Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Францыі пракамэнтавала тэму дазволу Ўкраіне на ўдары заходняй зброяй углыб Расеі


Міністар замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро ў часе візыту ў Кіеў ля сьцяны з партрэтамі загіблых украінскіх салдат
Міністар замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро ў часе візыту ў Кіеў ля сьцяны з партрэтамі загіблых украінскіх салдат

У Парыжы зноў падкрэсьлілі шкоду, якую нанесла Расея ўкраінскай дзяржаве.

Міністар замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро не пацьвердзіў і не зьняпраўдзіў дазвол Украіне выкарыстоўваць ракеты SCALP для нанясеньня ўдараў углыб расейскай тэрыторыі. Аднак, адказваючы 18 лістапада на пытаньні журналістаў у Брусэлі, ён нагадаў, што Парыж выступае за зьмякчэньне абмежаваньняў, перадае карэспандэнтка «Радыё Свабода».

«Вы чулі прэзыдэнта Макрона… Мы адкрыта сказалі, што гэта варыянт, які мы разгледзім — адносна дазволу наносіць удары па цэлях, адкуль Расея наносіць удары па Ўкраіне. Так што з нашага боку нічога новага», — сказаў Баро.

Кіраўнік францускай дыпляматыі таксама нагадаў пра шкоду, якую Расея нанесла Ўкраіне за амаль 1000 дзён поўнамаштабнай вайны.

«Больш за 10 тысяч загінулых сярод мірнага насельніцтва, больш за 20 тысяч параненых, украінскія дзеці, адарваныя ад сем’яў і вывезеныя ў Расею… У гэтым кантэксьце адказнасьць сяброў і хаўрусьнікаў Украіны, відавочна, заключаецца ў тым, каб дазволіць ёй, калі прыйдзе час, тыя ўмовы, якія яна лічыць адпаведнымі, каб уступіць у мірныя перамовы з пазыцыі сілы. І для гэтага ў нас ёсьць рычагі, якія мы павінны выкарыстоўваць: фінансавая дапамога, навучаньне (вайскоўцаў. — Рэд.) і абсталяваньне, а таксама санкцыі», — сказаў Баро.

Кіраўнік МЗС Францыі таксама падкрэсьліў неабходнасьць як мага хутчэйшага накіраваньня Ўкраіне траншаў крэдыту на 50 мільярдаў даляраў, выдзеленых за кошт замарожаных актываў Расеі, і анансаваў новы пакет санкцый, на які сёньня плянуюць дамовіцца міністры замежных спраў ЭЗ.

«Сёньня мы зацьвердзім рашэньне аб новым наборы санкцый супраць арганізацый і асоб, якія падтрымліваюць ваенныя дзеяньні Расеі. Санкцыі павінны дазволіць нам высушыць рэсурсы, якія Расея ўлівае ў гэтую вайну ўжо два з паловай гады», — рэзюмаваў Баро.

Увечары 17 лістапада амэрыканскія афіцыйныя асобы, якіх цытуюць СМІ, заявілі, што ЗША санкцыянавалі абмежаваныя ўдары па Ўкраіне ў адказ на разгортваньне паўночнакарэйскіх сіл на поле бою ў Курскай вобласьці. Афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што частковае зьняцьце абмежаваньняў павінна мець «канкрэтны і абмежаваны» эфэкт на полі бою і ня зьменіць ход вайны.

Францускае выданьне Le Figaro 17 лістапада паведаміла, што Францыя і Вялікая Брытанія ўсьлед за ЗША дазволілі ўкраінскім узброеным сілам выкарыстоўваць ракеты SCALP/Storm Shadow для нанясеньня ўдараў па тэрыторыі Расеі, але пазьней зьмяніла паведамленьне і выдаліла інфармацыю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG