Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская апазыцыя мае добрыя шанцы». Падаляк пра перамовы з дарадцам Ціханоўскай і магчымасьць пераменаў у Беларусі


Дарадца Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк
Дарадца Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк

У інтэрвію выданьню «Люстэрка» дарадца Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк пракамэнтаваў нядаўнюю сустрэчу з дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам і кантакты Ўкраіны з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Камэнтуючы апошнюю сустрэчу з галоўным дарадцам дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам, Міхаіл Падаляк сказаў:

«Я пэрыядычна сустракаюся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Лічу, што яны маюць добрыя шанцы. Як толькі сытуацыя будзе мяняцца і як толькі ў гэтай вайне мы выйдзем на правільную фіналізацыю, дык і ў Беларусі пачнуцца палітычныя працэсы. Лічу, што гэта нядрэнна, таму што Беларусь дакладна не зьяўляецца краінай закрытага тыпу, лягернай краінай, якую звычайна будуюць партнэры Расеі», — адказаў Падаляк.

На думку дарадцы Офіса прэзыдэнта Ўкраіны, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў атрымалі легітымнасьць «праз працэдуру выбараў 2020 году» і маюць пэўны ўплыў, «асабліва сярод маладога пакаленьня, якое не падтрымлівае архаічны рэжым Лукашэнкі». Менавіта таму, зь яе прадстаўнікамі «трэба весьці дыскусію, каб зразумець, у якім напрамку яны думаюць, куды будуць рухацца, як бачаць будучыню Беларусі».

«Я не сумняваюся ў тым, што гэтае бачаньне выключна праэўрапейскае, што задаволіць і Ўкраіну. Беларусь — неад’емная частка Эўропы. Не сёньняшняя, не лукашэнкаўская Беларусь. Яго Беларусь архаічная, позьнесавецкага ўзору. А тое, што прапануе апазыцыя, на мой погляд, структурна падыходзіць да таго, якой будзе Беларусь пасьля Лукашэнкі. І гэта нядрэнна», — заявіў Падаляк.

Адзінае, чаго, на думку дарадцы Офіса Зяленскага, не хапае беларускім дэмакратычным сілам, гэта «маштабаваньня ўплыву на розныя аўдыторыі».

На просьбу распавесьці, пра што ішла гаворка падчас перамоваў з дарадцам Ціханоўскай, Міхаіл Падаляк адказаў, што бакі імкнуцца публічна не абмяркоўваць дэталі перамоваў.

«Ёсьць запыты, часам яны бываюць вельмі цікавымі і незвычайнымі. Мне асабіста вельмі цікава глядзець, што адбываецца ў краінах былога Савецкага Саюзу. Беларусь — сярод прыярытэтаў, гэтак жа, як Грузія і Малдова. Гэтыя краіны маюць надзвычай добрыя пэрспэктывы для таго, каб зафіксаваць сваё сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе разам з Украінай», — заявіў Падаляк.

Ён адзначыў, што Ўкраіна атрымлівае «жывыя запыты» ад беларускіх дэмакратычных сілаў, бываюць і дыскусіі, і «сытуацыйныя праблемы».

«Так, у нас падзяляюць афіцыйную і апазыцыйную Беларусь. Але тым ня менш эмацыйна ёсьць пэўнае адчуваньне таго, што ваша краіна ў пачатку вайны прыняла ўдзел у гэтым вераломным нападзе на Ўкраіну», — адзначыў Падаляк.

На пытаньне, ці будзе Ўкраіна спрабаваць абмяняць экстрадаванага зь Віетнама экс-байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка, Падаляк адказаў, што «інфармацыю трэба будзе праверыць», але «канешне, мы дамагаемся абмену ўсіх людзей, якія ваююць на баку Ўкраіны і якія афіцыйна гэта робяць».

«Трэба будзе правесьці працу, каб высьветліць абставіны, у тым ліку чаму была забарона на ўезд ва Ўкраіну. Тады мы будзем разумець гэтую сытуацыю глыбей. (...)

Паўтаруся, нам трэба зразумець усе абставіны, ці сапраўды ён ваяваў за Ўкраіну. Пасьля гэтага можна казаць прадметна. Я вазьму пытаньне на кантроль, вывучу і буду разьбірацца», — паабяцаў Падаляк.

20 лістапада стала вядома, што былога беларускага добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага Васіля Верамейчыка выдалі зь Віетнаму ў Беларусь. Перад гэтым яму адмовілі ў знаходжаньні ва Ўкраіне і Літве. Літва прызнала Верамейчыка пагрозай нацыянальнай бясьпецы і забараніла яму ўезд у Эўразьвяз.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG