Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
КДБ прызнаў «тэрарыстамі» 20 фігурантаў справы «аналітыкаў Ціханоўскай».
Сярод іх:
- старшы палітычны дарадца Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі,
- прэсавая сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна,
- спэцпрадстаўнік Ціханоўскай у пытаньнях выбараў Аляксандар Шлык,
- дарадца Ціханоўскай у міжнародных пытаньнях Дзяніс Кучынскі,
- доктар палітычных навук, палітоляг, філёзаф Пётра Рудкоўскі,
- доктар палітычных навук, палітык і палітоляг Павел Вусаў,
- доктар палітычных навук, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня,
- сацыёляг Філіп Біканаў,
- аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст,
- доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч,
- дактарантка Інстытуту філязофіі і сацыялёгіі Польскай акадэміі навук Вераніка Лапуцька,
- праграмны дырэктар «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту» Аляксандар Лагвінец,
- журналістка, паліталягіня Ганна Любакова,
- паліталягіня Марыя Рогава,
- дасьледчыца Virginia Tech University Кацярына Шмаціна,
- дырэктарка Цэнтру новых ідэй, дактарантка паліталёгіі ўнівэрсытэту Карлстад Леся Руднік,
- дырэктарка дасьледчага цэнтру BIPART Натальля Рабава,
- навуковая супрацоўніца Гарадзкога ўнівэрсытэту Манчэстэра і Віленскага ўнівэрсытэту паліталягіня Тацяна Чуліцкая,
- доктар палітычных навук, дасьледчык Страсбурскага ўнівэрсытэту Яўген Крыжаноўскі,
- доктар сацыялёгii, дасьледчык Інстытуту сацыяльных рухаў Рурскага ўнівэрсытэту Бохума Васіль Навумаў.
1 ліпеня Менскі абласны суд прысудзіў фігурантам справы працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі — ад 10 да 11,5 году зьняволеньня. Працэс праходзіў завочна, бо 20 абвінавачаных знаходзяцца за мяжой.
Таксама КДБ прызнаў «тэрарыстамі» палітвязьняў. У пералік унесеныя Андрэй Сьлізевіч, а таксама палітвязьні Аляксандар Залатарэвіч, Віталь Саўко (уключаныя ў сьпіс «экстрэмістаў») і Людміла Дэйнэка. На які тэрмін пазбаўленьня волі асудзілі ўсіх траіх палітвязьняў, невядома.
У ліпені 2024 году Залатарэвіч асуджаны Менскім гарадзкім судом па ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 3 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта).
Як мяркуецца, былы пракурор Воранаўскага раёну (Горадзенская вобласьць) Саўко асуджаны Берасьцейскім абласным судом паводле ч. 3 арт. 130 КК у ліпені 2024 году.
Дэйнэка асуджаная ў ліпені Менскім гарадзкім судом паводле ч. 1 арт. 368, ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 130.
У сьпіс «тэрарыстаў» уключылі 25-гадовую актывістку з Рэчыцы (Гомельская вобласьць) Бажэну Жолудзеў, завочна асуджаную на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных), ч. 3 арт. 361, арт. 391 (абраза судзьдзі ці народнага засядацеля).
- Цяпер у сьпісе «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці» 1193 пазыцыі. Зьняволеным, якіх абвясьцілі «тэрарыстамі», забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.
Форум