Пра гэта прызначэньне Трамп абвясьціў у сацыяльнай сетцы Truth Social.
«Я маю гонар паведаміць, што кангрэсмэн Майк Уолц (рэспубліканец ад Флорыды) прызначаецца на службу ў мой кабінэт дарадцам у нацыянальнай бясьпецы. Майк — першы «зялёны бэрэт», выбраны ў Кангрэс. Ён раней працаваў у Белым доме і Пэнтагоне. <...> Майк быў перакананым прыхільнікам маёй праграмы замежнай палітыкі «Амэрыка перш за ўсё» і будзе вялікім прыхільнікам нашага імкненьня «міру з дапамогай сілы», — напісаў Трамп.
Таксама ён назваў Уолца «прызнаным на нацыянальным узроўні лідэрам у галіне бясьпекі», а таксама «экспэртам па пагрозах, якія паходзяць ад Кітаю, Расеі, Ірану і глябальнага тэрарызму».
Майк Уолц — сябра Палаты прадстаўнікоў ад Флорыды, уваходзіць у камітэты Палаты прадстаўнікоў па выведцы, узброеных сілах і замежных справах. Ён вядомы як прыхільнік рашучай замежнай палітыкі, асабліва што да Кітаю і Ірану.
Уолц, які служыў у сілах спэцыяльнага прызначэньня падчас ваеннай кампаніі ў Афганістане, рэзка крытыкаваў рашэньне адміністрацыі Байдэна аб вывадзе войскаў з гэтай краіны.
Таксама Уолц вядомы як рэзкі крытык расейскага ўраду. Пры гэтым ён адзначаў, што цяперашняя палітыка ЗША па нарошчваньні абаронных магчымасьцяў Украіны павінна перайсьці ў намаганьні па ўрэгуляваньні канфлікту шляхам перамоваў.
«Проста ўліваць яшчэ больш мільярдаў — гэта цяпер азначэньне вар’яцтва», — падкрэсьліваў Уолц.
Кітай Уолц раней публічна называў «экзыстэнцыйнай пагрозай Злучаным Штатам».
Форум