Дасьледчы цэнтар BEROC прэзэнтаваў чарговую штоквартальную справаздачу. Паводле супрацоўніка цэнтру Анатоля Харытончыка, базавым сцэнаром для беларускай эканомікі ў 2025 годзе зьяўляецца павольнае астываньне, то бок зьніжэньне тэмпаў росту ВУП і невялікі рост інфляцыі.
«Інфляцыйны ціск чакаецца падвышаным, і рост цэнаў можа паскорыцца прыкладна з 5,5–6% па выніках бягучага году да 6–8% у наступным годзе», — адзначыў ён.
Тэмпы росту ВУП у Беларусі могуць зьнізіцца з 4,3% сёлета да 1,5–2,5% у 2025 годзе, адзначыў дасьледчык. Зьнешні гандаль у наступным годзе будзе дэфіцытны ў памеры каля 0–2% ВУП.
«У цэлым камбінацыя перагрэву эканомікі, цэнавага кантролю, падпарадкаванай пазыцыі Нацбанку перад урадам сур’ёзна падвышае ўразьлівасьць эканомікі да моцных шокаў», — сказаў Харытончык.
«Калі ў Расеі адбудзецца значнае пагаршэньне, імавернасьць рэалізацыі сцэнару „жорсткай пасадкі“, гэта значыць моцнага спаду выпуску, спалучанага са стратай дабрабыту насельніцтва, даволі сур’ёзна ўзрасьце. Гэта значыць прыкладна сцэнар 2015–2016 гадоў», — адзначыў ён.
Падчас прэзэнтацыі Віялета Панасевіч прадставіла вынікі апытаньня гарадзкіх хатніх гаспадарак Беларусі. Апытаньне праводзілі 8–10 лістапада, у ім удзельнічаў 991 чалавек ва ўзросьце 18–64 гадоў.
Пра скарачэньне сваіх даходаў у трэцім квартале 2024 году паведамілі 26,2% апытаных, столькі ж іх было і ў другім квартале.
Сярод тых, хто адзначыў скарачэньне асабістых даходаў, асноўнай прычынай апытаныя называлі рост цэнаў. У першую пяцёрку прычынаў зьніжэньня даходаў, якія называлі рэспандэнты, увайшлі таксама зьмена курсу рубля да замежных валютаў, зьмяншэньне колькасьці замоваў, скарачэньне заробку і адмена прэмій.
Апытаньне паказала, што колькасьць гараджанаў, якія сталі выдаткоўваць грошай больш, зьменшылася да 44% (у папярэднім квартале было 50%), пра ранейшы ўзровень выдаткаў заявілі 42% (37%), 14% (12%) зьменшылі выдаткі.
«Дастаткова пазітыўнае» стаўленьне гарадзкіх жыхароў да эканамічнай сытуацыі экспэртка BEROC тлумачыць «перагрэвам у галіне спажывецкага попыту».
«Людзі ацэньваюць стан эканомікі і ў цэлым таго, што адбываецца, праз прызму свайго матэрыяльнага становішча», — сказала Панасевіч. Акрамя гэтага, паводле яе, рэспандэнтаў характарызуе аптымізм і ў ацэнцы будучыні: «Апытаныя думаюць, што сытуацыя або зафіксуецца на сёньняшнім узроўні, або крыху палепшыцца».
Часьцей за іншых пра зьніжэньне даходаў гаварылі жыхары невялікіх гарадоў Віцебскай вобласьці, прадпрымальнікі, людзі зь нізкімі даходамі і чытачы незалежных мэдыя, адзначаюць дасьледчыкі.
Індэкс спажывецкай упэўненасьці* падлічаны па мэтодыцы Расстату, склаў у Беларусі ў трэцім квартале 0% — гэта вышэй, чым у Расеі. Пры гэтым калі ў Расеі ён зьніжаецца,дык у Беларусі працягнуў рост. Індэкс спажывецкай упэўненасьці, падлічаны па мэтодыцы Эўрастату, склаў 0,4% і знаходзіцца ў станоўчай зоне. Ён вышэйшы, чым у большасьці краін Эўропы, за выключэньнем Літвы, і знаходзіцца на адным узроўні са Швэцыяй і Сэрбіяй.
*Індэкс спажывецкай упэўненасьці адлюстроўвае агульнае ўспрыманьне і чаканьні насельніцтва адносна эканомікі краіны і свайго фінансавага стану. У індэкс Эўрастату ўключаныя пытаньні пра цяперашняе і прагнознае (у будучыни) матэрыяльнае становішча сям’і, гатоўнастць рабіць буйныя пакупкі, а таксама пра эканамічнае разьвіцьцё краіны на працягу бліжэйшага году. У мэтадалёгію Расстата ўключаныя вышэйпералічаныя пытаньні плюс ацэнка эканамічнай сытуацыі ў краіне ў параўнаньні з годам таму.
Форум