Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі запатрабавала зьняць з продажу выданьні, якія «наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі»


Скрын сайта Міністэрства інфармацыі Беларусі
Скрын сайта Міністэрства інфармацыі Беларусі

З жніўня 2020 году ўлады Беларусі скасавалі або прыпынілі ліцэнзіі практычна ўсіх незалежных выдаўцоў.

Міністэрства інфармацыі Беларусі запатрабавала ад распаўсюднікаў друкаваных выданьняў «самастойна» правесьці рэвізію і зьняць з продажу кнігі, якія могуць нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце ведамства, міністэрства «ў межах паўнамоцтваў» пастаянна займаецца выяўленьнем «дэструктыўнай» літаратуры, якая ўплывае «на духоўна-маральную сфэру як важны складнік нацыянальнай бясьпекі» і не дае яе распаўсюджваць.

Паводле ведамства, кнігарні, вялікія гандлёвыя цэнтры і інтэрнэт-крамы ўсё яшчэ прадаюць выданьні, якія нібыта «скажаюць гістарычную праўду і справядлівасьць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя дачыненьні, рэлігійную нецярпімасьць, гвалт, жорсткасьць, папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадзтва субкультуры, а таксама выданьні аб палавым выхаваньні дзяцей, здольныя нэгатыўна паўплываць на іх фізычнае і псыхічнае разьвіцьцё і сказіць уяўленьні аб сапраўдных сямейных каштоўнасьцях».

Якімі крытэрамі павінны кіравацца распаўсюджвальнікі, не паведамляецца.

15 кастрычніка намесьнік старшыні сталай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, супрацоўніка Інстытуту гісторыі НАН Вячаслаў Данілевіч заявіў, што ў Беларусі ўзмоцняць кантроль за гістарычнай літаратурай у кнігарнях і за тэмамі кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацый навукоўцаў.

«Тая літаратура, якая ў нас прадстаўленая, павінна адпавядаць нашай дзяржаўнай гістарычнай палітыцы, калі мы гаворым пра гістарычную літаратуру. Да нас не павінна трапляць экстрэмісцкая літаратура», — заявіў Данілевіч.

З жніўня 2020 году ўлады Беларусі скасавалі або прыпынілі ліцэнзіі практычна ўсіх незалежных выдаўцоў: «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыюс», «Кнігазбор», «Янушкевіч», выдавецтва Зьмітра Коласа і інш. Больш за дзясятак выдавецтваў і выдаўцоў выехалі зь Беларусі за мяжу.

Міністэрства інфармацыі Беларусі стварыла і вядзе «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», у які ўключаюць ня толькі ранейшыя публікацыі незалежных СМІ, але і мастацкую, гістарычную літаратуру.

Так, 15 кастрычніка ў яго ўключылі выбраныя творы Вацлава Ластоўскага, выдадзеныя ў сэрыі «Беларускi кнiгазбор» у 1997 годзе.

У канцы жніўня ў сьпіс уключылі тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава, асуджанага 13 верасьня да 4 гадоў пазбаўленьня волі за інтэрвію «Эўрарадыё».

У чэрвені ў сьпіс уключылі прадмову літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча да двухтомніка «Драматычныя творы, вершаваныя аповесьці і апавяданьні» Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG