8 лістапада праект выйшаў на Product Hunt (онлайн-плятформа, на якой стартапэры публікуюць свае новыя распрацоўкі і ІТ-прадукты) і заняў там другое месца ў катэгорыі Product of the day (Прадукт дня), паведамляе выданьне Devby.
Заснавальніцы праекту — беларуска Кацярына і ўкраінка Марына. Абедзьве пераяжджалі ў новыя краіны неаднойчы. Адна зь іх пажыла ў Польшчы, потым на Балі і ўрэшце апынулася ў Бразыліі, другая — ва Ўкраіне, Грузіі, таксама на Балі, а цяпер жыве ў Гішпаніі.
«На Балі мы і пазнаёміліся, — расказвае Кацярына. — Тады мы абедзьве працавалі на іміграцыйным праекце і думалі, як клясна было б зрабіць прадукт для тых, хто імігруе не на ўсё жыцьцё, а проста пераяжджае з краіны ў краіну».
Пакуль у камандзе толькі чатыры чалавекі, бо праект толькі стартаваў.
«Мы прыцягваем пазаштатнага экспэрта ў краіне, якую дасьледуем, і ён піша разам з намі гайд, якія дакумэнты патрэбны, каб зрабіць усё самастойна. Дадаткова мы прыцягваем аднаго-двух іміграцыйных юрыстаў», — тлумачаць заснавальніцы праекту.
Кацярына кажа, што на сайце «ёсьць зручныя опцыі, куды карыстальнікі могуць загрузіць усе патрэбныя дакумэнты, там жа — чат і гайд, плюс ёсьць асобная старонка, дзе пазьней зьявіцца мапа — там будуць розныя кавярні, актыўнасьці, арэнда байкаў-машын-дамоў і іншае».
Форум