У пералік «асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», 22 лістапада дададзена яшчэ 36 чалавек, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Цяпер у дакумэнце, апублікаваным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, 4692 пазыцыі.
Усе ўнесеныя ў абноўлены сьпіс людзі асуджаныя па крымінальных артыкулах, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага перасьледу, аднак прысвоены праваабаронцамі статус палітвязьня маюць толькі шэсьць зь іх.
Пры гэтым, згодна з дакумэнтам, пакараньне адбываюць 20 чалавек (пры 16 прозьвішчах стаіць пазнака «судзімасьць не пагашана», гэта можа азначаць, што ім прызначана пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі).
У сьпіс уключаныя Аляксандар Бандарэнка, Іван Курац, Юры Катонаў, Арцём Кавалеўскі, Аляксандра Казакевіч, Вадзім Казакевіч, Жанна Шарыгіна, Яўген Кузьняцоў, Натальля Зайцава, Мікалай Ражко, Аляксандар Ісаеў, Валянціна Каблава, Арцём Янкін, Аляксандар Венскі, Віктар Саўчыц, Вікторыя Стома, Дзяніс Гаравы, Андрэй Якімовіч, Яўген Караблін, Надзея Дзівакова, Аляксандар Марозаў, Аляксандар Даманцэвіч, Алена Коршунава.
Таксама сярод іх 12 палітвязьняў: Сяргей Кабарчук, Павал Кабарчук, Валеры Водзін, Андрэй Грыгор’еў, Ганна Савачкіна, Вікторыя Волчак, Тацяна Русак, Тацяна Макеева, Дзяніс Лебедзеўскі, Аляксандар Акакіеў, бацька палітвязьня Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў і гісторык Ігар Мельнікаў.
У верасьні стала вядома, што Ігару Мельнікаву прысудзілі 4 гады калёніі за інтэрвію незалежнаму СМІ. Пра вырак паведаміла менская пракуратура.
У інфармацыі пракуратуры адзначаецца, што гаворка ідзе аб крымінальнай справе «ў дачыненьні да 44-гадовага ўраджэнца Бабруйску Магілёўскай вобласьці, якому інкрымінаванае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Імя Ігара Мельнікава не называецца.
Паводле вэрсіі пракуратуры, 26 студзеня 2022 году ў Польшчы Мельнікаў нібыта «ў мэтах ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці, у тым ліку папулярызацыі мэдыярэсурсаў экстрэмісцкай накіраванасьці, уцягваньня ў экстрэмісцкую дзейнасьць большай колькасьці грамадзян, распаўсюджваньня экстрэмісцкіх матэрыялаў», даў інтэрвію «Эўрарадыё» і тым самым спрыяў экстрэмісцкай дзейнасьці.
Згаданае інтэрвію, сярод іншага, тычылася працы гісторыка за мяжой, правядзеньня ім навуковай выставы ў Варшаве, ролі гісторыі ў грамадзтве.
На момант публікацыі інтэрвію «Эўрарадыё» не было прызнана «экстрэмісцкім фармаваньнем». Рашэньне аб гэтым прынята МУС 20 ліпеня 2022 году.
Паведамляецца, што на судзе гісторык прызнаў віну. Яго асудзілі на чатыры гады калёніі агульнага рэжыму.
- Мельнікава затрымалі зімой 2024 году. У жніўні тры ягоныя кнігі былі ўнесеныя ў так званы «экстрэмісцкі» сьпіс.
- Прысуд у сілу пакуль не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны.
- Ігару Мельнікаву 44 гады. Родам ён з Бабруйску. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўнівэрсытэт (2005). У 2011 годзе атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук.
- Мельнікава затрымалі каля шасьці месяцаў таму.
- Газэта адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «Беларусь сегодня» падчас суду над Мельнікавым пісала, што ён «у сваіх так званых працах адкрыта ўслаўляў польскіх паноў, якія гадамі прыгняталі беларускі народ, выказваў асаблівую любоў да баевікоў з Арміі Краёвай»
- У канцы жніўня кнігі Мельнікава «Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919–1920 гадах» і «На „мяжы цывілізацый“. Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».