25 лістапада ў судзе Кармянскага раёну судзьдзя Андрэй Аўсейцаў разглядаў яшчэ адну адміністрацыйную справу супраць вядомага мясцовага праўладнага блогера Аляксандра Петрачкова, заўважыў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік судовага паседжаньня высьвятляецца.
Гэта ўжо другі раз, калі Петрачкова судзяць за «распаўсюд экстрэмізму». Першы раз яго асудзілі паводле гэтага ж артыкулу 21 кастрычніка. І ў той раз судзьдзёй на працэсе выступаў Андрэй Аўсейцаў, заўважыла «Гомельская Вясна».
Аляксандар Петрачкоў — вядомы ў рэгіёне праўладны дзеяч, актывіст і блогер. Ён браў актыўны ўдзел у шматлікіх праўладных мерапрыемствах, некалькі разоў быў станоўчым героем публікацыяў у мясцовай дзяржаўнай газэце «Зара над Сожам».
Пасьля пратэстаў 2020 году ўлады Беларусі пачалі «зачыстку» грамадзянскай супольнасьці. Вялікую колькасьць актывістаў і журналістаў зьмясьцілі за краты, незалежныя СМІ прызналі «экстрэмісцкімі». Людзей, якія чытаюць іх ці падпісаныя на «экстрэмісцкія» сацыяльныя сеткі, караюць адміністрацыйным арыштам.
Арышты за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы — часты спосаб ціску на апанэнтаў улады. Разам з тым за краты за падпіскі на недзяржаўныя мэдыя трапляюць ня толькі апанэнты ўладаў ці выпадковыя людзі, але і цалкам ляяльныя Лукашэнку людзі і нават дзяржаўныя службоўцы.
Форум