой высновы прыйшлі аўтары дасьледаваньня, праведзенага інстытутам «Палітычная сфэра».

Колькасьць студэнтаў у Беларусі зьніжаецца прыкладна на 5% за год. За апошнія 10 гадоў засталося крыху больш за 200 тысяч супраць ранейшых 400 тысяч, паведамілі на прэзэнтацыі 29 лістапада дырэктар «Палітычнай сфэры» Андрэй Казакевіч і дасьледчыца інстытуту Лізавета Пракопчык.

«Беларускія студэнты не зацікаўленыя ў беларускай адукацыі з тых ці іншых прычын. Колькасьць беларускіх студэнтаў за мяжой расьце пасьля 2020, а ў Польшчы — пасьля 2022 году. Усе тыя краіны, пра якія гаворыцца ў дасьледаваньні, даюць бясплатную адукацыю беларусам, калі будзеш навучацца на мясцовай мове», — адзначыла Пракопчык.

Згодна з дасьледаваньнем, прывабнасьць заходнеэўрапейскай адукацыі для беларускіх абітурыентаў вельмі высокая, і цікавасьць працягвае расьці, нягледзячы на тое, што адносіны Беларусі з суседнімі краінамі за апошнія гады значна пагоршыліся. Калі ў 2013 годзе ў Эўропе навучалася каля 10 тысяч студэнтаў зь Беларусі, то ў 2023-м — больш за 18 тысяч. Заахвочвальнымі матывамі для выезду стаў палітычны крызіс 2020 году ў Беларусі і пачатак поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022-м. Самымі прывабнымі краінамі для атрыманьня адукацыі ў беларусаў лічацца Польшча, Літва, Нямеччына і Чэхія.

У Польшчы ў 2023 годзе навучалася больш за 12 тысяч беларускіх студэнтаў — па колькасьці другое месца пасьля ўкраінскіх. Апроч Варшавы, шмат беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэтах Люблінскага ваяводзтва.

У Літве да 2020 году колькасьць беларускіх студэнтаў пастаянна зьніжалася: з больш як 1700 (у 2013-м) да менш як 1000.

«З таго часу дынаміка стала пазытыўнай, і ўсё фактычна вярнулася да 2013-га: цяпер студэнтаў больш за 1,5 тыс.», — адзначыў Казакевіч.

У Нямеччыне і Чэхіі ў 2022 годзе вучылася больш за 1 тысячу студэнтаў.

«Гэтую тэндэнцыю нельга лічыць абсалютна пазытыўнай, таму што гэта сьведчыць аб тым, што ўнутры краіны адукацыя становіцца менш прывабнай», — падкрэсьліў дырэктар інстытуту.

Акрамя таго, паводле яго слоў, любая адукацыя за мяжой вельмі часта, на жаль, азначае эміграцыю.

«Далёка ня ўсе вяртаюцца. Дакладнай статыстыкі няма, але ёсьць адчуваньне, што абсалютная большасьць тых, хто атрымлівае адукацыю ў ЭЗ, не вяртаюцца. Тое ж адносіцца да адукацыі ў Расеі. Гэта значыць, што Беларусь губляе частку моладзі, і без спэцыяльных умоваў гэтыя людзі ня будуць вяртацца», — заявіў Казакевіч.

Згодна з дасьледаваньнем, прывабнасьць Расеі для атрыманьня адукацыі значна зьнізілася: з 25 тысяч студэнтаў у 2013 годзе — да 11 тысяч у 2023-м. І гэта пры тым, што ў Расеі для беларусаў ёсьць пэўныя стымулы: магчымасьць вучыцца бясплатна, дадатковыя стыпэндыі, зазначыў Андрэй Казакевіч.

У рамках дасьледаваньня было праведзена онлайн-апытаньне, у якім удзельнічалі 1002 чалавекі зь дзецьмі і без. Адказваючы на пытаньне: «Калі б вам давялося выбіраць, якія краіны былі б для вас прыярытэтам для адпраўкі вашых дзяцей ва ўнівэрсытэт?», Беларусь выбралі 52 працэнты, Польшчу — 22 працэнты, Літву — 6 працэнтаў, Расею — 41 працэнт, адну з краін Заходняй Эўропы і ЗША — 38%, Кітай — 18%, іншыя краіны — 3% (можна было выбіраць некалькі варыянтаў). Не адказалі ці не змаглі адказаць 10% рэспандэнтаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG