Сярэднія працэнтныя стаўкі па крэдытах беларускіх банкаў (без уліку міжбанкаўскіх крэдытаў) за дзесяць месяцаў 2024 году вырасьлі на 0,62 працэнтнага пункта — з 9,63% да 10,25%, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак Нацбанка Беларусі.
З пачатку 2024 году для фізычных асобаў сярэдняя працэнтная стаўка па крэдытах вырасла на 0,28% (з 10,86 да 11,14 %), для юрыдычных асобаў стаўка стала вышэйшай на 0,82% (з 8,83 да 9,65%).
Сярэднія працэнтныя стаўкі па новых крэдытах банкаў вырасьлі на 1,25%: для фізычных асобаў — на 0,52% (з 9,75 да 10,27 %), для юрыдычных асобаў — на 1,34% (з 9,55 да 10,89%).
Па ўсіх тэрміновых банкаўскіх укладах сярэднія працэнтныя стаўкі павялічыліся на 1,9% (з 8,48 да 10,38%), па новых банкаўскіх укладах — на 2,96% (з 6,19 да 9,15%).
Даўгі беларусаў перад банкамі таксама растуць
Даўгі беларусаў (гаворка пра фізычных асобаў) банкам за кастрычнік павялічыліся на 2,2% (або на 559 млн беларускіх рублёў, за 10 месяцаў 2024 году — на 21,8% (або на 4,58 млрд. рублёў) і дасягнулі 25,6 мільярда рублёў, паведамілі ў Нацбанку.
Пратэрмінаваная запазычанасьць фізычных асобаў па крэдытах на 1 кастрычніка склала 41,9 млн рублёў і за год вырасла на 20,1% (было 34,9 млн).
Для параўнаньня: за 11 месяцаў 2023 году беларусы ўзялі ў банкаў у доўг 11,9 мільярда рублёў — на 50,2% больш, чым у 2022 годзе. Попыт на крэдыты шмат у чым быў абумоўлены досыць нізкай працэнтнай стаўкай: калі ў лістападзе 2022 году ў сярэднім яна складала 11,7% гадавых, дык у лістападзе 2023 году — 9,7%. Праўда, сёлета сярэднія стаўкі па крэдытах пачалі расьці: у першым паўгодзьдзі 2024 году яны вырасьлі з 9,63 да 9,92%.
Тым часам сёлета з 4 студзеня «Беларусбанк» запусьціў новы крэдыт «На родныя тавары» з працэнтнай стаўкай у 4% гадавых: набываць за такія грошы можна толькі беларускія тавары (мэблю, лядоўні, пральныя машыны, тэлевізары, ровары, керамічную плітку, міні-трактары і інш.). Урад нават зацьвердзіў вытворцаў, у якіх можна купляць тавары ў гэты крэдыт. Як сьцьвярджаюць у «Беларусбанку», на 14 кастрычніка беларусы ўжо ўзялі каля 77 тысяч крэдытаў «На родныя тавары» на суму больш за 390 млн рублёў.
Што да запазычанасьці юрыдычных асобаў перад банкамі Беларусі па рублёвых і валютных крэдытах, на 1 кастрычніка 2024 году яна склала 54 млрд. 450,8 млн. беларускіх рублёў. З пачатку 2024 году запазычанасьць вырасла на 3,9%, зь 1 верасьня 2023 году — на 8,2%, паказвае аналіз «Позірку».
Пратэрмінаваная запазычанасьць юрыдычных асобаў па крэдытах на 1 верасьня склала 263,9 млн рублёў (плюс 7% у гадавым вымярэньні; плюс 23,8% з пачатку 2024 году).
Форум