Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
На сустрэчы бакі абмяняліся сьпісамі ваеннапалонных, таксама «адбылася рэпатрыяцыя целаў загінуўшых», паведаміў Лубінец у сваім Тэлеграм-канале.
«Выконваючы гуманітарную місію, Украіна ў чарговы раз дапамагла ўзьяднаньню сем’яў. Па выніках перамоваў, 91-гадовая жанчына сустрэлася са сваім сынам. Такім чынам мы паказваем, што ўз’яднаньне сем’яў — гэта самае галоўнае і спадзяемся, што наша камунікацыя ў гэтым пытаньні працягнецца», — паведаміў украінскі амбудсмэн.
Размова ідзе аб 91-гадовай жыхарцы ўкраінскай вёскі ў Чаркаскай вобласьці. Яе сын жыве ў Расеі, ён прасіў перавесьці да яго маці, каб ён мог даглядаць яе. Гэта было зроблена, яе перавезьлі з Ўкраіны ў Беларусь, а потым у Расею.
Таксама, паводле яго слоў, падчас сустрэчы ў Беларусі амбудсмэны Ўкраіны і РФ «абмяняліся лістамі» да палонных. «Пачалі новы фармат: перадалі лісты ад украінскіх сваякоў да ўкраінскіх ваеннапалонных у РФ», — удакладніў Лубінец.
На сустрэчы ён заклікаў Маскву забясьпечыць доступ МКЧК да ўкраінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі РФ.
«Падкрэсьлю, што ўзаемадзеяньне з расейскім упаўнаважаным у правах чалавека праводжу для вырашэньня гуманітарных пытаньняў, вяртаньня дадому ўкраінцаў, атрыманьня інфармацыі аб нашых грамадзянах у РФ», — заявіў Лубінец.
Аб знаходжаньні ў Беларусі 95 расейскіх вайскоўцаў, вызваленых з украінскага палону ў выніку абмену на такую ж колькасьць салдат УСУ, паведаміла 18 кастрычніка Міністэрства абароны РФ. Пазьней стала вядома аб вяртаньні расейцаў на радзіму.
Раней расейскія ваеннапалонныя неаднаразова вярталіся праз Беларусь.
Форум