Распрацоўнік рашэньняў для карпаратыўнай кібэрбясьпекі, ізраільская кампанія Check Point Software Technologies ліквідуе сваю беларускую кампанію, офіс якой працаваў у Беларусі з 2004 году, заўважыла выданьне Offfice Life.
Інфармацыя аб ліквідацыі юрыдычнай асобы ёсьць на сайце часопіса «Юстыцыя Беларусі» і ў Адзіным дзяржаўным рэестры.
Ізраільскую кампанію ў 1993 годзе заснаваў інжынэр Гіл Швэд. У тым жа годзе ён запатэнтаваў тэхналёгію, з дапамогай якой стварылі першую вэрсію FireWall-1, а крыху пазьней адзін зь першых у сьвеце VPN. У лютым 1996 году кампанія займала 40% сусьветнага рынку міжсеткавых экранаў (брандмаўэраў).
У 2004 годзе Check Point Software Technologies пачала адчыняць рэгіянальныя офісы распрацоўкі і кібэрбясьпекі, у тым ліку і ў Менску.
ЗТАА «Check Point Software Technologies Belarus» зарэгістраваў 23 сьнежня 2004 году Менскі гарвыканкамам. У кастрычніку 2019 году кампанія стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў.
Выручка Check Point Software Technologies за III квартал 2024 году склала 635 мільёнаў даляраў, а колькасьць яе кліентаў перавышае 100 тысячаў кампаніяў па ўсім сьвеце.
У канцы кастрычніка ўладальнік кампаніі вырашыў ліквідаваць беларускі офіс. На сайце ПВТ сказана, што ў менскім офісе кампаніі працавалі 45 супрацоўнікаў. Пры гэтым інфармацыя пра менскі офіс кампаніі ўсё яшчэ ёсьць на яе сайце.
Форум