У 2020 годзе жыхар Гомля Дзьмітры Лукомскі неаднаразова пабываў у ІЧУ з палітычных прычынаў. Пасьля выехаў зь Беларусі, жыў ва Ўкраіне. У 2024-м вырашыў перабрацца ў Славаччыну. Там разам зь сяброўкай Віялетай Майшук яны падалі прашэньне на прытулак. Пару ўтрымлівалі ў адкрытым лягеры. Дзьмітрый быў незадаволены ўмовамі ў лягеры — харчаваньнем, рэжымам, абмежаваньнямі — і пісаў скаргі. Урэшце 18 кастрычніка яго затрымала паліцыя і зьмясьціла ў «Цэнтар утрыманьня іншаземцаў».
Беларус палічыў такую меру неабгрунтаванай і напісаў з дапамогай юрысткі скаргу ў суд.
«Па сутнасьці, гэта той самы беларускі ізалятар часовага ўтрыманьня — усюды ходзіш пад канвоем, ня маеш права нічога мець свайго, нават асадку. Адзеньне забралі, я ледзьве частку яго „выбіў“, але куртку так і не аддалі, быў вымушаны хадзіць на шпацыр бяз курткі, у тапках», — расказаў Свабодзе Дзьмітры Лукомскі.
Паводле словаў Лукомскага, суд пастанавіў вызваліць яго з «Цэнтру ўтрыманьня іншаземцаў» закрытага тыпу. Дзьмітры кажа, што суд стаў на ягоны бок і прызнаў, што дзеяньні паліцыі па зьмяшчэньні яго ў Цэнтар былі празьмерныя, а ў паводзінах Дзьмітрыя ў адкрытым лягеры не было складу правапарушэньня ці злачынства.
«Суд пастанавіў, што паліцыя неправамерна працягнула мне тэрмін утрыманьня ў Цэнтры яшчэ на тры месяцы — да лютага», — дадаў беларус.
Лукомскі дадае, што з-пад варты яго пакуль не адпусьцілі. Паводле працэдуры, каб пераслаць пісьмовую пастанову суду ў Цэнтар, даецца да 7 дзён. Калі гэта адбудзецца, Дзьмітрыя перавядуць назад у адкрыты лягер, дзе ён далей будзе чакаць рашэньня пра атрыманьне абароны. Калі ж паліцыя будзе абскарджваць пастанову суду, то справа можа зацягнуцца, і ўвесь гэты час беларус будзе павінен знаходзіцца ў закрытым лягеры.
Форум